Вы тут

У Мінску праходзіць міжнародны форум «Годнае даўгалецце»


У гэтыя дні ў Мінску праходзіць міжнародны форум «Годнае даўгалецце», прымеркаваны да Міжнароднага дня пажылога чалавека. Удзел у ім бяруць прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх, камерцыйных і акадэмічных арганізацый, эксперты ў галіне старэння насельніцтва, актыўныя пажылыя людзі — з Беларусі, Германіі, Аўстрыі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Украіны.


«Цяпер чалавецтва пераходзіць ад мадэлі з высокім узроўнем нараджальнасці і высокім узроўнем смяротнасці да мадэлі з нізкім узроўнем нараджальнасці і смяротнасці. Гэта сведчанне трыумфу аховы здароўя і палітыкі», — заявіў на адкрыцці форуму Краінавы дырэктар ЮНФПА па Беларусі Хайме Надаль. І сапраўды, сучаснае развіццё Беларусі (і не толькі, гэта датычыцца ўсіх развітых краін) характарызуецца доўгатэрміновым і прагрэсуючым працэсам старэння насельніцтва. Цяпер кожны пяты жыхар нашай краіны з'яўляецца пажылым чалавекам. Згодна з дэмаграфічным прагнозам, у 2030 годзе пажылым будзе ўжо кожны чацвёрты беларус.

— Грамадства змяняецца — і змяняюцца нашы падыходы да вырашэння шматлікіх праблем, у тым ліку сацыяльных, — адзначае намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Аляксандр Румак. — Тэндэнцыю старэння насельніцтва неабходна ўлічваць пры прыняцці рашэнняў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства і на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання. Таму была распрацавана Нацыянальная стратэгія Рэспублікі Беларусь «Годнае даўгалецце — 2030». Для завяршэння работы над гэтым дакументам нам неабходна зверыцца з міжнароднымі рэкамендацыямі. Цяпер нам аказвае экспертную падтрымку рабочая група па старэнні Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН.

Варта адзначыць, што Нацыянальная стратэгія накіравана на ўсё насельніцтва нашай краіны, а не толькі на пажылых людзей, бо жыццёвы багаж, з якім мы ўваходзім у пажылы ўзрост, фарміруецца на працягу ўсяго нашага жыцця. А яе палажэнні павінны будуць улічвацца пры распрацоўцы праектаў дзяржаўных праграм на наступную пяцігодку.

Акрамя праекта Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Годнае даўгалецце — 2030», на форуме плануецца таксама абмеркаваць канцэпцыю дарожнай карты па забеспячэнні ўсебаковага ўліку праблем старэння ў Беларусі і ключавыя тэмы, якія датычацца жыцця пажылых людзей. Таксама адной з мэт форуму з'яўляецца вызначэнне прыярытэтаў сумеснай дзейнасці па стварэнні грамадства, у якім людзі жывуць і старэюць годна.

Арганізатары форуму — беларуская кааліцыя няўрадавых арганізацый «За годнае даўгалецце» і Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Узаемаразуменне».

Кааліцыя «За годнае даўгалецце» была створана ў лістападзе 2018 года. Яе ўдзельнікі — прадстаўнікі васьмі некамерцыйных арганізацый, трох універсітэтаў залатога ўзросту, а таксама шэраг экспертаў, якія займаюцца рознымі кірункамі работы па паляпшэнні якасці жыцця пажылых людзей і забеспячэнні роўных магчымасцяў для людзей усіх узростаў.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Жыць і старэць годна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?