Вы тут

У аграгарадку Антопаль паўвека працуе сямейная пара дактароў


Маладыя і прыгожыя, з дыпломамі Мінскага медыцынскага інстытута, яны прыехалі ў Антопаль па размеркаванні ў 1969 годзе. У рабоце, у сямейных клопатах праляцелі 70-я, потым адносна спакойныя 80-я, за імі пераменлівыя 90-я, і вось ужо амаль 20 гадоў новага стагоддзя. А Вера Міхайлаўна і Віктар Уладзіміравіч ЕНІЧЫ працуюць на тым жа месцы, і маюць па адным запісе ў працоўнай кніжцы. Ён — стаматолаг-артапед, яна — акушэр-гінеколаг. Нядаўна іх урачыста ўшанавалі на раённым мерапрыемстве. Старшыня Драгічынскага райсавета дэпутатаў Святлана БАРТАШ уручыла ганаровыя граматы, былі кветкі і добрыя словы, віншаванні калег з юбілеем працоўнай дзейнасці.


Падчас уручэння ўзнагарод. Фота Івана Лявончыка.

Алігархі да нас не едуць

Гэта ж не смешачкі, сто гадоў працоўнага стажу на дваіх! І якія тут сакрэты працоўнага даўгалецця — яны абое ўвесь час у рабоце. Нават пагутарыць давялося з кожным паасобку на рабочым месцы ў перапынках паміж пацыентамі. Бо аддзяленні, у якіх яны працуюць, знаходзяцца ў розных будынках на прыстойнай адлегласці.

Першае, што давялося пачуць у сельвыканкаме, калі зайшла адзначыць камандзіроўку: «Мы не ўяўляем сабе, дзе будзем лячыцца, калі Віктар Уладзіміравіч сыдзе на пенсію. Да яго ж з усёй акругі едуць». Ну і праўда. У калідоры стаматалагічнага аддзялення сядзела немалая чарга пацыентаў. Мясцовых, антопальскіх, была жменька, астатнія з Бярозаўскага, Кобрынскага раёнаў, а таксама з названых райцэнтраў. Здавалася б, немалыя гарады Бяроза і Кобрын, там усе паслугі артапедычнай стаматалогіі аказваюць на месцы. Але ж людзі едуць. Аўтару гэтых радкоў пенсіянер з вёскі Маравіль Бярозаўскага раёна Міхаіл Макарэвіч сказаў так: «Шмат гадоў езджу да гэтага доктара, бо ён робіць якасна па ўмеранай цане».

— Алігархі да нас не едуць — смяецца Віктар Уладзіміравіч. — Вось такія пацыенты найбольш, як Міхаіл Пятровіч, вясковыя, у гадах. У нас нават сезоннасць наплыву праглядваецца ў залежнасці ад ходу сельгасработ. Як бульбу выкапалі, то актыўнасць шматкроць узрастае, запіс на некалькі тыдняў наперад, а ў самы пік сяўбы і ўборкі наведвальнікаў у калідорах прыкметна менее.

А яшчэ таму, відаць, любяць пацыенты свайго доктара, што камунікуе з імі весела, з гумарам, чалавек выходзіць ад доктара з яўна прыўзнятым настроем. Некалі пры першым візіце памянёнага Міхаіла Макарэвіча ўрач паставіў яго ў тупік пытаннем: «Што я табе павінен?» Міхаіл Пятровіч аж разгубіўся, бо падсвядома сам рыхтаваўся задаць падобнае пытанне ў канцы, таму сказаў: «Нічога».

Віктар Уладзіміравіч таксама згадаў той выпадак і патлумачыў, што яму трэба ведаць, якія зубы хоча мець пацыент пасля курса лячэння. Дадам, што ўсіх мужчын ён жартоўна называе дзядзькамі, а жанчын — дзевачкамі. Напрыклад: «Прыйшоў дзядзька, кажа: «У мяне палюбоўніцы няма, зрабі, каб было можна нармальна есці». А прыйшла дзевачка, гаворыць: «Я хоць і на пенсіі, але мне важна, каб было прыгожа». Патрэбы чалавека абумоўліваюць выбар матэрыялу і аб'ём работы».

— А калі сур'ёзна, — працягвае доктар — то ў савецкія часы 1 рубель 70 капеек каштавала металічная каронка, 2 рублі 50 капеек была цана на пратэзаванне зуба. І нават санітарка, прыбіральшчыца, то-бок чалавек з мінімальнай зарплатай у 70 рублёў, мог сабе дазволіць прыстойныя зубы. А цяпер, вы ж ведаеце, усё памянялася. Дык вось наша гаспадарчаразліковае падраздзяленне пры дзяржаўнай медыцынскай установе існуе для таго, каб гэтым людзям артапедычная стаматалогія была даступная. Бачыце, савецкі белы халат нашу, савецкія падыходы маю, позна мне мяняцца.

Збіралі ўсёй акругай

Але насамрэч Віктар Еніч вельмі нават сучасны чалавек і ў пачатку 90-х гадоў паказаў сябе здольным менеджарам, таленавітым арганізатарам, калі паўстала пытанне захаваць гэты кабінет у Антопалі, дакладней, выратаваць яго. Вось яго расповед за значнымі скарачэннямі пра той час:

«У 80-х гадах сфарміраваўся калектыў, прыйшлі на работу зубныя тэхнікі. Тады грошай было дастаткова — абсталяванне купіць было праблемай. А потым насталі 90-я, з'явілася абсталяванне ў розных камерцыйных структурах, але ўзнікла новае пытанне: дзе ўзяць грошы? Добра памятаю 1992 год. Рубля савецкага няма, першыя «зайцы і вавёркі», за іх за межамі краіны нічога не купіш, ды і тых бракуе.

Я прыкінуў, што грошы ўсё ж трэба знайсці, бо калі не будзе на чым працаваць, то кабінет закрыецца аўтаматычна. І пайшоў, як той казаў, з шапкай па сваіх пацыентах. Адгукнуліся старшыні калгасаў, банкіры, якія раней лячыліся ў нас. Крыху пазней падобнае спонсарства забаранілі. А тады я сумеў скарыстацца. Мы заключалі дагавор з прадпрыемствам альбо арганізацыяй, што кабінет абавязуецца прымаць работнікаў установы ў першую чаргу, а за гэта яны выдзяляюць пэўную суму грошай. Калгасы давалі па 20—25 мільёнаў першых беларускіх рублёў, банкі па 70 мільёнаў, адно кобрынскае прадпрыемства выдзеліла 90 мільёнаў. Так паступова мы сабралі патрэбную для закупкі абсталявання суму.

А потым перада мной кампетэнтныя людзі паставілі такое пытанне: «Ты атрымаў дзяржаўныя грошы. А ў цябе ёсць спецыялісты, якія будуць працаваць на новым абсталяванні?» Гаворка ішла аб вырабе металакерамікі. Пры Саюзе асноўнымі цэнтрамі падрыхтоўкі спецыялістаў па металакераміцы былі Масква, Харкаў, Ленінград, Іркуцк. Гэтыя гарады з вядомых прычын не маглі разглядацца як адрасы нашай падрыхтоўкі, бо грошай, сабраных на абсталяванне, хапіла б хіба на курсы. Даведаўся, што ў маёй роднай альма-матар сталі чытаць лекцыі па металакераміцы студэнтам пятага курса. Але ж як трапіць на тыя лекцыі мне ды яшчэ зубному тэхніку, не ўяўляў. У міністэрстве ад мяне адмахваліся, нібы ад надакучлівай мухі.

Першыя платныя курсы

Скончылася тым, што ў парадку выключэння пры кафедры артапедычнай стаматалогіі медінстытута стварылі гаспадарчаразліковыя курсы. І я з зубным тэхнікам сталі першымі слухачамі тых курсаў. З мяне садралі два з паловай мільёны за трохтыднёвы курс навучання. Для параўнання, за паўгода да гэтага «Жыгулі» каштавалі прыкладна 800 тысяч, і якая б ні была інфляцыя, гэта былі, згадзіцеся, немалыя грошы. Я не мог іх нідзе знайсці. Такім чынам над вынікамі ўсёй аграмаднай работы па зборы сродкаў на абсталяванне навісала пагроза. У раённым і абласным упраўленнях аховы здароўя адмовіліся аплаціць вучобу, бо самі былі на картатэках.

І вось аднойчы, седзячы дома вечарам у стане блізкім да роспачы, вырашыў пазваніць старшыні райвыканкама, якога раней і не ведаў асабіста. У тую пару Драгічынскі райвыканкам узначальваў Антон Сцяпанавіч Стэльмах. Ён выслухаў і стаў сварыцца: «Чаму я да гэтай пары не ведаю пра ўвесь гэты твой праект!? — і далей — Куды грошы пералічваць? Заўтра табе прывязуць копію плацежнага дакумента і хутчэй едзь на курсы! Людзі павінны атрымліваць стаматалагічную дапамогу». Вось так мы падвучыліся, потым купілі абсталяванне. Печ ліцейную набылі на Падольскім ваенным заводзе. На ёй працуем і зараз, некалькі разоў даводзілася яе рамантаваць. Знайсці спецыялістаў для рамонту вылівалася ў цэлую эпапею. Але ж калі захацець, можна адшукаць добрых майстроў і ў нас.

Так і працуем з нашымі зубнымі тэхнікамі Ірынай Ігнацюк, Святланай Данілавай, Таццянай Мароз. Вядома, прыбытку асаблівага наш кабінет не дае, у эканоміцы свайго гаспадарчаразліковага падраздзялення прыблізна выходзім на нуль. Я нават дакладна не магу сказаць, акупілася гэта абсталяванне за столькі гадоў ці не. Ніхто не лічыў. Тады аддалі 206 мільёнаў тых «зайцоў і вавёрак». Ёсць сэнс гаварыць аб сацыяльнай накіраванасці артапедычнай стаматалогіі ў Антопалі. Як я ўжо казаў, алігархі да нас не ходзяць...

Але ж вось гэтых «не алігархаў» на прыёме бывае столькі, што калі мы са старшынёй сельскага Савета заехалі ў пяць вечара дадому да Енічаў у спадзяванні зрабіць іх сямейны здымак, Віктара Уладзіміравіча яшчэ не было дома, хоць працоўны дзень яго даўно скончыўся. Дома была толькі гаспадыня.

Вера Міхайлаўна

Яна, ураджэнка горада Таропец цяперашняй Цвярской вобласці, прыехала некалі ў Мінск вучыцца. На чацвёртым курсе пазнаёміліся з Віктарам, стварылі сям'ю. Дачка нарадзілася ў іх яшчэ падчас вучобы. Тады размеркаванне было саюзным, і калі ім прапанавалі пасялковую бальніцу ў Антопалі, побач з Драгічынам, малой радзімай Віктара Уладзіміравіча, то яны без асаблівага роздуму згадзіліся. Прыехалі, 1 жніўня 1969 года прыступілі да работы. Тут сям'і выдзелілі дом. Пазней яны яго добраўпарадкавалі і выкупілі ва ўласнасць. Так і працуюць усе 50 гадоў.

— Былі прапановы ў розны час пераязджаць — згадвае Вера Міхайлаўна. — Аднойчы на курсах мужу давалі работу ў Мінску, ну і я, вядома, не засталася б у сталіцы без работы. Але кожны раз пры такіх прапановах узнікалі розныя абставіны. То дзецям заставалася трошкі, каб школу скончыць, то трэба было іх вучыць, то з унукамі дапамагаць, куды ж без жылля зрывацца з месца? А потым ужо прывыклі, за столькі гадоў усё стала сваім. Дзеці жывуць недалёка, дачка — у Брэсце, сын — у Кобрыне.

Дзеці Енічаў выбралі іншыя спецыяльнасці, а вось унучкі прадоўжылі медыцынскую дынастыю, адна ўжо скончыла медуніверсітэт і працуе, другая вучыцца на старэйшых курсах.

Ды і ўсе людзі іх ведаюць, яны ўсіх у акрузе — таксама. Пачынала Вера Міхайлаўна ўрачом радзільнага дома пры Антопальскай бальніцы, якая мела статус другой раённай. Цяперашнія жыхары населенага пункта і ваколіцы, маладзейшыя за 50, ледзь не ўсе прайшлі праз яе рукі. Потым дапамагала з'явіцца на свет і дзецям тых, каго прымала ў першыя гады работы. Цяпер Вера Еніч працуе як участковы гінеколаг, у яе назіраюцца жанчыны не толькі з Антопаля, але навакольных вёсак і нават суседніх сельсаветаў.

Некалі, згадвае Вера Міхайлаўна, прыехала ў Мінск, мовы беларускай не разумела: «Хлопец аднойчы прапускае наперад у чытальнай зале са словамі «калі ласка», а я здзіўлена абарочваюся, не ведаю, што ён кажа. А цяпер добра разумею і беларускую мову, і мясцовую палескую гаворку. На жаль, сама гаварыць як след па-беларуску не навучылася. Затое муж і па-беларуску, і па-мясцоваму добра гаворыць».

Сям'я

Калі галава іхняй сям'і аддае перавагу актыўнаму адпачынку, захапляецца паляваннем, рыбалкай, з задавальненнем даглядае кветнік і агарод, то яна — класічная захавальніца дамашняга ачага — больш шчыруе па хатняй гаспадарцы. А вось падчас водпуску абавязкова стараюцца недзе выязджаць. Раней часцей выбіраліся на мора, на курорты. Цяпер плануюць паездкі крыху бліжэйшыя. Амаль штогод стараюцца пабываць у яе родным Таропцы. Гарадок параўнальны з Драгічынам па насельніцтву, але славуты сваімі цэрквамі і помнікамі даўніны. «На кожнае свята была свая царква, — расказвае Вера Міхайлаўна. — Прыгожы горад, хоць і невялікі. Там цяпер нас чакаюць адны магілы. Заязджаем, звычайна спыняемся ў былых суседзяў, даглядаем магілы, ды і назад. Мама ў мяне апошнія гады жыла ў Антопалі, але папрасіла пахаваць на радзіме, побач з бацькам. Вядома, мы просьбу выканалі. Ну а мы ўжо — тутэйшыя. Нікуды з'язджаць не збіраемся. Пакуль сябе даглядаем, грошы для сябе зарабляем, унукам дапамагчы можам сабе дазволіць... Вядома, узнікаюць думкі, што можна было б і завяршаць працоўную дзейнасць, але ж прывыклі ўжо, відаць, сумна будзе, некамфортна. На год кантракт мне падпісалі, а там будзе відаць».

Так і жывуць сельскія ўрачы Енічы, чый працоўны стаж у суме складае сто гадоў на адным месцы. І калі Віктар Уладзіміравіч увасабляе сабой хуткасць, імклівасць, рух, то Вера Міхайлаўна — спакой, памяркоўнасць, развагу і тым самым, пэўна, ураўнаважвае энергічнасць мужа, што так патрэбна для сямейнай гармоніі.

Святлана ЯСКЕВІЧ,  Драгічынскі раён

Загаловак у газеце: Сто гадоў на дваіх

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?