Вы тут

У Старых Дарогах прайшоў фестываль бегу «Языльская дзясятка»


У мінулыя выхадныя горад Старыя Дарогі ператварыўся ў вялікую лёгкаатлетычную пляцоўку. Тут прайшоў чарговы Нацыянальны фестываль бегу «Языльская дзясятка», які сабраў больш за дзве тысячы спартсменаў з усіх куткоў Беларусі.


— Фестываль сёлета адзначыў 32-і дзень нараджэння — гэта салідны ўзрост. І ў той жа час ён малады. А ўсё таму, што ў ім прымае ўдзел шмат моладзі. Мы заўсёды рады вітаць на бегавых дарожках маладых людзей, якія робяць першыя крокі ў лёгкай атлетыцы, і людзей паважанага ўзросту, якім за 70 гадоў, але яны не развітваюцца са спортам, — сказаў ініцыятар і галоўны суддзя «Языльскай дзясяткі» Мікалай Грузд.

Сёлета для лёгкаатлетаў пашырылі фармат спаборніцтваў: да традыцыйных забегаў і дыстанцый дадалі яшчэ два цікавыя этапы для школьнікаў. Першы — гэта «Дынамічная эстафета», у якой удзельнічалі лёгкаатлеты ўстаноў агульнай і сярэдняй адукацыі і спецыялізаваных вучэбна-спартыўных школ ад 10 да 17 гадоў. Яна прайшла па трасе, дыстанцыя якой склала 3600 метраў. Кожны з васьмі этапаў пераадольвалі хлопчык і дзяўчынка ў чатырох узроставых катэгорыях. Пачалі яе юныя бегуны 14-15 гадоў, кожны з іх прабег па 200 метраў. Затым яны перадалі эстафету 12-13 гадовым спартсменам, у якіх дыстанцыя была 400 метраў. Затым працягнулі падлеткі 14-15 гадоў, іх адрэзак склаў 500 метраў. Завяршылі эстафету юнакі і дзяўчаты 16-17 гадоў, якім заставалася прабегчы па 600 метраў.

Другі этап — гэта «Спорт забег», які стартаваў адначасова з «Языльскай дзясяткай». Тут арганізатары фестывалю далі магчымасць праявіць сябе спартсменам ад 12 да 17 гадоў, якія прафесійна займаюцца бегам (навучэнцы аддзяленняў лёгкай атлетыкі спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў), але з прычыны свайго ўзросту не могуць удзельнічаць у дзесяцікіламетровым забегу. Іх дыстанцыя — 2500 метраў. Яны беглі побач са славутымі беларускімі лёгкаатлетамі, што стала добрым стымулам да перамогі.

І яшчэ адна асаблівасць фестывалю. Сёлета аб'ядналі школьны і дарослы «Карпаратыўны забег». Гэта спаборніцтвы сярод камандаў устаноў адукацыі, прадпрыемстваў, арганізацый, якія не спецыялізуюцца па лёгкай атлетыцы.

Упершыню «Языльская дзясятка» была праведзена 6 лістапада 1988 года ў вёсцы Языль Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. Там сабраліся 87 бегуноў. Звычайны лёгкаатлетычны прабег, прысвечаны Дню работнікаў сельскай гаспадаркі, паступова перарос у адно з самых масавых мерапрыемстваў краіны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Усе на старт!

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у Нацыянальным мастацкім музеі

Што паглядзець у Нацыянальным мастацкім музеі

Вiдавочна, што пакуль былi зачыненыя музеi, гледачы засумавалi па «жывой» сустрэчы з карцiнамi.

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.