Вы тут

Пунсовы вераснёўскі скарб


Журавінавы сезон у разгары. Жыхарка вёскі Язна Мёрскага раёна Валянціна Козырава (на фота) не ўпускае ніводнага дзянёчка, каб не пабыць на бліжэйшым балотным масіве Жады і не набраць журавін. Работа па збіранні ягад нялёгкая, дарога доўгая і небяспечная, але жанчына любіць і гэтую работу, і само балота.


— Шаснаццаць гадоў хаджу на Жады, для гэтага бяру адпачынак. Журавіны даюць мне дадатковы заробак, — кажа Валянціна напрыканцы свайго чарговага рабочага дня на балоце.

Такіх працавітых і руплівых, як Валянціна Козырава, на Жадах цяпер шмат. Як бы яно ні было, усе радуюцца багатаму ягаднаму ўраджаю і за лічаныя гадзіны запаўняюць свае заплечнікі і мяшкі пад самую завязку, быццам сапраўдныя прафесіяналы. І яшчэ дзякуюць. Вось і Валянціна, выходзячы з балота з цяжкай ношай, не забывае паўтараць: «Дзякуй Богу! Дзякуй надвор'ю!» Дзякуй балоту!»

Суседняе з Ельняй балота Жады сёлета стала сапраўднай Меккай для збіральнікаў журавін — такога небывалага ўраджаю ягад не прыпомняць нават старэйшыя мясцовыя жыхары. Сапраўды, спелыя, налітыя сокам буйныя журавіны чырвонымі каралямі ўслалі балотны мох. Яны просяцца ў жменю, у рот, у вядро. Пра журавінавы скарб гавораць і бывалыя ягаднікі. Тыя, хто раней хадзіў на Ельню — а там цяпер неўраджай, гэтым разам прабіраюцца топкімі сцяжынамі жадаўскага балота да запаведнага ягаднага раю. А да яго — пяць-шэсць кіламетраў. Тым, хто жыве ў вёсках Басянкі, Балаі, Немірова, Кабякі — вёскі знаходзяцца на краі балота, лягчэй. Іншым прыходзіцца ехаць за дзясяткі кіламетраў — жыхарам Мёр, Глыбокага, Полацка. Лепель, наогул, знаходзіцца за сто з гакам кіламетраў ад балота. І адтуль таксама едуць, каб зарабіць добрую капейку. Нават сямідзесяцігадовая Галіна Жук з Мёр, якую я сустрэў на балоце, паўтары гадзіны ішла па зыбкай, па калена ў вадзе, дарозе, каб выканаць свой штодзённы план нарыхтоўкі. Па гэтай жа дарозе з дваццаццю кілаграмамі за плячыма яна будзе вяртацца на працягу трох гадзін. І так кожны лагодны восеньскі дзянёк на працягу сезона, пакуль не выпадзе снег! Цікава, што і яна, і іншыя жанчыны (яны асноўныя збіральшчыкі) кажуць: «Не лянуйся, збірай — журавін хопіць усім!»

 

 

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

Мёрскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».