Вы тут

«Патэнцыйна беларускія фільмы добрыя ўжо таму, што яны беларускія»


Вялікая справа. Два прафесійныя польскія сцэнарысты і рэжысёры са знакамітай Школы Вайды прыехалі ў Мінск, каб у адмысловай міжнароднай лабараторыі Сіnеmа Lаb разам з беларускімі фільммейкерамі разабраць іх свежыя кінапраекты. Работа працягвалася чатыры дні: Дэніял Хазановіч і Філіп Марчэўскі, кожны з вялікім досведам удзелу ў міжнародных кінафестывалях, прааналізавалі восем адабраных да ўдзелу сцэнарыяў беларускіх аўтараў і далі парады, як іх рэалізаваць. Сярод удзельнікаў — небезвядомыя ў нашай сферы кіно Андрэй Палупанаў, Дар'я Юркевіч, Сяргей Каласоўскі, Улада Сянькова, Андрэй Кашперскі, Нэла Васілеўская і іншыя. Такога кшталту адукацыя — неабходны, але рэдкі элемент беларускага кінапрацэсу. Адпаведна і цікавасць да лабараторыі з боку фільммейкераў аказалася высокай, пра што сведчыць больш за дваццаць заявак на ўдзел. Праект Сіnеmа Lаb арганізаваны Майстэрняй сацыяльнага кіно пры падтрымцы ЮНЕСКА. Па выніках лабараторыі ўдзельнікі змогуць зняць сцэну свайго будучага фільма, што дапаможа прасоўваць праекты на міжнародных пляцоўках і шукаць фінансаванне на пітчынгах. Мы ж распыталі Дэніяла Хазановіча і Філіпа Марчэўскага пра работу Сіnеmа Lаb, польскае кіно і напісанне сцэнарыяў.


Фота Андрэя КАЛЕСНІКАВА.

— Вы прааналізавалі некалькі беларускіх кінапраектаў. Як яны вам здаліся?

Ф.: Мы пабачылі спектр разнастайных ідэй і густаў, бо праекты вельмі розныя — адны больш сур'ёзныя, другія больш камедыйныя.

Д.: Я сказаў бы, цікавымі і перспектыўнымі. Для нас было займальна даведацца, якія тэмы і праблемы натхняюць тутэйшых фільммейкераў, бо мы, прынамсі я, незнаёмыя з беларускім кіно. З пункту гледжання ўспрымання аўтарамі жыцця, рэальнасці і праблем, з якімі яны сутыкаюцца ў паўсядзённасці, для мяне работа ў лабараторыі стала адкрыццём новага акна. Удзельнікі праекта — маладыя, апантаныя і добра дасведчаныя ў мове кіно, што дапамагае нам, цьютарам, рабіць сваімі парадамі ўнёсак у іх праекты.

— Існуе меркаванне, што можна прадбачыць, якія фільмы верагодней за ўсё будуць прынятыя міжнароднымі кінафестывалямі і атрымаюць на іх поспех. Калі праекты ўдзельнікаў лабараторыі будуць рэалізаваны, ці маюць яны шансы быць абранымі ў праграмы міжнародных кінафестываляў?

Д.: Так, безумоўна.

Ф.: Некалькі праектаў маглі б вельмі зацікавіць міжнародныя кінафестывалі. Бо што нас прыцягвае? Тое, што мы не ведаем дастаткова добра, а пра жыццё ў Беларусі мы ведаем няшмат. З другога боку, ёсць універсальныя тэмы: у праектах, якія мы разбіралі, яны акружаныя рэчаіснасцю і паўсядзённым жыццём краіны, а гэта добрая сумесь. Напрыклад, мы разглядалі праект кароткаметражнага фільма пра адносіны дзяўчыны і яе бацькі: як яны камунікуюць, што паміж імі адбываецца, наколькі ён прыдатны да ролі таты і гэтак далей, дык вось для гэтага фільма знайсці гледача можна дзе заўгодна. Памятаю, падчас інтэрв'ю амерыканскаму выданню наконт адной маёй кароткаметражнай карціны, што была заснаваная, як мне здавалася, на вельмі польскім матэрыяле, я зразумеў, што тая ж гісторыя магла здарыцца ў Нью-Ёрку, і ў рэшце рэшт атрымаў аднолькавыя каментарыі з Японіі і, скажам, Бразіліі. Абсалютна розныя культуры могуць зразумець пачуцці маладога хлопца, як у выпадку з маім фільмам, альбо маладой дзяўчыны, як у выпадку са згаданым сцэнарыем. На варкшопе мы маглі ўбачыць захапленне фільммейкераў і адчулі, што гісторыі, якія яны прадстаўляюць, важныя для іх, а калі тэма важная для сцэнарыста альбо рэжысёра, фільм, у адрозненне ад тых, дзе прысутнічае модная тэма, але адсутнічае заўзятасць, можа стаць такім і для гледача.

— Значыць, фільмы з Беларусі могуць прывабіць у першую чаргу таму, што мала хто ведае, што тут адбываецца?

Ф.: Не, канешне, не толькі па гэтай прычыне. У многіх краінах, маёй таксама, людзі думаюць, што іх паўсядзённае жыццё нецікавае іншым, таму спрабуюць капіраваць галівудскія фільмы. Копія — заўсёды копія, калі мы паказваем людзей, якіх насамрэч не ведаем, мы не можам быць пэўныя ў тым, як яны павінны адчуваць сябе, рэагаваць і гэтак далей. А калі ты здымаеш кіно з твайго асабістага пункту гледжання і маеш справу са светам, людзьмі і эмоцыямі, якія добра ведаеш, то можаш зрабіць свой фільм прывабным для іншых. Для сцэнарыстаў і рэжысёраў вельмі важна ўсведамляць, што паўсядзённае жыццё можа быць цікавае, нават калі табе яно падаецца руцінай.

Д.: Я згодны, што беларускія фільмы цікавыя ў першую чаргу тым, што яны беларускія. Ніхто не захоча глядзець беларускае кіно, зробленае як японскае, — у гэтым няма сэнсу. Мы хочам даведацца пра культуру, грамадства ды людзей і знайсці розніцу паміж імі і намі. Таму сапраўды, патэнцыйна яны добрыя ўжо толькі таму, што беларускія.

Ф.: Гэта прыблізна тое ж самае, што адбылося з польскім кіно, якое сёння з'яўляецца даволі паспяховым, прычым паспяховымі становяцца фільмы, дзе ёсць універсальныя рэчы, але якія гавораць пра Польшчу, у гэтым ёсць нейкая праўда. На нашай лабараторыі мы таксама бачым, што аўтары спрабуюць знайсці тое, што будзе цікава для іх, а значыць, і для іншых.

— Калі вы маеце гатовы сцэнарый у Польшы, якія магчымасці ў вас ёсць, каб запусціць яго ў работу?

Д.: У нас ёсць Польскі кінафонд РІSF, куды мы можам падаць заяўку на фінансаванне. Таксама можна падавацца на дзяржаўнае тэлебачанне і прыватныя тэлеканалы, апроч гэтага, шукаць грошы за мяжой, што з'яўляецца тыповай опцыяй, каб дапоўніць бюджэт. У Польшчы ёсць і рэгіянальныя кінафонды.

Ф.: Вядома ж, ёсць багатыя фонды і тыя, што не маюць дастаткова грошай, але, тым не менш, калі ты здымаеш у пэўным рэгіёне, рэгіянальны кінафонд можа вельмі дапамагчы зрабіць тваю задуму рэальнай.

Д.: Фонды працуюць не толькі з поўнаметражнымі ігравымі фільмамі, але таксама з дакументальнымі і кароткаметражнымі. У цэлым сітуацыя на сённяшні дзень добрая, дзякуючы гэтым інстытуцыям мы маем вялікую аддачу, бо да таго, як яны былі заснаваныя, польскае кіно знаходзілася ў складаным становішчы, здымалася невялікая колькасць фільмаў, ды і яны не мелі поспеху. Разам з гэтымі інстытуцыямі была створана цэлая сістэма фінансавання і прамоцыі, і ўжо праз два-тры гады прагрэс быў заўважны.

Ф.: Усё змянілася вельмі хутка, і публіцы гэта бачна. Калі раней у Польшчы здымалася сем фільмаў у год, то цяпер шэсцьдзясят. Вядома ж, сярод іх ёсць як добрыя, так і дрэнныя карціны, але ў кінаіндустрыі не бывае, каб кожны праект быў паспяховы, гэта ж не вырабы са шкла.

Д.: Для кінапрацэсу таксама важна, каб крок за крокам развіваліся адукацыйныя магчымасці для маладых сцэнарыстаў, рэжысёраў, мантажораў і гэтак далей. У Польшчы мы маем усё больш і больш варкшопаў, прыкладаў супрацоўніцтва паміж кінашколамі і фондамі, бо ўся сістэма кіруецца задачай зрабіць прафесійны ўзровень кінаспецыялістаў вышэйшым. Думаю, такія лабараторыі, як гэтая, неабходны беларускаму кіно, яе арганізатары робяць сапраўды важную справу. Мы пачалі такога кшталту рэчы прыблізна сямнаццаць гадоў таму, і ўнёсак у якасць кіно аказаўся вялізны.

Ф.: Нам, сцэнарыстам і рэжысёрам, патрэбен нехта, густу і ведам каго мы давяраем, каб з ім пагаварыць. Я памятаю, як два гады таму пераможца Фестывалю польскага ігравога кіно ў Гдыні атрымаў узнагароду і паехаў вучыцца ў Школу Вайды, каб працаваць над сваім наступным фільмам. У нашай школе можна сканцэнтравацца на праекце і за год навучання прыйсці ад ідэі да сцэнарыя — думаю, гэта карысна для аўтараў.

Д.: Важна, што, маючы сучасныя тэхналогіі, ты ўжо не павінен мець дарагую тэхніку, каб удзельнічаць у варкшопах, а варкшоп — гэта сэрца кінаадукацыі, таму што пісаць сцэнарый і здымаць фільм ты вучышся не па кніжках — яны не дапамогуць, — а толькі праз практыку. З удзельнікамі лабараторыі мы аналізавалі іх праекты, вызначалі аўдыторыю, разбіралі моцныя бакі і як могуць быць палепшаны слабыя — такі кшталт навучання недарагі, але з'яўляецца надзённым хлебам для якаснага кіно.

Ф.: Для любой пабудовы надзвычай важнай часткай з'яўляецца фундамент — ён нябачны і, можа быць, не вельмі прывабны, але без яго ўсё разваліцца. Работа лабараторыі працягваецца некалькі дзён, і ўжо на другі дзень тыя, хто меў прэзентаваць свае праекты, на аснове разбору папярэдніх сцэнарыяў хацелі нешта памяняць у сваіх.

— На жаль, у Беларусі няма кінаіндустрыі ў поўным сэнсе гэтага слова. У нас кажуць, што краіна — проста недастаткова вялікі рынак. Вы думаеце, гэта сапраўды можа перашкаджаць развіццю кіно?

Д.: Чэхія — прыблізна такі ж па аб'ёме рынак, а паглядзіце на яе. Да таго ж, наколькі я зразумеў, дзякуючы рускай мове вы маеце вялікія магчымасці, звязаныя з Расіяй.

Ф.: Напрыклад, у Даніі насельніцтва нават меншае, але яны ведаюць, што не трэба разлічваць толькі на лакальны рынак, у выніку іх фільмы паказваюцца паўсюль.

— Я неаднаразова чула меркаванне, што сёння адчуваецца недахоп добрых сцэнарыяў. Вы згодны?

Д.: У тых, хто гэта кажа, трэба запытацца, колькі яны плацяць за сцэнарый і колькі часу трэба, каб яго напісаць, потым раздзяліць гэтыя грошы на колькасць месяцаў, і тады вы зразумееце, чаму колькасць добрых сцэнарыяў такая маленькая. Калі ты хочаш мець нешта якаснае, на жаль, трэба заплаціць. Гэта вельмі проста. Калі я нешта не разумею і праводжу «даследаванне», звычайна ў рэшце рэшт усё роўна прыходжу да высновы, што прычына ў грашах.

— Колькі каштуе прафесійны сцэнарый у Польшчы?

Д.: У сярэднім шэсцьдзясят тысяч злотых, то-бок прыкладна 15 тысяч еўра. Каб напісаць яго, трэба мінімум два з паловай гады — атрымліваецца 700 еўра ў месяц. Гэта мала, асабліва калі ў цябе сям'я.

— Што неабходна для напісання арыгінальнага сцэнарыя, калі, здаецца, кіно ўжо ўсё паказала?

Д.: У пэўным сэнсе тое, што ўсё, маўляў, ужо сказана, — праўда. Але адзінота пяцьдзясят гадоў таму абсалютна адрозная ад таго, што такое адзінота сёння. Увесь час мы пераасэнсоўваем рэальнасць і свой досвед. Свет мяняецца імкліва: успомніце фільм «Шоу Трумана» — яго галоўны герой у выкананні Джыма Кэры збягае, калі разумее, што ўвесь час яго здымае камера, а сёння людзі хочуць, каб іх здымалі. Прайшло толькі дваццаць гадоў.

Ф.: Дзесяць гадоў таму мы таксама думалі, што ўсё ўжо паказана, а да гэтага ўсё было напісана. Але ў кожнага пакалення з'яўляецца прастора, каб адлюстраваць свой пункт гледжання на тэмы, што існуюць тысячы гадоў. Гэта значыць пошук свайго спосабу рабіць кіно: кожнае пакаленне мае сваю мову і сваё ўспрыманне. Пэўныя тэмы, элементы штодзённасці, прырода чалавека, сацыяльныя пытанні з уласнага пункту гледжання сучасных аўтараў будуць іншымі.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр

З'явіўся ён дзякуючы спонсарскай падтрымцы кампаніі Vіzor Games. 

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.