Вы тут

Заведзена крымінальная справа па факце выкрадання дзяўчыны


У Брэсце здзейснена дзёрзкае злачынства, якое Крымінальны кодэкс кваліфікуе як выкраданне чалавека. Сваю былую дзяўчыну 29-гадовы мужчына сілком зацягнуў у багажнік машыны, а потым яшчэ і збіў драўлянай бітай.


Гэта крымінальная драма пачалася а палове дзявятай раніцы. Выкрадальнік чакаў сваю ахвяру каля пад'езда яе дома. І як толькі яна выйшла на ганак, адразу схапіў яе, скруціў, запхнуў у багажнік машыны. Відавочцам нападу стаў дворнік, які працуе ў тым раёне, але ўмяшацца не паспеў. Зламыснік вельмі хутка з'ехаў з месца здарэння, але дворнік запомніў нумар машыны і пазваніў у міліцыю. Крыху пазней сама выкрадзеная здолела патэлефанаваць з багажніка на лінію 102 і сказаць, хто яе выкраў. Праўда паведаміць, куды вязе яе былы кавалер, не магла, бо не ведала.

Арыентуючыся на тыя звесткі, якія паведаміла ахвяра пра свайго выкрадальніка, міліцыянеры ўвялі план «Перахват» на тэрыторыі Жабінкаўскага, Кобрынскага, Бярозаўскага раёнаў.

— Затрымаць зламысніка ўдалося ў вёсцы Бусні Жабінкаўскага раёна, — пракаментавала прэс-сакратар МУС краіны Вольга Чамаданава. — Выкрадальнікам аказаўся былы хлопец 21-гадовай дзяўчыны, супрацоўніцы аднаго з банкаў Брэста.

Як стала вядома пазней, жыхары вёскі Бусні дапамаглі затрымаць зламысніка. Там ён з нейкай прычыны спыніў машыну, дзяўчыне ўдалося выбрацца з багажніка, яна кінулася наўцёкі, але ён дагнаў і ўдарыў некалькі разоў бітой па галаве. Мясцовы трактарыст умяшаўся ў канфлікт, тым часам пад'ехала міліцыя, і хулігана звязалі.

Дзяўчыну адвезлі ў Жабінкаўскую раённую бальніцу і пасля неабходных абследаванняў шпіталізавалі.

Як высветлілася пазней, дзёрзкі выкрадальнік — жыхар вёскі Дзівін Кобрынскага раёна. Ён рос сіратой, бацькі загінулі ў аўтакатастрофе. Раней ездзіў на заробкі ў Маскву, зараз нідзе не працуе, з законам да гэтага праблем не меў. Дзяўчына таксама з гэтай вёскі. Пасля заканчэння ўніверсітэта выйшла на работу ў адну з фінансавых устаноў абласнога цэнтра. Яны раней сустракаліся, але потым адносіны разладзіліся.

За выкраданне чалавека фігуранту справы пагражае пазбаўленне волі да сямі гадоў. Як паведамілі ў Брэсцкім міжраённым аддзеле СК, праводзяцца ўсе неабходныя следчыя дзеянні.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Няўдачлівы дзівінскі Атэла

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».