Вы тут

Колькі разоў можна быць шаферам?


Т. В. Нікіціч з Бярозаўскага раёна пытаецца: «Ці праўда, што шаферам або шаферкай на вяселлі можна быць толькі адзін раз?»


У структуры беларускага традыцыйнага вяселля роля шафера і шаферкі была найбольш важкай на працягу ўсяго святочнага дзейства, пачынаючы ад выкупу нявесты. У некаторых рэгіёнах Беларусі менавіта старэйшаму шаферу давяралі кіраваць вяселлем. Ад яго ўмення гаварыць, жартаваць, ад яго ведаў абрадаў і рытуалаў залежала, наколькі ўдала пройдзе вяселле.

Вельмі негатыўна ставіліся да тых сябрукоў, якія за вясельным сталом забывалі пра свае абавязкі:

Звязалі дружка, звязалі!

А дзе ж яго паймалі?

Запіўся шафера, запіўся!

І на дружыну забыўся!

Такім чынам, сфармулюем некалькі рэгламентацый, якія датычыліся шафера і шаферкі. Дружак, шафераў або ганаровых сведак выбіралі з самых блізкіх сяброў. Пры гэтым неабходна ведаць, што такую ганаровую ролю на вяселлі можна выканаць толькі адзін раз у жыцці, каб потым своечасова стварыць сям'ю. У адваротным выпадку вы можаце нашкодзіць самому сабе — «застацца» шаферам назаўжды.

«Калі дзеўка ўжо была два разы дружкаю, то як яе просяць, то павінна адказаць, бо ўжо больш ніяк няможна», — неаднаразова чулі мы ад старых людзей падчас нашых экспедыцый.

Шаферам і шаферкай маглі быць толькі незамужнія / нежанатыя маладыя людзі, якія не маюць дзяцей. З'яўляючыся прадстаўнікамі адпаведна радзіны жаніха або нявесты, на вяселлі шафер займаў ганаровае месца каля жаніха, шаферка — каля нявесты: «Каля жаніха становіцца яго старшы шафер, каля нявесты — яе старэйшая шаферка, усе астатнія — ззаду».

На працягу ўсяго вяселля шафер і шаферка павінны быць звязвальным звяном паміж маладымі і ўдзельнікамі вясельнага застолля. Іх абавязак — ахоўваць маладых ад другасных кантактаў з удзельнікамі вяселля, дапамагаць у любых сітуацыях, садзейнічаць таму, каб маладых падчас вяселля ніхто не змог «раз'яднаць», няхай нават на некалькі хвілін.

І сёння жыццё падае нам нямала «неспадзяванак» у асобе нават самых блізкіх людзей, якія рознымі спосабамі могуць нашкодзіць маладым проста на вяселлі. Менавіта ад гэтага перасцерагалі нашы продкі: «Дружкі пільнуюць, уся дружына глядзіць, і маладая таксама ўвесь час асцерагаецца, каб з вянка, які аздабляе яе галаву, не адшчыкнуў хто-небудзь лістка руты, бо ў такім разе не зможа яна ўжо зберагчы ніводнага з тых дзетак, якіх ёй наканавана мець». Перасцерагчы маладых ад такіх сітуацый — непасрэдны абавязак шафера і шаферкі на вяселлі. «Калі пад вянцом у нявесты выпадае хусцінка, жаніх не павінен падымаць яе, іначай такі неасцярожны муж нядоўга пражыве». Падняць любы прадмет, які ўпусцілі нявеста ці жаніх, маглі толькі самыя блізкія да іх у гэты момант людзі, г. зн. шафер і шаферка, для якіх прадметы ці рэчы жаніха і нявесты, наадварот, абяцаюць хуткае замужжа або жаніцьбу.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.