Вы тут

Чым важная праца «Акадэмік Я. Ф. Карскі. Біяграфія» 


З якіх прычын навучэнец Мінскай духоўнай семінарыі Яўхім Навіцкі стаў Карскім? Якую ацэнку атрымала першая ў гісторыі навуковая дысертацыя, прысвечаная беларускай мове, — «К гісторыі гукаў і формаў беларускай гаворкі»? За што беларускага вучонага крытыкавалі ў прэсе і знялі з пасады прафесара Мінскага педагагічнага інстытута? Адказы на гэтыя і мноства іншых пытанняў дапытліваму чытачу дае двухтомнік «Акадэмік Я. Ф. Карскі. Біяграфія», што ўбачыў свет сёлета. Прэзентацыя выдання адбылася спачатку на кніжным кірмашы ў Маскве, а напрыканцы верасня прайшла і ў Мінску. І хоць сам аўтар, праўнук акадэміка, славіст і архівіст Аляксандр Карскі не змог прысутнічаць на прадстаўленні кнігі беларускай аўдыторыі, значнасць яго работы ўжо ацанілі многія тэарэтыкі і практыкі мовазнаўства: літаратары, навукоўцы, журналісты, выкладчыкі і студэнты-лінгвісты.


«Акадэмік Я. Ф. Карскі. Біяграфія» — праца насамрэч важкая. Аўтар аддаў ёй без малога 20 гадоў жыцця карпатлівага вывучэння архіваў, а выдаўцы, «Беларускі паліграфкамбінат імя Якуба Коласа» сумесна з выдавецтвам «Бялова груп», падлічылі, што на тыраж кнігі аб'ёмам у 1340 старонак спатрэбілася каля 4 тон паперы. Але галоўная адметнасць кнігі, зразумела, не ў гэтых лічбах.

Рэч у тым, падкрэслівае старшыня Беларускага камітэта славістаў, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец, што на сёння гэта выданне — самая поўная біяграфія заснавальніка беларускай філалогіі. У двух тамах сабраныя падрабязныя і дакладныя, падмацаваныя шматлікімі дакументамі з архіваў і бібліятэк звесткі пра жыццёвы шлях і навуковыя пошукі Яўхіма Фёдаравіча Карскага. Ураджэнец вёскі Лаша Гродзенскай губерні паспеў зрабіць вельмі многа: скончыць прэстыжны ў Расійскай імперыі Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут (цяпер на сценах гэтай навучальнай установы на Чарнігаўшчыне змешчана мемарыяльная дошка ў гонар нашага земляка) і ўзначаліць Варшаўскі ўніверсітэт, атрымаць залаты медаль Расійскага геаграфічнага таварыства і Ламаносаўскую прэмію, стаць у 40-гадовым узросце членам-карэспандэнтам Расійскай, пазней — Чэшскай акадэміі навук, зладзіць шэраг навуковых экспедыцый падчас знаходжання на пасадзе дырэктара Музея антрапалогіі і этнаграфіі, аб'ехаць ці не ўсю Беларусь, па драбінках збіраючы фальклор і фіксуючы мясцовыя дыялекты, напісаць больш за 700 даследчых работ па этнаграфіі, славістыцы і ў прыватнасці беларусістыцы.

Галоўная жамчужына яго навуковай спадчыны — знакамітае трохтомнае фундаментальнае даследаванне «Беларусы» — вынік комплекснага параўнальна-гістарычнага вывучэння гісторыі, мовы і пісьменства, фальклору, наогул культуры беларускага народа, што дазволіла навукова абгрунтаваць нацыянальную самабытнасць беларусаў. Вучоным з усяго свету Карскі вядомы як першаадкрывальнік многіх кірункаў — беларускай лексікаграфіі, словаўтварэння і граматыкі, дыялекталогіі, этна-, сацыялінгвістыкі, лінгвагеаграфіі і нават гендарнай лінгвістыкі. Напрыклад, ён першым звярнуў увагу і настойліва падкрэсліваў, што, каб атрымаць поўную моўную карціну, даследчыку неабходна асобна вывучаць мову гарадоў і вёсак, мястэчак бліз чыгункі, мову мужчын і жанчын — бо гэта розныя мовы.

Фота: belkniga.by

...Праз шмат гадоў землякі не толькі шануюць памяць і захоўваюць спадчыну (так, каля 2,5 тысячы кніг з бібліятэкі Карскага знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі), але і працягваюць распачатыя вучоным мовазнаўчыя даследаванні, у тым ліку падчас Міжнародных Карскіх чытанняў. Першая з гэтых навуковых канферэнцый, прыгадвае іх арганізатар, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Марыя Канюшкевіч, была зладжана яшчэ ў 1990 годзе і прайшла для шырокай грамадскасці амаль незаўважна, затое трэція Карскія чытанні сабралі ўжо 55 лінгвістаў з Беларусі. Расіі, Украіны і Польшчы, а ў сёмай па ліку канферэнцыі ўзяло ўдзел звыш ста даследчыкаў з розных краін, і традыцыя не перапыняецца. У маі 2020 года збяруць удзельнікаў ужо 15-я, юбілейныя навуковыя чытанні, прымеркаваныя да 160-годдзя з дня нараджэння Яўхіма Карскага. Прычым шляхі навукоўцаў да канферэнцыі часам нязведаныя: так, аднойчы японскі (!) вучоны-русіст даведаўся пра асобу акадэміка Карскага ад свайго выкладчыка падчас стажыроўкі ў Чэхіі (!) — і быў так уражаны, што прыехаў у Беларусь, каб паглядзець на зямлю, што нарадзіла такога вялікага чалавека... «А ці помніце вы, што Карскі быў рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта якраз у час хвалявання польскіх студэнтаў? — пытаецца Марыя Канюшкевіч. — Вельмі цікава было даведацца з кнігі, як ён сябе паводзіў; гэта суцэльны навуковы дэтэктыў, прычым не прыдуманы, а заснаваны на сапраўдных звестках». А студэнтам і выкладчыкам філалагічных кафедраў розных універсітэтаў, перакананая прафесар, «Карскага трэба чытаць, каб вучыцца навуковай чэснасці, не верхаглядству, а павазе да фактаў».

Хоць кніга «Акадэмік Я. Ф. Карскі. Біяграфія» — навукова-папулярная, але напісаная яна добрай і зразумелай літаратурнай мовай, а таму, перакананыя мовазнаўцы, будзе карыснай і цікавай не толькі для падрыхтаванай аўдыторыі, але і для шырокага кола чытачоў — па вялікім рахунку для ўсіх, хто любіць і ганарыцца беларускай мовай. Невыпадкова ва ўступным слове да выдання міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч называе кнігу «даследаваннем — помнікам вялікаму прашчуру, якое мала прачытаць адзін раз».

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: ​Яўхім Карскі: помнік з 1,3 тысячы старонак

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.