Вы тут

Як маніпулятары абуджаюць у нас штучнае пачуццё віны і што з ім рабіць?


Пачуццё віны — наш унутраны компас, які дапамагае вызначыць, што мы збіліся са шляху, дзесьці здрадзілі сабе і сваім прынцыпам. Гэтая эмоцыя дапамагае нам быць больш уважлівымі ў адносінах з іншымі людзьмі. Аднак яна часта і моцна ўскладняе наша жыццё.


Часта людзі і не здагадваюцца, што пачуццё віны заганяе чалавека ў цяжкае становішча. Мы і самі не заўважаем, як пачынаем азірацца на меркаванне навакольных, падладжвацца пад кагосьці і міжволі набываем панурую позу, быццам нясём нябачны груз на сваіх плячах. Якую шкоду наносіць гэта пачуццё і як ад яго пазбавіцца, мы распыталі ўрача-псіхатэрапеўта Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марыну ВОЛЧАК.

— Марына Міхайлаўна, адкуль увогуле бярэцца пачуццё віны?

— Яно не нараджаецца само па сабе. У дзяцінстве яго з'яўленне правакуюць бацькі, якія выкарыстоўваюць віну ў выхаваўчых мэтах — «як табе не сорамна?» У дарослым жыцці — людзі-маніпулятары («ты абавязаны!»). Дарэчы, асэнсаванне таго, адкуль у вас узялося пачуццё віны, можа наблізіць да пазбаўлення ад яго.

— Што такое віна? Гэтае пачуццё заўсёды нясе толькі шкоду?

— Віна — гэта перажыванне пасля няправільнага ўчынку ці выбару: я зрабіў дрэнна, не так, як трэба было. Віна бывае двух відаў: натуральная і штучная. Натуральная — гэта «голас сумлення». Яна неабходная нам для вызначэння каардынат руху і развіцця. Патлумачу на прыкладзе: маці сарвалася, накрычала на дзіця і адчувае за гэта віну. Гэта стымулюе жанчыну да таго, каб папрасіць прабачэння ў малога і растлумачыць яму прычыны зрыву. А таксама знайсці больш бяспечны выхад негатыўных эмоцый і прывучыць сябе ім карыстацца. Яшчэ адна асаблівасць здаровай віны — адсутнасць самабічавання. Ніхто не ідэальны, а таму не павінен несці пакаранне за памылкі ў мінулым.

Але найчасцей мы маем справу са штучна створаным пачуццём віны. Яго крыніца — маніпуляцыі навакольных. Яно ўзнікае, калі мы фарміруем завышаныя чаканні да сябе або трапляем пад уплыў маніпулятараў з завышанымі чаканнямі. Так і з'яўляецца чалавек з апушчанай галавой і прыўзнятымі плячыма. Прыклад штучнай віны — гісторыя дарослай дачкі, якая ўсё жыццё чула папрокі маці: «Я дыплом на цябе прамяняла, а ты будзеш грубіяніць мне?» У такой сітуацыі дачка ўспрымае само сваё існаванне як віну перад маці. І натуральнай рэакцыяй становіцца спроба кампенсаваць маці ўсе яе «пакуты» пастаяннай увагай, асабліва калі тая будзе і далей умацоўваць віну папрокамі.

— Якую шкоду нясе нам штучнае пачуццё віны?

— У адрозненне ад пачуцця адказнасці, пачуццё віны нерэалістычнае, неканкрэтнае, размытае. Яно жорсткае і несправядлівае, пазбаўляе нас упэўненасці ў сабе і зніжае самаацэнку. А таксама нясе адчуванне цяжару, выклікае дыскамфорт, напружанасць, страхі, расчараванне, песімізм, самоту. Папросту віна аднімае нашу энергію і змяншае актыўнасць. Гэта адбіваецца і на цялесным узроўні: у чалавека літаральна мяняецца цела, у першую чаргу постаць. У такіх людзей панурая поза, згорбленыя плечы, як быццам яны нясуць груз на сваім «гарбе». Дарэчы, захворванні пазваночніка ў зоне сёмага шыйнага пазванка ў многіх выпадках, апроч яўных траўмаў, звязаныя з хранічным пачуццём віны. Такога чалавека можна вызначыць па хадзе: яна скаваная, у іх ніколі не бывае шырокага кроку, свабоднай жэстыкуляцыі, гучнага голасу. Яны часта нізка апускаюць галаву і погляд, а на твары — маска вінаватасці.

— Як змагацца з гэтым пачуццём?

— На думку вядомага французскага псіхіятра Жака Лакана, мы адчуваем пачуццё віны выключна з-за немагчымасці звярнуць увагу на ўласныя жаданні. Канешне, гаворка ідзе не пра ўвасабленне злачынных намераў ці нязначных капрызаў. Тут маецца на ўвазе жыццёвая сіла, здольная напоўніць сэнсам наша існаванне. Мы ведаем мноства прыкладаў, калі мастакі ці музыканты стваралі ўнікальныя шэдэўры, нягледзячы на голад ці жудасныя ўмовы. Толькі калі мы будзем ісці за нашымі жаданнямі, мы можам прыйсці да самастойнасці. Тут не трэба азірацца на меркаванне навакольных ці падстройвацца пад кагосьці. Мы самі выбіраем жыццёвы шлях, па якім будзем ісці. Але перш чым сказаць, што рабіць з пачуццём віны, адзначу, чаго рабіць дакладна не варта. Ніколі не варта давяраць вырашэнне праблемы алкаголю. Гэта толькі ўзмоцніць пачуццё віны. Не трэба апраўдвацца, бо звычайна гэта не працуе. Але і забываць пра віну, імкнуцца схаваць яе далей, не звяртаць на гэтую эмоцыю ўвагі таксама нельга.

— А што тады трэба рабіць?

— Самы просты і адэкватны спосаб вырашэння праблемы — заўсёды дзейнічаць у межах свайго сумлення, не супярэчыць сваім каштоўнасцям і рабіць усё ў адпаведнасці з тым, як вам будзе лепш. Трэба памятаць, што знешнія фактары — іншыя людзі, рэлігіі, забароны — пастаянна аказваюць на нас уплыў. Старайцеся абараніць сваю сістэму каштоўнасцяў, калі яна не супярэчыць маральным і этычным нормам. І любое дзеянне здзяйсняйце, адштурхоўваючыся ад яе. У гэтым вам дапамогуць пытанні: «Ці сапраўды я гэтага хачу?», «Што мне гэта дасць?», «Ці змагу я спакойна жыць з наступствамі майго ўчынку?» і падобныя.

Пастарайцеся зразумець, ці існуе ваша віна на самай справе ці гэта вынік вашага ўяўлення. Калі вы прыйдзеце да высновы, што пачуццё віны ілюзорнае, вам лягчэй будзе ад яго пазбавіцца. Калі віна ўсё ж ёсць, вам варта папрасіць прабачэння ў таго, перад кім вінаватыя. Калі гэта ўжо немагчыма, проста прагаварыце свае выбачэнні ўслых, уяўляючы гэтага чалавека. Пагаварыце пра сваё пачуццё віны з кімсьці з блізкіх. Часта бывае дастаткова выгаварыцца, каб зняць камень з душы. Таксама ўспомніце і прааналізуйце прычыны, па якіх вы здзейснілі ўчынак, які выклікае пачуццё віны. Знайдзіце для сябе апраўданні. Напрыклад, такое: вы не маглі загадзя разумець вынікі свайго ўчынку.

Алена Кравец

Загаловак у газеце: З нябачным грузам на плячах

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.