Вы тут

Найлепшы час для высадкі цыбульных культур — верасень—кастрычнік


Цыбульныя расліны — адно з галоўных упрыгожанняў вясновага саду. А вось паклапаціцца пра тое, каб кветнік ужо ў пачатку новага сезона стракацеў фарбамі, варта яшчэ ўвосень. Найлепшы час для высадкі цыбульных культур — верасень—кастрычнік.


Падрыхтоўка месца

Для пасадкі цыбулін раслін варта падабраць адкрыты сонечны ўчастак, абаронены ад ветру. Віды, якія зацвітаюць пазней, можна размяшчаць і на трохі зацененым участку — гэта будзе спрыяць іх працягламу цвіценню. Памятайце, што цыбульныя не любяць застою грунтавых водаў. Таму месца для іх пажадана выбраць з невялікім ухілам для сцёку талых водаў.

Глеба павінна быць друзлая, водапранікальная і ўрадлівая. Калі яна шчыльная, то цыбуліны могуць згніць у ёй ад застаялай вады. Таму перад пасадкай у такую глебу на дно пасадачнай ямы варта пакласці 4-5-сантыметровы пласт дрэнажу: буйны пясок, друз або жвір.

Месца пасадкі папярэдне варта ачысціць ад пустазелля і перакапаць на глыбіню 30—35 см. У час перакопкі ў глебу неабходна занесці ўгнаенні. Лепш за ўсё падыдуць мінеральныя, а з арганікай трэба быць асцярожнымі: падыдзе толькі кампост. Калі ж унесці ў глебу гной, цыбуліны могуць захварэць грыбковымі хваробамі ці пацярпець ад прыцягнутых на ўчастак дажджавых чарвякоў або кратоў.

Падрыхтоўка цыбулін

Каб атрымаць здаровыя і моцныя расліны, варта набываць якасны пасадачны матэрыял. Чым буйнейшая цыбуліна, тым мацнейшай будзе расліна і пышнейшым яе цвіценне. У цыбулін, якія высаджваюцца, не павінна быць прыкмет пашкоджанняў. Старанна аглядайце пасадачны матэрыял: калі высадзіць разам са здаровымі хоць адну хворую цыбуліну, можна не толькі загубіць усе пасадкі, але таксама заразіць глебу. Перад тым як апусціць цыбуліны ў глебу, іх варта 30 хвілін патрымаць у слабым растворы марганцоўкі або фундазолу, а таксама апрацаваць стымулятарам росту.

Пасадка

У нашай кліматычнай зоне цыбульныя культуры высаджваюць з сярэдзіны верасня да сярэдзіны кастрычніка. Звычайна гэта робяць, калі тэмпература глебы апускаецца да 10 °С. Прыкладна праз 10 дзён цыбуліны кветак утвараюць карані, і тое, як яны будуць развівацца, залежыць ад надвор'я. Менавіта таму вельмі важна высаджваць цыбуліны ў правільны час. Калі зрабіць гэта раней тэрміну, вясной расліны рана пойдуць у рост і пацерпяць ад замаразкаў. Калі ж высадзіць цыбуліны позна — яны могуць вымерзнуць з-за дрэннага ўкаранення.

Глыбіня пасадкі залежыць ад памеру пасадачнага матэрыялу: саджаць цыбуліны варта на глыбіню, якая ў тры разы перавышае іх па вышыні. Для цыбулін лілей, цюльпанаў, рабчыкаў імператарскіх глыбіня пасадкі будзе складаць 15—20 см. Для больш дробных раслін, такіх як мускары, крокусы, пралескі, — глыбіня пасадкі павінна складаць 5—10 см. Немалаважнае значэнне мае і тып глебы: на больш цяжкіх субстратах глыбіню пасадкі варта паменшыць на 2-3 см, а на лёгкіх — павялічыць прыкладна на столькі ж. Шчыльнасць пасадак таксама залежыць ад памераў цыбулін. Адлегласць паміж імі пажадана вытрымліваць 8—10 см, а паміж радамі 20—25 см.

Падчас пасадкі цыбуліны не варта ўціскаць або ўкручваць у зямлю. Гэта можа прывесці да іх пашкоджанняў. Пасадачны матэрыял варта акуратна раскласці ў ямку так, каб іх верхавіны былі накіраваны строга ўверх. Калі надвор'е стаіць сухое, пасадкі можна адразу ж паліць.

Каб абараніць пасадкі цыбульных кветак, на зіму іх варта прыкрыць сухой лістотай, саломай або яловымі лапамі. Асабліва актуальна гэта будзе пры позняй пасадцы. Здымаць сховішча варта, як толькі сыдзе снег.

Правільна высаджаныя цыбуліны вясной ператворацца ў выдатныя першацветы. Таму абавязкова пасадзіце ў сваім садзе цюльпаны, крокусы, нарцысы, гіяцынты або мускары. У пачатку наступнага сезона яны будуць першымі вестунамі абуджэння прыроды.

Ірына ТАМКОВІЧ

Загаловак у газеце: Восеньская пасадка цыбульных кветак

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?