Вы тут

Што змянілася ў Беларусі 1 кастрычніка


Адмяніліся ліцэнзіі на некаторыя віды дзейнасці

Фота: popmeh.ru

Цяпер без ліцэнзіі можна займацца дыягностыкай, прафілактыкай захворванняў і лячэннем жывёл, а таксама эканамічнай дзейнасцю, звязанай з кантролем за радыеактыўным забруджваннем, аховай арганізацыямі сваіх работнікаў і маёмасці, гандлем сродкамі супрацьпажарнай абароны. Змякчылі ліцэнзійныя патрабаванні і ўмовы пры ажыццяўленні медыцынскай дзейнасці. З-за таго, што ўказ прывялі ў адпаведнасць з дэкрэтам «Аб развіцці прадпрымальніцтва», выключылі патрабаванне ліцэнзаваць нерэгулярныя аўтамабільныя перавозкі, аказанне псіхалагічнай дапамогі, бытавых паслуг (у тым ліку спа-паслуг, вырабу і рамонту ювелірных вырабаў).

«Беларусбанк» увёў новую камісію за зняцце наяўных з карты

З 1 кастрычніка па картках «Беларусбанка» бяруць камісію пры зняцці наяўных у банкаматах ААТ «Белінвестбанк»: 2,5% ад сумы, але мінімум 3 долары/еўра, 110 расійскіх рублёў, 3 беларускія рублі. Па-ранейшаму без камісіі можна здымаць грошы ў банкаматах «Беларусбанка» і банкаў-партнёраў - ААТ «БПС-Сбербанк» і ААТ «Белаграпрамбанк».

А «Белінвестбанк» закрыў СМС-банкінг

Сэрвіс перастане працаваць з 1 кастрычніка. Ён страціў сваю актуальнасць, таму што гэта доўгі і затратны працэс. Усе аперацыі інтэрнэт-банкінгу можна будзе праводзіць праз дадатак для iOS і Android або браўзер на камп’ютары, планшэце ці смартфоне.

Зачынілася «Віртуальная кіназала»

Фота БЕЛТА

З 1 кастрычніка «Белтэлекам» спыніць працу сэрвісу «Віртуальная кіназала». Ён аўтаматычна выдаліцца з падпісак, будзе спыненая тарыфікацыя. Усе фільмы з «Віртуальнай кіназалы» будуць даступныя ў сэрвісе Zala «Відэа па запыце».

Пачаўся сезон прышчэпак ад грыпу

У гэтым годзе плануецца прышчапіць каля 40% жыхароў. Прышчэпачны сезон хочуць завяршыць да 1 снежня. За бюджэтны кошт будуць прывіваць вакцынай «Грыпол плюс» (Расія), бясплатна будуць вакцынаваць групы рызыкі. Акрамя гэтай вакцыны, зарэгістраваны таксама «Ваксігрып» (Францыя), «Інфлювак» (Нідэрланды), «Ваксігрып Тэтра» (Францыя). Прадпрыемствы змогуць выбраць, якую вакцыну закупляць для вакцынацыі сваіх супрацоўнікаў.

Падаражэў цукар…

З 1 кастрычніка ў Беларусі падаражэе белы крышталічны цукар. МАРГ усталяваў лімітавую мінімальную рознічную цану ў 1,5 рубля да канца года. Гэта значыць танней цукру ў крамах не будзе.

… і цыгарэты

Практычна на штомесячнай аснове павышаюць цэны і вытворцы, і імпарцёры цыгарэт. У гэты раз самыя масавыя маркі цыгарэт дададуць ў кошце пяць капеек. У папярэдні раз у верасні падаражанне склала ад пяці да дзесяці капеек. Праўда, большасць марак тады не змянілі свой цэннік.

Працаўладкаваць беларуса за мяжой стала прасцей

Агенцтвы, якія займаюцца працаўладкаваннем беларусаў за мяжой, больш не будуць узгадняць свае аб’явы з міністэрствам унутраных спраў.

Праўда, каб займацца працаўладкаваннем суайчыннікаў за межамі рэспублікі, усё яшчэ трэба атрымліваць ліцэнзію на ажыццяўленне гэтага віду дзейнасці.

Беларусам пачнуць плаціць пенсію за працу ў Чэхіі

Беларусь і Чэхія яшчэ ў сакавіку мінулага года падпісалі дамову аб пенсійным забеспячэнні. Ён пачне дзейнічаць з 1 кастрычніка гэтага года. Грамадзяне абедзвюх краін змогуць атрымліваць пенсію за стаж працы на тэрыторыі кожнай з іх. Гаворка ідзе пра пенсіі па ўзросце, інваліднасці, страты карміцеля.

Цяпер аналагічныя дагаворы ў галіне пенсійнага забеспячэння заключаны з Расіяй, Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, Азербайджанам, у працэсе знаходзіцца ратыфікацыя такой дамовы з Польшчай. Акрамя таго, рыхтуецца да падпісання пагадненне аб пенсійным забеспячэнні ў ЕАЭС.

У апошні час беларусы ўсё часцей адпраўляюцца ў Чэхію на заробкі. Паводле звестак МУС, у першым квартале гэтага года на працу туды выехала 274 чалавекі, у той час як годам раней - толькі 45. Запатрабаваныя ў Чэхіі і беларускія ўрачы, якіх у нас у краіне недахоп.

Зніжаны пошліны на нафту

Гаворка ідзе пра стаўкі экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі ЕАЭС.

Па рашэнні ўрада, з 1 кастрычніка гэтыя стаўкі складаюць: на сырую нафту - 87,2 долара за тону (зніжана на 3,5 долара), на прамагонны бензін - 47,9 долара за тону (зніжана на 1,9 долара).

На таварныя бензіны, лёгкія, сярэднія дыстыляты, дызельнае паліва, бензол, талуол, ксілолы, змазачныя і іншыя алеі экспартная пошліна склала 26,1 долара за тону (зніжана на 1,1 долара).

Не занятыя ў эканоміцы будуць плаціць больш за ацяпленне

Фота: rg.ru

Не занятыя ў эканоміцы, якія трапілі ў адпаведную базу дадзеных, з кастрычніка будуць плаціць за газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне па эканамічна абгрунтаваных тарыфах.

Так званыя дармаеды са студзеня 2019 года ў поўных тарыфах ужо плацяць за гарачае водазабеспячэнне.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».