Вы тут

Белстат «намаляваў» партрэт сярэднестатыстычнага пажылога беларуса


Сёння на нашай планеце жыве значна больш пажылых людзей, чым калі-небудзь у мінулым. На працягу стагоддзяў чалавечае грамадства было падобна на піраміду, чый падмурак складала велізарная колькасць маладых людзей, а на вяршыні размяшчаліся нешматлікія старыя, якія дажылі да пажылога ўзросту. Цяпер жа з-за рэзкага павелічэння працягласці жыцця і зніжэння нараджальнасці, асабліва ў развітых краінах, ранейшая піраміда ператварылася ў «грыб». Гэтыя ж тэндэнцыі характэрныя і для Беларусі.


Амаль кожны пяты беларус — сталага веку

Паводле Белстата, у нашай краіне на пачатак 2019 года пражывала 2091,7 тысячы пажылых грамадзян — гэта амаль кожны пяты жыхар.
А доля людзей старэйшых за 65 гадоў у нас складае 15,2 %, ці 1 млн 440 тысяч чалавек. Таксама, па звестках на 1 ліпеня, у краіне пражываюць 396 чалавек, якія дасягнулі ўзросту 100 і больш гадоў. Пра гэта журналістам паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак. «У краіне расце працягласць жыцця, адпаведна, павялічваецца колькасць людзей сталага веку. А іншы працэс, які мог бы паўплываць на статыстыку, — нараджальнасць — на жаль, мае крыху іншыя тэндэнцыі», — адзначыў Аляксандр Румак.

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі «намаляваў» партрэт сярэднестатыстычнага пажылога беларуса.

Згодна з гэтым вобразам, 64,2 % людзей ва ўзросце складаюць жанчыны і 35,8 % — мужчыны. За апошнія дзесяць гадоў пажылых людзей стала больш на 322 тысяч, або на 18,2 %. Сярэдняя працягласць жыцця ў жанчын складае 79,4 года, у мужчын — 69,2 года.

Пераважная большасць пажылых людзей — 71,6 % — пражывае ў гарадах. Пры гэтым пажылыя грамадзяне з кожным годам вядуць усё больш актыўны лад жыцця, многія працягваюць працаваць.

Так, летась сярод работнікаў арганізацый 7,8 % складалі людзі ва ўзросце 60 гадоў і старэйшыя. Больш за ўсё такіх супрацоўнікаў у галіне навуковых даследаванняў і распрацовак (21,8 %), аперацый з нерухомасцю (14,8 %), сферы паслуг (13,8 %), у індустрыі спорту, забаў і адпачынку, у творчых прафесіях, вытворчасці вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры (13,1 %), у адукацыі (12,2 %).

Пры гэтым усё часцей узрост не з'яўляецца перашкодай для стварэння сям'і. Як адзначаюць у Белстаце, летась узялі шлюб 939 нявестаў і 1480 жаніхоў ва ўзросце, пры гэтым у 739 выпадках абодва з «маладых» пераступілі ўзроставы парог у 60 гадоў. Цікава, што з іх 7,4 % мужчын і 6,9 % жанчын уступілі ў шлюб упершыню ў жыцці, а 17,3 % і 25,9 % былі ўдаўцамі і ўдовамі.

Пажылыя з кожным годам усё больш актыўна карыстаюцца інтэрнэтам. Так, у мінулым годзе 35,8 % карыстальнікаў сеціва ў Беларусі склалі людзі сталага ўзросту. Прычым кожны другі з іх карыстаецца інтэрнэтам штодня. Часцей за ўсё яны шукаюць інфармацыю, а таксама маюць зносіны ў сацыяльных сетках, адпраўляюць лісты па электроннай пошце, глядзяць фільмы і запампоўваюць музыку.

Каб даўгалецце было годным

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў верасні, паводле слоў намесніка міністра, склаў 446,8 рубля. У залежнасці ад узросту да гэтай сумы могуць выплачвацца дабаўкі і павышэнні, так званыя ўзроставыя бонусы. Так, тым, хто дасягнуў 75 гадоў, на сённяшні дзень дзяржава даплачвае 43,3 рубля, грамадзянам ва ўзросце 80 гадоў і вышэй — 57,73 рубля. Акрамя таго, больш за 6 тысяч пажылых людзей ужо атрымала сёлета дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу на суму 350 тысяч рублёў.

«З гэтага года зменены падыход да выяўлення людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе дзяржавы, — паведаміў Аляксандр Румак. — Мы перайшлі ад заяўляльнага прынцыпу да выяўляльнага, каб максімальна забяспечыць сацыяльную падтрымку». Гэта значыць, органы сацабароны больш актыўна ідуць да тых, хто мае патрэбу ў іх паслугах. І галоўным кірункам сацпаслуг намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны назваў развіццё стацыянаразамяшчальных паслуг, якія дазваляюць максімальна падоўжыць знаходжанне пажылых непрацаздольных людзей у хатніх умовах.

З 2018 года пачала ўкараняцца такая новая форма сацпаслуг, як пражыванне пажылых людзей у замяшчальных сем'ях. На сённяшні дзень у краіне маецца
89 такіх сем'яў, у якіх пражываюць 90 пажылых людзей.

Больш за 90 тысяч чалавек атрымліваюць сацыяльныя паслугі дома. Таксама пажылыя людзі атрымліваюць магчымасць санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення. З гэтай мэтай працуюць чатыры санаторыі. Пажылыя людзі пры гэтым плацяць ад 15 да 20 % ад кошту пуцёўкі.

Сёлета, як адзначыў Аляксандр Румак, вялася работа над праектам Нацыянальнай стратэгіі ў інтарэсах пажылых грамадзян «Годнае даўгалецце», асноўным кампанентам якой ён назваў актыўнае даўгалецце. А гэта ў тым ліку і стварэнне магчымасцяў для адукацыі пажылых, падтрыманне іх прафесійнай дзейнасці, здароўя, абарона годнасці, якая прадугледжвае недапушчэнне дыскрымінацыі па ўзросце. Ужо ў снежні Праект стратэгіі актыўнага даўгалецця будзе прадстаўлены для зацвярджэння ўраду.

Галоўнае — здароўе і чалавечыя стасункі

У вялікай ступені ўзровень актыўнасці пажылога чалавека вызначаецца яго фізіялагічнымі магчымасцямі, прасцей кажучы, станам здароўя, адзначае кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра, галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч.

Чалавек ва ўзросце за 60 гадоў, як правіла, мае 5-6 хранічных захворванняў, якія з гадамі толькі пагаршаюцца. І задача медыкаў — зрабіць усё, каб ён мог весці незалежны лад жыцця. Таму сёння, як ніколі, актуальна развіццё ў краіне такой навукі, як герыятрыя.

Людміла Жылевіч акцэнтуе ўвагу на тым, што ацэнка стану пажылых людзей, як правіла, адрозніваецца ад стандартнага медыцынскага агляду з-за таго, што яны маюць больш разнастайныя і складаныя парушэнні здароўя. Таму людзям пасля 65 гадоў медыкі, як правіла, праводзяць комплексны герыятрычны агляд такіх пацыентаў.

Каля 20 тысяч пажылых людзей у краіне, па словах спецыялістаў, патрабуюць спецыяльнага догляду. Таму медыкі апошнім часам усё часцей супрацоўнічаюць з сацыяльнымі службамі і грамадскімі арганізацыямі.

А ў Рэспубліканскім геранталагічным цэнтры на базе Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава адкрыта ініцыятыва «Банк вольнага часу». Тут запрашаюць валанцёраў — людзей, якія гатовыя падарыць нейкую частку свайго часу пацыентам цэнтра.

Кожны з нас можа знайсці ў сваім банку вольнага часу хвіліны, якія падтрымаюць і нададуць сілы пажылым людзям. У многіх з іх няпростыя лёсы, яны маюць патрэбу ў дапамозе з-за ўзросту і стану здароўя — і не заўсёды гэтая дапамога павінна быць матэрыяльнай, кажуць спецыялісты. Любы ахвотны можа прапанаваць для гэтых людзей свае зносіны, каб адзінота і хваробы не спусташалі іх душы, а ўсялялі жаданне жыць. Яшчэ знакамітая Одры Хепбёрн некалі адзначыла: «Старасць мне не страшная, я баюся адзіноты...»

Тым часам

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі вырашыў таксама далучыцца да Міжнароднага дня пажылога чалавека. 1 кастрычніка ён запрашае людзей старэйшага ўзросту ў госці, прычым прапануе не толькі наведаць экспазіцыю, але і прыняць удзел у спецыяльна арганізаваных мерапрыемствах. Гасцей правядуць па экспазіцыях, іх чакаюць цікавыя сустрэчы з мастацтвазнаўцамі.

Прадстаўнікі музея запэўнілі, што 1 кастрычніка 2019 года ў рамках святкавання Міжнароднага дня пажылога чалавека кошт уваходнага білета ў музей для людзей старэйшага ўзросту (пры прад'яўленні пенсійнага пасведчання) складзе 4 рублі.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Трэці ўзрост як выклік

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.