Вы тут

Лукашэнка: Палітыка Беларусі ў адносінах да Арменіі ніколі не зменіцца


Палітыка Беларусі ў адносінах да Арменіі ніколі не зменіцца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Ерэване на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам, перадае БЕЛТА.


«Уважліва сачу за сітуацыяй у Арменіі з пункту гледжання адносін да Беларусі. Я ведаю, што армяне заўсёды добра ставіліся да яе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі зацікаўлены ў выбудоўванні адносін з Арменіяй, тым больш што ў двух народаў падобная гісторыя. Пакуль паміж краінамі складваецца невялікі тавараабарот (каля $50 млн у 2018 годзе), але калісьці яго не было наогул, заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«Сёння тэмп росту тавараабароту 140 працэнтаў — гэта вельмі добры тэмп. Я павінен вас запэўніць, што так будзе і далей. Мы будзем падтрымліваць ваш бізнес у Беларусі, калі вам цікавы наш — будзем да вас прыязджаць, ствараць сумесныя прадпрыемствы. Я гэта гавару да таго, каб вы не думалі, што ў нас змянілася палітыка ў адносінах да Арменіі. Калі нават вы адмовіцеся з намі супрацоўнічаць, мы ўсё роўна будзем настойваць на тым, каб быць вельмі блізкімі і дружалюбнымі дзяржавамі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запэўніў Нікола Пашыняна, што Беларусь заўсёды гатова падставіць Арменіі плячо і ніколі ні з кім не будзе дружыць супраць яе. «Так склалася, што вы ў мяне вельмі добры сябар, і Прэзідэнт Азербайджана яшчэ з даўніх часоў добры сябар. Ну, і што мне сёння рабіць? Я вельмі добра стаўлюся і да Арменіі, і да Азербайджана», — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы гатовы працаваць у інтарэсах Арменіі«.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што, магчыма, закрануў недыпламатычную тэму, якую не трэба было б узнімаць, аднак ён не хоча, каб паміж кіраўніцтвам Беларусі і Арменіі былі нейкія недагаворванні. «Гэта не проста размова. Ведайце, што мы заўсёды будзем добра да вас ставіцца, як да родных, як да братоў», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

У сваю чаргу Нікол Пашынян адзначыў, што вельмі рады здольнасці дзвюх краін працаваць разам і абмяркоўваць самыя няпростыя пытанні, каб прыйсці да адзінага меркавання. «У нас дастаткова мудрасці, храбрасці і волі ўсе пытанні вырашыць так, каб дружба і братэрства паміж нашымі народамі і краінамі развіваліся», — выказаў упэўненасць прэм’ер-міністр Арменіі.

Ён таксама праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб падрыхтоўцы пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое адбудзецца ў Ерэване 1 кастрычніка, коратка закрануўшы парадак дня. Нікол Пашынян адзначыў, што ў час саміту плануецца падпісаць пагадненне аб свабодным гандлі і рамачнае пагадненне аб усёабдымным эканамічным супрацоўніцтве паміж ЕАЭС і Сінгапурам.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніцтва Арменіі прыклала шмат намаганняў для развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза і пашырэння яго ўзаемадзеяння з трэцімі краінамі. «Шчыра кажучы, Сінгапур павінен быць удзячны Арменіі за такое пагадненне. Але гэта пагадненне на карысць усім дзяржавам, у адваротным выпадку ніхто б не разглядаў яго, — сказаў Прэзідэнт. — Калі мне далажылі аб тым, што мы павінны з Сінгапурам прапрацаваць пытанне заключэння зоны свабоднага гандлю, я сказаў арыентавацца на Нікола Пашыняна, на Арменію, таму што эканомікі нашы падобныя і не думаю, што Арменія будзе для сябе рабіць дрэнна. Таму мы арыентаваліся на вашы напрацоўкі, хоць самі таксама аналізавалі сітуацыю».

У 2018 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Арменіяй склаў $50,1 млн. За першыя сем месяцаў 2019 года ён павялічыўся больш як на 40 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і дасягнуў $37,2 млн. Аснову беларускага экспарту складаюць малако і вяршкі, трактары і седлавыя цягачы, лякарствы, шыны, мэбля, папера і кардон, сметанковае масла. З Арменіі пастаўляюцца моцныя спіртныя напіткі, таматы, нафтапрадукты, мэбля.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.