Вы тут

Гары: абяцанні і дасягненні


Ён — выбітны французскі пісьменнік, класік французскай літаратуры. Міфатворца і літаратурны містыфікатар. Герой Другой сусветнай вайны і французскага Супраціўлення. Дыпламат і генеральны консул Францыі ў Лос-Анджэлесе. Акцёр і кінарэжысёр. Двойчы лаўрэат прэстыжнай Ганкураўскай прэміі (адзіны за ўсю гісторыю яе існавання). Кавалер ордэна Ганаровага легіёна. Чалавек, які валодаў рускай, польскай, англійскай ды, вядома, французскай мовамі. Пісаў па-французску і па-англійску. Чалавек, чыёй жонкай была легендарная актрыса і зорка «новай хвалі» Джын Сіберг.


Але сапраўднае яго імя Раман Кацаў, і нарадзіўся ён у Вільні, дзе правёў першыя гады жыцця (1914—1926). Яго вядомы раман «Абяцанне на досвітку» быў выдадзены выдавецтвам «Янушкевіч» па-беларуску ў перакладзе з французскай Вольгі Колас, а яго трэць прысвечана менавіта віленскаму перыяду жыцця пісьменніка. Нягледзячы на тое, што твор аўтабіяграфічны, усё ж ён не толькі пра асобу аўтара. У першую чаргу — пра маці пісьменніка.

Маці Гары, як і героя «Абяцання на досвітку», была правінцыяльнай актрысай. Але, тым не менш, мела поспех у сталіцы Расійскай імперыі, нават выступала на адной сцэне з папулярным акцёрам Іванам Мазжухіным, які, дарэчы, часам завітваў праведаць малога Рамэна.

З бацькам пісьменнік. як і герой яго твора, амаль не кантактаваў, той меў іншую сям’ю, разам з якой загінуў у 1942 годзе: спынілася сэрца за некалькі крокаў ад газавай камеры. Калі Рамэн Гары даведаўся, як памёр бацька, адчуў сваю роднасць з ім, дараваў і прыняў.

Маці з дзяцінства рыхтавала будучага пісьменніка да славы. Усё, што ён атрымаў у жыцці, яна прадбачыла. З трохгадовага ўзросту сына казала, што ён будзе вялікім французам: «Мой сын стане французскім пасланнікам, кавалерам ордэна Ганаровага легіёна, вялікім акцёрам драмы, Ібсенам, Габрыэле Д’анунціа. Ён будзе адзявацца ў Лондане!».

Ішла вайна, Рамэн Гары апошні раз пабачыў маці восенню 1941 года ў бальнічным ложку перад тым, як вярнуцца ў часць. Неўзабаве яна памерла, але напісала сыну сотні лістоў і дамовілася з адной жанчынай, каб тая дасылала іх Рамэну. Ён быў упэўнены, што маці жывая, спадзеючыся на сустрэчу.

Віленскія старонкі рамана напоўнены атмасферай дарэвалюцыйнай і паслярэвалюцыйнай хваль жыцця і побыту звычайных людзей, у асноўным яўрэяў (Рамэн паходзіў з яўрэйскай сям’і), далёкіх ад палітыкі. Адлюстраваны на старонках твора і крывавыя разборкі белых і чырвоных... Да таго ж дакладна намаляваны двор і дом № 16 на вуліцы Вялікая Пагулянка, дзе жыў аўтар. Дакладна таму, што дом той і зараз нікуды не дзеўся, адно змяніў лічбу на 18 і назву вуліцы: зараз яна называецца Басанавічуса.

Аўтар расказвае пра кранальныя і крыху жорсткія спробы маці зрабіць з сына спачатку вялікага скрыпача, пасля — танцора балета, матэматыка, вучонага, абавязкова чалавека вялікага, які б дасягнуў неверагоднага поспеху і славы. Спробы гэтыя выглядаюць не дзіўнымі, а дзівоснымі ў сваёй наіўна-непераможнай упэўненасці ў бліскучых перспектывах свайго дзіцяці. Пісьменніцкі поспех, ваенныя нястачы, кожны наступны крок рабіўся часткова дзякуючы маці, часткова дзеля яе.

Існуе меркаванне, што кожная кніга з’яўляецца аўтабіяграфіяй аўтара, таму ў выпадку з Гары трэба проста цешыцца геаметрычнай правільнасцю аўтабіяграфіі пісьменніка ў квадраце, акрэсленым ім самім. Зусім няважна, з кім мы маем справу: з вядомым пісьменнікам Рамэнам Гары або з галоўным героем «Абяцання на досвітку» — гісторыі аб мацярынскай любові і мары ды нялёгкім, магчыма, крыху бессэнсоўным, але прыгожым яе ўвасабленні любоўю сыноўняй.

Псеўданім Гары пісьменнік выбраў невыпадкова. Свайму сябру, крытыку Франсуа Бондзі, ён неяк сказаў: «Па-руску гары — гэта загадны лад дзеяслова гарэць; ад гэтага загаду я ніколі не ўхіляўся ні ў творчасці, ні ў жыцці».

Мікола АДАМ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.