Вы тут

Галоўная асоба шведскага мадэрнізму


У серыі выдаўца Зміцера Коласа «Паэты планеты», якая ўжо ўяўляе сабой сапраўдную бібліятэку сусветнай паэзіі, — навінка. Гэтым разам — зборнік шведскамоўнай фінскай паэтэсы Эдыт Сёдэргран (1892—1923).


«Ты шукаў ветку, / а знайшоў плод. / Ты шукаў крыніцу, / а знайшоў мора. / Ты шукаў жанчыну, / а знайшоў душу — / ты расчараваны». Творы адной з галоўных асоб шведскага паэтычнага мадэрнізму «Выбраная паэзія» пераклалі Алеся Башарымава і Наталля Паваляева. «Коласаўская» серыя сапраўды ўпрыгожана адметным зборнікам, які злучае і розныя часіны, і розныя паэтычныя культуры. На вокладцы выдання — партрэт Эдыт Сёдэргран у капелюшы з пяром. Аўтар партрэта, напісанага ў 1917 годзе, — Кладзіна Рос.

«Бачыла я дрэва, вышэйшае за ўсе іншыя, / усё ў недасяжных шышках; / бачыла храм вялікі з рознасцежанымі дзвярыма, / і кожны, хто з іх выходзіў, быў бледны і дужы, / гатовы да смерці; / бачыла жанчыну нарумяненую, што, усміхаючыся, / гуляла ў цыркі: ці ёй пашанцуе? — / і бачыла я, што яна прайграла. / І вакол усяго быў накрэслены круг, / які не пераступіць нікому».

Пры жыцці ў Эдыт Сёдэргран выйшла толькі адна паэтычная кніга. І яна была варожа ўспрынята крытыкай. Але час, дзесяцігоддзі, якія прайшлі пасля зямнога жыцця таленавітай творцы, засведчылі ўнікальнасць яе таленту, прыўзнялі наватарства аўтара на недасягальныя вышыні. І сёння паэзія вечна юнай Эдыт, якая, між іншым, пачынала пісаць вершы і па-руску (нарадзілася ў Петраградзе), і па-французску, і панямецку, падаецца на дзіва сучаснай і актуальнай, здольнай захапляць і ўражваць і ў перакладах на беларускую мову.

Выданню кнігі ў серыі «Паэты планеты» (наклад — 250 асобнікаў) паспрыяла Фінскае літаратурнае таварыства ФІЛІ — Фінскі літаратурны абмен фінскага Міністэрства адукацыі.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.