Вы тут

Адкрыўся цэнтр дапамогі ахвярам ДТЗ, якія знаходзяцца ў вегетатыўным стане


Штогод у дарожна-транспартных здарэннях траўміруецца каля 3,5 тысяч чалавек, больш за паўтысячы — гіне, каля двух тысяч чалавек прызнаюць інвалідамі. З іх 3% знаходзяцца ў даволі цяжкім, часам вегетатыўным стане. Для такіх людзей на базе Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай айчыннай вайны імя П.М Машэрава ў аграгарадку Лясны Мінскага раёна адкрыўся Цэнтр дапамогі ахвярам ДТЗ. У Беларусі такіх людзей, якія пасля аўтамабільных аварый знаходзяцца ў вегетатыўным стане, некалькі дзясяткаў. У кожнага — свая гісторыя, якая ў секунды перавярнула не толькі іх жыццё, але і іх блізкіх.


...Тады 40-гадовы Аляксандр Бурачкоў трапіў у ДТЗ па віне п’янага кіроўцы. Саша быў пасажырам на заднім сядзенні, калі ў іх аўтамабіль уехала машына, якая выйшла з-пад кантролю. Гэта здарылася ў чэрвені 2017-га. Урачы не давалі пацыенту ніякіх шансаў — траўмы, сярод якіх цяжкая адкрытая чэрапна-мазгавая, прыбівалі надзею нават у аптымістаў, якія сваімі рукамі выцягнулі з таго свету не аднаго траўміраванага. Але Саша не толькі выжыў, але і паступова пачаў выходзіць з вегетатыўнага стану. 

Сёння ён жыве ў вёсцы Вялікае Сяло Дзяржынскага раёна. Дзякуючы сястры Жанне, цётцы і яе мужу, якія на гэты час сталі яго самымі блізкімі людзьмі, паступова яго стан мяняецца да лепшага.

— Калі спачатку зваротнай сувязі не было ўвогуле, то сёння Аляксандр рэагуе на тэлевізар, глядзіць відэа ў інтэрнэце, і яго стан ужо нават можна лічыць не вегетатыўным, — кажа Аксана Гутарава, лечачы ўрач Аляксандра. 

— Пытаеш, як справы — і ён паднімае ўверх вялікі палец, — дадае сястра Жанна. — Раней у яго стаяла трахеастома, зараз у ёй няма патрэбы і ўрачы ў гэты раз яе знялі. Засталася гідрастома, але Саша ўжо навучыўся есці праз рот, спадзяюся, з часам знімуць і яе. Ён вялікі малайчына, бо змагаецца за жыццё. Хоць усе мы разумеем, што працэс аднаўлення вельмі доўгі.

У цэнтр дапамогі ахвярам ДТЗ, а да гэтага ў паліятыўнае аддзяленне шпіталя інвалідаў ВОВ Аляксандр трапляе не першы раз. Тут распрацоўвацца пэўная праграма рэабілітацыі, урачы ставяць мэту і дасягаюць яе. Зараз, напрыклад, пацыент знаходзіцца на вертыкалізатары — прыстасаванні, незамянімым для ляжачых хворых. Яно дазваляе прывесці цела ў вертыкальнае становішча, што паляпшае кровазабеспячэнне і функцыяванне ўсіх органаў і сістэм. Даюць пацыентам і заданні на дом, а таксама навучаюць блізкіх, як дапамагаць хвораму рабіць зарадку, масаж, рабіць апрацоўку трахеастомы ці іншых прылад. 

— Раней такі чалавек быў адсунуты на другі план, мог разлічваць толькі на догляд блізкіх і дапамогу сацыяльных службаў. Сёння мы гэту сітуацыю імкнёмся мяняць, — расказвае галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава Віктар Лішакоў. — Мы працуем са сваякамі, вучым іх прыёмам догляду. Напрыклад, бацька Максіма Максімава сёння дасць фору некаторым медыцынскім работнікам. За тры гады ён навучыўся ўсяму: як правільна перавярнуць, накарміць, апрануць. 

32-гадовы Максім Максімаў — гонар медыцынскага персаналу цэнтра. Калі тры гады таму ён не рэагаваў ні на што, то зараз яго апошняе дасягненне — 12 кіламетраў на велатрэнажоры. У 2016-м Максім уваходзіў у зборную па каратэ і вяртаўся з чэмпіянату Еўропы, які праходзіў у Польшчы. Той раніцай прымарозіла і пайшоў дожджык, машыну са спартсменамі, якая выязджала з другаснай дарогі, панесла на слізкім пакрыцці прама пад Газэль. У аварыі адзін з хлопцаў загінуў, Максім аднаўляецца дагэтуль. Яго бацька Валерый Віктаравіч два гады таму звольніўся з працы і ўвесь час прысвячае аднаўленню сына, які сёння рэагуе на навакольных, усміхаецца жартам, самастойна можа сядзець у крэсле і нават імкнецца размаўляць. 

— На перыфірыі да такіх як мы ўрачы ставяцца з асцярогай, ды і не ведаюць, што з намі рабіць. Такі цэнтр для нас — сапраўднае выратаванне, — кажа Валерый Віктаравіч. 
Як тлумачаць медыкі, у нашай мазгавой дзейнасці ўдзельнічае ўсяго 30% клетак, астатнія папросту «спяць». Разбудзіць іх з дапамогай сучасных методык, у прыватнасці, электрамагнітнай стымуляцыі галаўнога мозгу, і прымусіць працаваць замест страчаных падчас чэрапна-мазгавой траўмы — вялікая надзея для такіх пацыентаў.

Цэнтр пабудаваны за сродкі спонсараў — прыватных кампаній і ахвяраванняў. У прыватнасці, дабрачынны фонд «Бяспечныя дарогі» інвеставаў больш за 250 тысяч еўра. 

— У будынку, якому 40 гадоў, складана адкрыць такі сучасны цэнтр. Мы ўклалі вялікія сродкі ў рамонт, закупілі сучаснае абсталяванне, у прыватнасці функцыянальныя ложкі, і стварылі адно з лепшых паліятыўных аддзяленняў у краіне, дзе маюцца ўсе ўмовы як для хворага, так і для яго блізкіх, якія тут могуць знаходзіцца кругласутачна, — кажа Віктар Лішакоў. 

— Такія цэнтры патрэбны, каб аблягчыць пакуты пацыента і яго блізкіх, забяспечыць якасную медыцынскую дапамогу, псіхалагічную падтрымку блізкім, а таксама навучыць іх даглядаць такога чалавека. Шэсць палат — гэта толькі пачатак. Штогод у ДТЗ траўмуецца каля трох тысяч чалавек, многія застаюцца інвалідамі і маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе. Такіх хворых у краіне некалькі дзясяткаў. Магчымасць для іх перыядычна прыязджаць у цэнтр для абследавання і рэабілітацыі дазволіць зняць вастрыню праблемы. Гэта будзе базавая ўстанова з самымі сучаснымі методыкамі, на прыкладзе якой мы плануем распаўсюдзіць такі вопыт на рэгіёны, — падкрэсліў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

Алена КРАВЕЦ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Зломленыя лёсам, але не зламаныя

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.