Вы тут

Як прыкуты да інваліднай каляскі чалавек ставіць рэкорды ў інваспорце


Яму 58, ён жыве ў Мінску, займаецца рэабілітацыяй людзей з інваліднасцю, выкладае ва Універсітэце фізічнай культуры, аб'ездзіў мноства краін, з'яўляецца ганаровым грамадзянінам горада Пенсакола, штат Фларыда, ЗША. І пры гэтым наш герой ужо 35 гадоў як перамяшчаецца ў інваліднай калясцы. І калі, прачытаўшы гэты артыкул, нехта і далей будзе ныць, што нічога не можа, таму што лёс абышоўся з ім занадта жорстка і абставіны былі няўмольныя, — значыць, гэты чалавек проста не ўмее чытаць.

Перад вамі — аповед пра моцнага і мудрага мужчыну, які, як гавораць амерыканцы, зрабіў сябе сам.


Удар, які змяніў усё жыццё

— Я адслужыў у войску, паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут, — апавядае Барыс Бачкоўскі. — У 1984 годзе я, студэнт 3-га курса, паехаў па камсамольскай пуцёўцы ў Цюмень — зарабіць грошай. Усе мае сваякі загінулі ў вайну, бацька вырас у дзіцячым доме, таму мы жылі вельмі небагата...

Але зарабіць Барысу не ўдалося. У адзін з вечароў ён, абараняючы дзяўчыну ад бандыта, атрымаў нажавое раненне. Наступствы аказаліся катастрафічнымі: з-за таго, што пацярпеў пазваночнік, хлопца паралізавала.

Было яму тады 23 гады.

— Сябры мяне спачатку наведвалі, падтрымлівалі, — успамінае Барыс Ісакавіч. — Але паступова яны з'яўляліся ўсё радзей і радзей, пакуль са мной не застаўся ўсяго адзін сябар, які быў у мяне з вайсковых часоў. Мы і да гэтага часу сябруем. Потым, дарэчы, тыя сябры — хто праз 20, а хто і праз 30 гадоў — зноў сталі наведвацца: ім было цікава, што са мной стала.

Адзін з іх нават паспеў стаць мільянерам... Але, вядома, мы ўжо не можам называцца сябрамі. У мяне да іх, дарэчы, ніякіх прэтэнзій, я ні на каго не злуюся. У іх сваё жыццё, і ніхто нікому нічога не павінен. І дзяржава нам нічога не павінна. Хоць многія калясачнікі лічаць, што дзяржава павінна іх утрымліваць. Але я думаю, што кожнаму трэба самому на сябе зарабляць, — або жыві на пенсію і не скуголь. Калі нехта стаіць з працягнутай рукой — значыць, яго да гэтага давяло жыццё. Я і гэтых людзей не асуджаю. Як не асуджаю тых, хто налажыў на сябе рукі. У мяне былі знаёмыя, якія прадалі тут кватэру і з'ехалі ў Галандыю на эўтаназію. Я не асуджаю іх рашэнне. Гэта мае правілы жыцця: нікога не асуджаць, і ніхто нікому нічога не павінен.

Па адукацыі наш герой, дарэчы, псіхолаг (скончыў Міжнародны гуманітарны эканамічны інстытут). «Я параўноўваў потым, калі вучыўся, тэорыю з практыкай: тыя пяць стадый прыняцця гора, як мы вучылі, — адмаўленне, гнеў, кампраміс, дэпрэсія і прыняцце — я ўсе іх калісьці прайшоў, — кажа ён. — Спачатку не мог да канца паверыць у тое, што здарылася. Усё здавалася, вось прачнешся наступнай раніцай — устанеш і пойдзеш. Потым пачынаеш думаць: чаму гэта здарылася са мной? Пасля: хто вінаваты? І толькі далей: што рабіць? У мяне было шмат знаёмых, якія прымалі рашэнне сысці з жыцця. У мяне таксама часам з'яўляліся такія думкі, але я прыняў рашэнне жыць».

Пабываў у Еўропе, Азіі, ЗША...

«Мяне выпісалі з бальніцы, прывезлі ляжачага ў Мінск, — апавядае Барыс Бачкоўскі. — Бацькі жылі ў кватэры на сёмым паверсе, ліфт хадзіў з другога паверха... Дактары мне сказалі, што я ніколі не змагу хадзіць. Мяне гэта ўскалыхнула — і я стаў узмоцнена займацца фізкультурай, каб рэабілітавацца. Ужо праз тры гады скончыў курсы кіравання і вадзіў машыну — «Запарожац», які тады інвалід мог купіць за паўцаны.

А ў 1988 годзе я пачаў займацца інваспортам. Ужо ў 1992 годзе стаў чэмпіёнам СНД па настольным тэнісе. У 1996-м захапіўся спартыўнымі танцамі. Маёй партнёркай была Вольга Цяцёркіна — студэнтка Універсітэта культуры па спецыяльнасці «харэаграфія», якая да таго часу была трохразовай чэмпіёнкай краіны па спартыўных танцах. Нас пазнаёміў кіраўнік Беларускага фонду дапамогі спартсменам-інвалідам Валерый Каламіец. А праз тры гады мы сталі чэмпіёнамі свету па спартыўных танцах».

Пяць гадоў доўжыўся іх танцавальны марафон. За гэты час яны станавіліся чэмпіёнамі Беларусі, прызёрамі Кубка свету ў Амстэр-даме, фіналістамі адкрытых чэмпіянатаў Германіі, Галандыі, Швецыі, Нарвегіі. Трыумфальным было іх выступленне ў японскім горадзе Макухары на чэмпіянаце свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках...

Так што дзякуючы інваспорту наш герой пабываў у многіх краінах. Акрамя Еўропы, Азіі, два разы быў у ЗША, прычым другі раз па запрашэнні амерыканцаў ездзіў чытаць курс лекцый.

— Я ганаровы грамадзянін горада Пенсакола, штат Фларыда, ЗША, — усміхаецца Барыс Ісакавіч. — Нядаўна адзін мой таварыш трапіў туды, быў у мэрыі і сказаў, што там вісіць мой партрэт. Мяне нават запрашалі туды на ПМЖ як ганаровага грамадзяніна. Але я адмовіўся. І ў Ізраіль была магчымасць з'ехаць жыць... Там бы, вядома, было прасцей у матэрыяльным плане. Але тут я ўжо рэалізаваўся, а ў іншай краіне з гэтым было б нашмат складаней.

Ды і дзе б я ні быў, я заўсёды хачу дадому. Ведаеце, у вайну тут загінулі практычна ўсе мае сваякі, у гета. Я з беларускіх яўрэяў, мае продкі жылі тут пачынаючы з ХІV стагоддзя. Нешта ж тут іх трымала, што яны нікуды не з'ехалі. І вось мяне гэта нешта тут трымае, напэўна...

Барыс Бачкоўскі прызнаецца, што ўсюды, дзе ён браў удзел у спаборніцтвах і дзе былі немцы, — ён выбіраў іх сваімі сапернікамі і змагаўся з імі. «Я разумею, што яны такія ж інваліды, у мяне няма на іх крыўды, але проста таму, што немцы (усміхаецца). Гістарычная памяць ува мне вельмі моцная прысутнічае»...

Пазнаёміўся з будучай жонкай таксама дзякуючы спорту

З 1996 года наш герой працаваў у Беларускім фондзе дапамогі спартсменам-інвалідам. Цяпер ён — старшы інструктар-метадыст у сацыяльнай установе «Інвацэнтр» ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» і выкладае ва Універсітэце фізічнай культуры на кафедры ЛФК.

Адукацыя псіхолага, дарэчы, яму вельмі дапамагла. «Займацца рэабілітацыяй людзей з інваліднасцю бывае няпроста, — кажа ён. — Калі трэніраваць здаровых людзей, і тое бывае маса нюансаў у калектыве, здараюцца канфлікты. А людзі з інваліднасцю вельмі ўразлівыя. Яны могуць быць залежныя ад надвор'я, ад таго, як, у якім стане раніцай усталі. Нават ад таго, як на іх паглядзелі... А потым, калі з'яўляюцца вынікі, пачынаюцца поспехі, — у іх таксама можа здарыцца зорная хвароба, як і ў здаровых. Гэта тыя ж самыя людзі, толькі ў іх ёсць інваліднасць, а мазгі тыя ж самыя. У любога чалавека, калі ў яго з'яўляюцца нейкія дасягненні і ён бачыць, што ім ганарацца, ідзе ўверх самаацэнка».

***

І ў асабістым плане ў яго ўсё добра. Барыс Ісакавіч жанаты, нядаўна яны з жонкай адзначылі 30 гадоў сумесна праведзенага жыцця. Пазнаёміліся таксама дзякуючы спорту. Жанна трапіла ў 16 гадоў у аўтакатастрофу і з таго часу перамяшчаецца на калясцы. І, дарэчы, яны — першая ў Беларусі сямейная пара, якая жыве зусім незалежна, без старонняй дапамогі, хоць абое — на інвалідных калясках. Сёння яна — чэмпіёнка краіны па лёгкай атлетыцы і настольным тэнісе сярод інвалідаў, паспяхова выступала ў хуткаснай яздзе на калясках. З адзнакай калісьці скончыла філалагічны факультэт БДУ. Так што яны абое — вельмі моцныя асобы.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.