Вы тут

Што цікавіць індыйскі бізнес у Беларусі


Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны па супрацоўніцтве з Індыяй Міхаіл Мясніковіч сустрэўся на мінулым тыдні з кіраўнікамі буйных індыйскіх кампаній: прадстаўнікамі бізнесу ў галіне машынабудавання і металургіі, харчовай прамысловасці, нафтаперапрацоўкі, транспарту і лагістыкі і іншых сфер. Яны ўваходзяць у склад Канфедэрацыі індыйскай прамысловасці.


Фота sovrep.gov.by

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што сустрэчы з дэлегацыямі Індыі, у тым ліку з прадстаўнікамі дзелавых колаў, набываюць сістэмны характар. Аснову для стратэгічнага партнёрства паклаў візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Індыю, які адбыўся ў верасні 2017 года, паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі.

Праходзяць пасяджэнні беларуска-індыйскай міжурадавай камісіі, сумесныя бізнес-форумы. Выніковы быў візіт у Мінск дзяржаўнага міністра гандлю і прамысловасці Індыі. Падпісаны дагавор аб інвестыцыях, які фарміруе прававую аснову для больш актыўнага супрацоўніцтва.

«Хачу падкрэсліць, што паміж нашымі краінамі гістарычна высокі ўзровень сяброўскіх адносін і мы маем намер іх умацоўваць і развіваць, — заявіў Міхаіл Мясніковіч. — Ёсць высокая ступень узаемаразумення на палітычным узроўні, у гандлёва-эканамічных адносінах, і, безумоўна, у гуманітарным супрацоўніцтве».

Тавараабарот паміж Беларуссю і Індыяй у першым паўгоддзі 2019 года вырас у 1,5 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. І гэта не мяжа, упэўнены Міхаіл Мясніковіч. На яго думку, у дзвюх краін каласальны патэнцыял у сферы бізнес-супрацоўніцтва. Добрыя прыклады такога ўзаемадзеяння ўжо ёсць. Сумесныя праекты рэалізуюцца з удзелам беларускіх прадпрыемстваў «БелАЗ», «Белкамунмаш», «Гомсельмаш». Індыйскія інвестары інвестуюць у праекты па стварэнні сучасных фармацэўтычных вытворчасцяў у Беларусі. «Выдатна, што пры гэтым адпрацоўваюцца новыя бізнес-мадэлі, калі ідзе спалучэнне гандлёвага і інвестыцыйнага кампанентаў», — адзначыў спікер Савета Рэспублікі.

Міхаіл Мясніковіч прапанаваў абмеркаваць далейшыя перспектывы двухбаковага партнёрства. «Хацеў бы, перш за ўсё, пачуць вашу думку аб магчымай актывізацыі ўзаемадзеяння па інвестпраектах у асаблівай эканамічнай зоне «Брэміна-Орша». Мы стварылі там дастаткова камфортныя прававыя ўмовы і разлічваем на тое, што індыйскі бізнес будзе больш актыўны ў гэтым праекце, — дадаў Міхаіл Мясніковіч. — Ці хацелі б, каб гэта быў беларуска-індыйскі кластар, у першую чаргу інвестыцыйны».

Развіццю інвестыцыйнага партнёрства павінен садзейнічаць Беларуска-індыйскі інвестыцыйны форум, які пройдзе ў Індыі да канца бягучага года.

Старшыня Савета Рэспублікі таксама паведаміў, што прапрацоўваецца пытанне аб візіце ў Беларусь прэм'ер-міністра Індыі Нарэндры Модзі ў 2020 годзе. «Мы сур'ёзна рыхтуемся да гэтай знакавай сустрэчы», — падкрэсліў ён.

У сваю чаргу кіраўнік індыйскай дэлегацыі, дырэктар кампаніі «Баджадж Індастры» Панкадж Баджадж адзначыў выніковасць беларуска-індыйскага супрацоўніцтва. «Мы праводзілі сустрэчы летась і бачым, што ўсё, аб чым дамаўляліся, выконваецца. Мы таксама са свайго боку стараемся выканаць дамоўленасці. І гэта дае вынікі — расце гандаль, з'яўляюцца інвестыцыйныя праекты. Зараз адносіны Індыі да Беларусі даволі ўважлівыя. Мы чакаем, што вынікі будуць яшчэ лепшыя», — заявіў ён.

Асаблівую ўвагу кіраўнік дэлегацыі аддаў пастаўкам беларускай кар'ернай тэхнікі ў Індыю. «БелАЗ» выйграў тэндар і пастаўляе ў Індыю сваю тэхніку. Гэта, безумоўна, вялікі прарыў і вялікі поспех» — адзначыў ён. Панкадж Баджадж таксама праінфармаваў аб планах індыйскіх кампаній адкрыць вытворчасці ў асаблівай эканамічнай зоне «Брэміна-Орша».

Першы намеснік міністра адукацыі Беларусі, член Савета Рэспублікі Ірына Старавойтава ў інтэрв'ю журналістам паведаміла, што цяпер прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні ў Індыі беларускага цэнтра прафесійна-тэхнічнай падрыхтоўкі. Беларусь мае для гэтага развітую базу, моцны прафесарска-выкладчыцкі склад і адпаведныя праграмы. Гаворка ідзе пра падрыхтоўку кадраў на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі для перспектыўных сфер індыйскай эканомікі.

Загаловак у газеце: Высокі ўзровень сяброўскіх адносін

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.