Вы тут

Выязная сесія Брэсцкага абласнога савета разгледзела работу прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці


Гаворку пра мясцовую прамысловасць на Брэстчыне часцей за ўсё пачынаюць з Даманаўскага вытворча-гандлёвага камбіната. Гэта прадпрыемства з унікальнай вытворчасцю, яно адзінае ў Беларусі, падобных заводаў усяго некалькі нават на ўсю вялікую Расію. У Даманаве выпускаюць вадкае шкло, будаўнічыя сумесі, інгрэдыенты для пральных парашкоў, іншую прадукцыю. Не дзіўна, што дэпутаты абласнога Савета абмеркаванне стану спраў на прадпрыемствах Дзяржаўнага прадпрыемства «Брэстмясцпрам» пачалі з наведвання гэтага камбіната.


Но­вае аб­ста­ля­ван­не на за­вод­зе «Цеп­ла­пры­бор».

Даманаўскі ВГК цікавы яшчэ і тым, што знаходзіцца ў вёсцы Івацэвіцкага раёна з насельніцтвам каля тысячы чалавек. Камбінат сёння дае работу амаль 170 працаўнікам, абсалютная большасць якіх сельскія жыхары.

Яго гісторыя пачынаецца ў далёкім 1944 годзе, але ж новае дыханне і новы змест прадпрыемства атрымала ўжо ў ХХІ стагоддзі. Апошняе дзесяцігоддзе тут вялася паэтапная мадэрнізацыя вытворчасці, накіраваная перш за ўсё на эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў. Сапраўдным прарывам стала рэалізацыя праекта па рэканструкцыі шклаварнай печы № 1. У выніку дасягнута зніжэнне спажывання прыроднага газу на 20 працэнтаў, а вытворчая магутнасць печы павялічылася на 31 працэнт. Гэта было ў 2010 годзе. А роўна праз год камбінат асвоіў выпуск інавацыйнага віду прадукцыі — сілікату натрыю гідратаванага. Цяпер увесь аб'ём гэтай прадукцыі пастаўляецца на экспарт.

У 2012 годзе камбінат мадэрнізаваў шклаварную печ № 2. Гэтым разам спажыванне газу паменшылася на 15 працэнтаў, а вытворчая магутнасць печы ўзрасла на 40 працэнтаў. Апошнім часам спецыялісты Даманаўскага ВГК актыўна працуюць над падрыхтоўкай праекта па вытворчасці бязводнага метасілікату натрыю. Дасягнутая дамоўленасць аб апрабацыі новай прадукцыі ў адной з лабараторый Германіі. Выпрабаванні павінны прайсці ўжо ў наступным месяцы. А сертыфікат лабараторыі ў выпадку яго атрымання адкрые дарогу на многія рынкі замежжа.

Дырэктар камбіната Святлана МАСЮК, якая, дарэчы, два мінулыя скліканні была дэпутатам абласнога Савета, паведаміла, што новую вытворчасць яны змаглі арганізаваць у старых сценах.

Варта сказаць, што хапае цяжкасцяў і на гэтым прадпрыемстве. Укладанні ў мадэрнізацыю запатрабавалі эканоміі, скарачэння іншых выдаткаў. Але ж зараз прадпрыемства працуе стабільна. На некаторых вытворчасцях работа арганізавана ў тры змены, бо печ па тэхналогіі нельга спыніць альбо выключыць. Сярэдняя зарплата работнікаў камбіната крыху вышэйшая, чым у працаўнікоў, напрыклад, аграрнага сектара раёна.

Названае прадпрыемства не раз падчас абмеркавання на пасяджэнні сесіі называлася флагманам мясцовай прамысловасці Брэстчыны. А ўсяго абласное ўпраўленне мясцовай прамысловасці мае пад сваім крылом пяць прадпрыемстваў самых розных кірункаў. Напрыклад, Антопальская ватна-прадзільная фабрыка выпускае матрацы і коўдры, бярозаўскі завод «Цеплапрыбор» спецыялізуецца на катлах і падобных канструкцыях, брэсцкае галаўное прадпрыемства займаецца швейнай і іншай прадукцыяй, дае работу інвалідам, многія з якіх працуюць надомна.

Дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Брэстмясцпрам» Леанід ШЛЫКАЎ расказаў пра эканамічнае становішча кожнага з прадпрыемстваў, прывёў лічбы і факты, якія адлюстроўваюць стан спраў за апошнія гады. Паводле паказчыкаў, прасочваецца станоўчая дынаміка развіцця большасці прадпрыемстваў. За апошнія тры гады адзначаны рост аб'ёмаў вытворчасці, многія займаюцца інавацыйнай прадукцыяй. На ўсіх прадпрыемствах упраўлення занята амаль 480 чалавек.

Але ж, думаю, варта згадаць, што такое наогул мясцовая прамысловасць. Гэта прадпрыемствы, якія арганізоўваліся ў асноўным пасля вайны, калі трэба было адраджаць народную гаспадарку і даваць людзям работу. Тады фактычна ў кожным раёне, дзе была гліна, адкрывалі цагельныя заводы. Яны функцыянавалі з аднолькавай прымітыўнай тэхналогіяй, на іх выкарыстоўвалася цяжкая ручная праца. З механізацыі найчасцей значылася стужка транспарцёра, з якой трэба было хапаць рукамі пяць-шэсць вільготных цаглін і складваць адмысловымі радамі (паспрабуйце падняць і ўтрымаць у адзін рад пяць сухіх цаглін! — Аўт.) І вось такія заводы датрывалі да 90-х, а то і да рубяжу вякоў, а потым яны непазбежна закрываліся. Не лепшыя па сваёй якасці былі тэхналогіі на іншых вытворчасцях, таму іх проста выціснуў з рынку час з яго новымі патрабаваннямі. І на Брэстчыне, як у іншых рэгіёнах, такія прадпрыемствы адно за адным закрываліся. Напрыклад, у Дзівіне Кобрынскага раёна паспяхова працуе замежнае прадпрыемства «Лангхайнрых» па вытворчасці сталовай і пасцельнай бялізны. І ўсё таму, што тагачаснае кіраўніцтва «Мясцпрама» знайшло інвестара і выгадна рэалізавала вытворчыя плошчы. Вось і летась ліквідаваны Пружанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, а маёмасць «Кобрынскага хіміка» прададзена КУП «Брэстжылбуд» з захаваннем вытворчасці і працоўнага калектыву.

А хто хоча застацца на рынку, у таго няма іншага выйсця, як перастройваць сваю работу на новы лад, выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, адным словам, станавіцца сучасным вытворцам. Паказальным у гэтым сэнсе можа быць прыклад ААТ «Цеплапрыбор», якое знаходзіцца ў Бярозе. Яшчэ ў сакавіку 2016 года Эканамічны суд Брэсцкай вобласці прыняў рашэнне аб банкруцтве названага завода і ўвёў працэдуру санацыі. Тэрмін яе завяршэння летась прадоўжаны да верасня 2023 года. Як заўважыў Леанід Шлыкаў, ход санацыі можна лічыць паспяховым: пагашана значная частка даўгоў, працягваецца работа па аднаўленні плацежаздольнасці прадпрыемства.

На сесіі адзначалася, што завод у многім абавязаны антыкрызіснаму кіраўніку Мікалаю Мурашкіну, які здолеў накіраваць калектыў на выкананне першачарговых задач. Сёння «Цеплапрыбор» асвоіў выпуск катлоў для ацяплення індывідуальных жылых дамоў пелетамі. Выпушчана першая партыя прыбораў і адпраўлена на выпрабаванне.

Ажыццяўляецца сумесны праект з польскімі партнёрамі па выпуску металічных каркасаў для мэблі. У стадыі прапрацоўкі новыя праекты і новыя задумкі. Як адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Юрый НАРКЕВІЧ, «Цеплапрыбор» — гэта прыклад таго, як прадпрыемства з маральна састарэлым абсталяваннем і такімі ж тэхналогіямі паступова перастройваецца на новыя рэйкі. Кіраўніку і спецыялістам удалося на былой вытворчай базе пабудаваць новую вытворчасць, захаваць калектыў ва ўмовах, калі цяжкім грузам вісяць даўгі былых гадоў. І ўсё таму, што на прадпрыемстве кампетэнтна пралічвалі кожны фінансавы крок, уважліва вывучалі рынкі збыту.

Чаго, на жаль, не скажаш, пра Антопальскую ватна-прадзільную фабрыку, дзе нядаўна дапусцілі пралік. На прадпрыемстве занятыя 89 чалавек. Фабрыка выпускае матрацы, коўдры, падушкі, пакрывалы, ручнікі, іншую прадукцыю. А не так даўно асвоілі выпуск вільготных сурвэтак для апрацоўкі вымя кароў. Абсталяванне купілі за сродкі інавацыйнага фонду аблвыканкама, а кошт прадукцыі і яе канкурэнтаздольнасць на рынку загадзя не вызначылі. І выйшла, што антопальскія сурвэткі значна даражэйшыя за прадукцыю іншых пастаўшчыкоў. Дэпутаты-аграрыі, якія прысутнічалі на сесіі, казалі, што цяпер кожны грошы лічыць, таму яны купляюць прадукцыю ў таго, хто прадае танней. А ў Антопалі новая лінія загружана ўсяго на 12 працэнтаў. Таму аблвыканкам можа запатрабаваць вярнуць сродкі, якія неэфектыўна выкарыстаныя. Антопальцам цяпер варта актыўна шукаць рынкі збыту, прымаць маркетынгавыя захады. Бо сучасны рынак — рэч жорсткая, любыя, нават невялікія хібы ён не даруе. Трэба ўлічваць гэта ўсім, хто хоча застацца ў асяродку гэтага рынку.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Івацэвіцкі раён

Загаловак у газеце: Як застацца на рынку?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.