Вы тут

Дарожнікі расказалі, як падрыхтаваліся да снегу і як засцерагчыся на трасе ўначы


Неабходную колькасць рэчываў для абслугоўвання дарог і забеспячэння на іх бяспекі ўзімку нарыхтуюць ужо ў кастрычніку. А для больш камфортнай язды траса М-1 павінна стаць аўтамагістраллю, ды і хуткасць на сталічных вуліцах таксама трэба павялічваць. Пра гэта і іншыя акалічнасці жыцця аўтадарог расказалі дарожнікі.


Фота БелТА.

Хуткасныя праспекты і аўтамагістраль

Дзеля павышэння бяспекі ў цёмны час трэба заканадаўча забараніць рух пешаходаў, веласіпедыстаў, гужавога транспарту і трактарнай тэхнікі на трасах з павышаным хуткасным рэжымам, лічыць Мікалай ЧАРНЮК, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый.

— На жаль, часам пры вялікай хуткасці з аўто проста немагчыма заўважыць габарыты трактара. Гэта не наша адкрыццё. Ва ўсім свеце на такіх трасах забаронены рух падобных катэгорый транспарту. І першая дарога, дзе мы плануем зрабіць гэта, — траса М-1/Е30 (Брэст — граніца РФ). Неабходна сур'ёзна рэканструяваць яе, як мы рабілі гэта на першай Мінскай кальцавой. Там, канешне, таксама захоўваецца частка праблем, але дарога пацвердзіла, што гэты напрамак з'яўляецца выключным у плане бяспекі руху. І мы бачым, што, калі мы прыбралі з яе святлафоры, абсталявалі ўсе пешаходныя пераходы на розных узроўнях, поўнасцю зрабілі падзяленне палос руху, гэта спрацавала. Тым не менш на кальцавой 30 гадоў таму было менш за 20 тысяч карыстальнікаў, а паказчыкі небяспекі там былі ў разы вышэйшыя, чым цяпер, калі па ёй ездзіць 100 тысяч пры хуткасці 90—100 км/г.

Дарога М1 павінна стаць аўтамагістраллю, аднак перад гэтым на ёй трэба зрабіць усё, што было створана на Мінскай кальцавой, і яшчэ звыш таго. Напрыклад, вынесці аўтобусныя прыпынкі за межы дарожнага палатна.

— На некаторых дарогах у нас ужо зроблены падобныя фрагменты, калі аўтобус спыняецца не на ўзбочыне, якая сумешчана з праезнай часткай, а выязджае за агароджаную зону. Аднак гэта адзінкавыя прыклады.

Хуткасныя параметры ў горадзе таксама неабходна павялічваць, бо на асобных трасах мы ўжо на мяжы затораў, і гэта не дадае бяспекі руху.

Рамонт і рэканструкцыя

Сёлета скончыцца рамонт аўтадарог М1 і М6 (Мінск — Гродна), а налета пачнецца рэканструкцыя трасы М7 (Мінск — граніца Літвы).

Усе планы па бягучым і капітальным рамонце ў цэлым забяспечваюцца, ахарактарызаваў работу галіны прадстаўнік Мінтрансу.

— Нават па асобных напрамках, дзе ў нас за апошнія гады былі істотныя разбурэнні. На такіх дарогах, як М1, выканаем рамонт, тым самым забяспечыўшы для карыстальнікаў і эксплуатацыйных арганізацый больш камфортныя і бяспечныя ўмовы.

Спецыяліст адзначыў, што сёлета поўнасцю будзе завершана траса М6: нават на тых участках, якія не трапілі пад рэканструкцыю і былі пабудаваны раней па першай катэгорыі, правядуць бягучы рамонт і адновяць усе эксплуатацыйныя параметры гэтай трасы ў поўным аб'ёме.

— Застанецца толькі невялікі кавалак ад 57-га кіламетра да Хацежына, дзе мы апошнія гады не праводзілі рэканструкцыю. Гэты ўчастак будзе капітальна адрамантаваны налета, як і ўся дарога М7, якая вядзе ў Вільнюс. Дарога фінансуецца за кошт крэдытаў міжнародных фінансавых інстытутаў, і ўсе асноўныя дакументы ў гэтай частцы ўжо падпісаны, — удакладніў Мікалай Чарнюк. — Амаль скончаны работы і на трасе Р80 (частцы 2-й кальцавой, якая звязвае трасы з Мінска ў Віцебск і з Мінска ў Нацыянальны аэрапорт) па параметрах першай катэгорыі. Іншыя важныя аб'екты таксама будуць забяспечаны ўводам у эксплуатацыю згодна з нашымі праграмамі, зацверджанымі на наступны год.

Сталічная дарожная сетка сёлета таксама абнавілася, паведаміў Алег ЛУКАШЭНКА, намеснік генеральнага дырэктара аб'яднання «Гаррэмаўтадар Мінгарвыканкама» па ўтрыманні аб'ектаў добраўпарадкавання. На 124,4 тысячы метраў мінскіх вуліц ліквідавана крытычная ямкавасць. Адрамантавана 1750 квадратных метраў шумазасцерагальных экранаў і падпорных сцен, 111 тысяч метраў тратуараў, 35,7 кіламетра бартавога каменю, 3311 калодзежаў дажджавой каналізацыі, 1425 пагонных метраў металічнай бар'ернай агароджы. На 251 кіламетры дарог залітыя трэшчыны.

Супраць лёду і снегу

Дзевяць пляцовак для часовага складзіравання снегу і снегаплавільны пункт, дзе за суткі можна перапрацаваць да пяці тысяч кубічных метраў сезонных ападкаў, будуць дзейнічаць зімой у сталіцы. Штосутачна будзе працаваць 700 адзінак спецтэхнікі і 800 прыбіральшчыкаў тэрыторыі, запэўніў Алег Лукашэнка:

— Падрыхтоўка снегаўборачнай тэхнікі і абсталявання да работы зімою вядзецца адпаведна з распрацаваным графікам, на кожную адзінку тэхнікі складаецца акт гатоўнасці. Да 5 лістапада завершыцца пераабсталяванне прылад. Па меры завяршэння работ па пераабсталяванні пескаразмеркавальная тэхніка пройдзе атэстацыю на мінімальныя нормы размеркавання супрацьгалалёдных рэагентаў.

Да 10 кастрычніка поўнасцю завершаць нарыхтоўку асноўных супрацьгалалёдных і іншых матэрыялаў для апрацоўкі дарожнага палатна. Пакуль іх назапашана 80 % ад неабходнай колькасці, кажуць дарожнікі. Яны запэўнілі, што гатоўнасць эксплуатацыйнай тэхнікі таксама даволі высокая, а ўсе работы будуць выкананы ў час.

Летась сталічныя дарожнікі набылі 14 спецмашын і шэсць адзінак абсталявання для ўборкі снегу. Так што ў сёлетняй зімовай кампаніі будзе ўдзельнічаць не менш за 760 адзінак тэхнікі: камбінаваныя дарожныя машыны, плужна-шчотачныя, снегапагрузчыкі, солеразмеркавальнікі, самазвалы для вывазу снегу.

Каб выключыць збоі ў рабоце транспарту зімою, дарожнікі заключылі дагаворы з 35 арганізацыямі. Пры неабходнасці да работы дадаткова падключыцца да 350 адзінак спецтэхнікі, пераважна самазвалаў.

Апрацоўваць мінскія дарогі будуць пясчана-саляной сумессю і чыстай соллю «Галіт» маркі А. Да 15 кастрычніка іх нарыхтуюць у неабходнай колькасці. А для бяспекі жыхароў і аператыўнага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, што могуць узнікнуць падчас вялікіх снегападаў ці рэзкага паніжэння тэмператур, прадугледжаны адпаведны план дзеянняў.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Бяспечны шлях: зімой і ў цемры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.