Вы тут

Ці насамрэч канфлікт пакаленняў — такая натуральная і непазбежная рэч?


Днямі патэлефанавала прыяцелька, падзялілася абурэннем: 12-гадовы сын, што называецца, без абвяшчэння вайны прыйшоў дадому з ярка-чырвоным чубам. Тата хмыкнуў і параіў для камплекту адрасціць рознакаляровы пеўневы хвост. Мама схапілася за сэрца, уяўляючы, што скажуць настаўнікі, асабліва ў музычнай школе, ну і мне за кампанію паскардзілася: «Я сама рызыкнула пафарбавацца толькі ў 17 гадоў, а ў гэтага ўжо не вучоба ў галаве, а модныя трэнды — што з яго вырасце?!».


Я рагатала да слёз, бо мама гэтай самай прыяцелькі -ццаць гадоў таму сказала акурат гэту самую фразу — здаецца, пасля таго як даведалася, што дачка захапілася рэканструктарствам і хоча сплесці з дроту кальчугу... Згадаўшы той выпадак, мы адсмяяліся ўжо разам і прыйшлі да высновы, што дарэмна мама перажывала, харошая вырасла жанчына, жонка, маці, спецыяліст і сяброўка. А сына прыяцелька з мужам хоць і адчыхвосцілі за самадзейнасць, але вяртаць усё назад не прымусілі: няхай самавыяўляецца, калі гэта не перашкаджае вучобе, дый валасы не зубы, адрастуць.

Канфлікт пакаленняў рэч такая ж натуральная і непазбежная, як змена сезонаў, — яшчэ філосафы часоў Сакрата скардзіліся на моладзь, з якой не вырасце нічога добрага. Кола жыцця круціцца год за годам, і тыя, хто калісьці спрачаўся з бацькамі за ўласную самастойнасць, сёння ўжо самі бацькі, і многія шчасліва перакананыя, што раней трава была зелянейшая, а мы — дзеці — разумнейшыя, не параўнаць з цяперашнімі. Ага, ага. Пакуль ёсць магчымасць, распытайце ў дзядуляў і бабуль, якімі былі ў дзяцінстве вашы бацькі — з вялікай доляй імавернасці шмат новага і цікавага даведаецеся. Толькі ўлічвайце, што бацькі могуць зрабіць алаверды і расказаць ужо сваім унукам пра самыя яркія эпізоды з вашага дзяцінства і юнацтва, у якіх экспрэсіўны колер валасоў можа быць найменшай драбязой...

Не, безумоўна, гэта не значыць, што трэба дазволіць дзецям рабіць усё што заўгодна, — ні ў якім выпадку. Калі тыя ж эксперыменты са знешнасцю, модныя захапленні, гульні могуць быць небяспечныя, пра гэта трэба гаварыць, заклікаючы на дапамогу тых, чыё меркаванне для падлетка сапраўды аўтарытэтнае. Але лабавая крытыка ў стылі «я старэйшы, ты дурань», як правіла, бескарысная, а часам выклікае роўна адваротную рэакцыю. Пачуццё густу, стылю і меры, адчуванне адметнасці, а не жадання прыпадабняцца да іншых, — усё гэта варта закладваць і выхоўваць паступова, не заціскаючы дзіця ў жорсткія рамкі і не патрабуючы, каб яно ва ўсім адпавядала чаканням дарослых — вашым, ці сваякоў, ці дырэктара школы.

Напрыканцы прывяду адну з любімых сцэнак пра кантраст паміж чаканнямі і вынікам — са старога фільма «Містар Ікс»:

— А вы былі дзіцёначкам, і такая маленькая-маленькая, ружовенькая-ружовенькая, пухленькая, як парася... І вось гэтае парася расло, расло і вырасла такая вялікая...

— Што вырасла?!

— Ну, што вырасла, то вырасла, цяпер ужо не вернеш.

Гэта я да чаго: важна тое, што ўнутры. І калі там свінячая сутнасць, то якіх ты банцікаў зверху ні накруці, яна рана ці позна раскрыецца на ўсю моц, нібы той свінтус грандыёзус. А калі ўнутры жывы чалавек, добры і цёплы, то хіба важна, будзе ён звонку чорны ці чырвоны?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».