Вы тут

Чаму роды павінны быць партнёрскімі


Партнёрскія роды ў Беларусі з'явіліся яшчэ ў канцы 90-х, і сёння ім ужо ніхто не здзіўляецца. Але і назваць іх з'явай усеагульнай таксама нельга, нягледзячы на тое што такія магчымасці ёсць не толькі ў сталіцы, але і ў раддамах абласных і іншых гарадоў. Паводле сацыялагічнага даследавання, праведзенага праектам «Радзіны», усяго каля 16 % жанчын нараджаюць з партнёрскай падтрымкай. Прычым за апошнія сем гадоў гэтая лічба змянілася неістотна. З якімі праблемамі сутыкаюцца жанчыны ў радзільных дамах пры арганізацыі партнёрскіх родаў і навошта ім падтрымка мужа, маці, сястры ці доўлы, нам расказалі дзве маладыя матулі, якія нарадзілі сваіх дзетак летась. Сваім меркаваннем з гэтай нагоды падзялілася і акушэр-гінеколаг, якая мае досвед работы ў радзільным доме і выкладання на курсах для будучых мам.


Паводле апытання, праведзенага праектам «Радзіны» два гады таму, з 2012 да 2017 года ў Беларусі было ўсяго 16,3 % партнёрскіх родаў. Пры гэтым больш за 71 % жанчын хацелі б нараджаць з падтрымкай і выбраць партнёра для родаў. Такая ж лічба партнёрскіх родаў (16 %) была названа і падчас анлайн-апытання жанчын, якія нарадзілі ў 2017—2019 гадах. Яго вясной гэтага года для ініцыятывы «Тваё права на пазітыўны досвед у родах» правёў праект «Радзіны». Таму можна меркаваць, што колькасць партнёрскіх родаў расце вельмі марудна. Хоць медыкі запэўніваюць, што з году ў год іх становіцца больш. Напрыклад, у радзільным доме пры 5-й клінічнай бальніцы Мінска летась з 5565 родаў каля 500 былі партнёрскімі, а сёлета гэта лічба будзе большай.

Паводле рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя для фарміравання станоўчага вопыту родаў і забеспячэння здароўя маці і дзіцяці прадугледжваецца пастаянная партнёрская падтрымка. Прысутнасць партнёра на родах рэкамендуецца абсалютна для ўсіх жанчын. Сярод цяжкасцяў пры арганізацыі партнёрскіх родаў беларускі называлі адсутнасць месцаў і індывідуальных палат у радзільным доме, праблемы з боку персаналу і цяжкасці бюракратычнага характару.

«З пачуццём абароненасці і спакою»

У маці траіх дзяцей мінчанкі Ганны Малышавай толькі адны роды былі партнёрскімі.

— Падчас першых двух родаў я, напэўна, была не так добра інфармавана і падрыхтавана, таму проста выконвала ўсё, што казалі ўрачы. У першых родах мне далі таблетку пад язык для паскарэння раскрыцця. У другіх — пракалолі каляплодны пузыр. Трэці раз я саспела несці адказнасць за свае роды і загадзя сама пачала вывучаць інфармацыю, што лепш для мяне і майго дзіцяці.

Партнёрам Ганны на родах быў муж.

— Ён быў проста побач: прывёз мяне ў радзільны дом, запаўняў паперкі. Падчас саміх родаў я папрасіла яго выйсці, а потым ён адразу вярнуўся і перарэзаў пупавіну, калі яна адпульсавала. Потым назіраў, як дзіця ўзважылі, завярнулі, і ўзяў яго на рукі. Так мы правялі ў палаце разам тры гадзіны. Прысутнасць мужа давала мне найперш пачуццё абароненасці і спакою. Калі старэйшых дзяцей я нараджала адна, адчувала сябе няўпэўненай і слабай.

Ганна выбрала радзільны дом пры 5-й клінічнай бальніцы Мінска, бо толькі там без пярэчанняў успрынялі ўсе пажаданні маладой матулі. Сярод іх, у прыватнасці, вертыкальныя роды без «паскаральных» працэдур, адтэрмінаванае пераразанне пупавіны і прыкладанне да грудзей.

— Праўда, на саміх родах на некаторыя свае «нестандартныя» просьбы я атрымлівала мяккую адмову. Напрыклад, я папрасіла выконваць КТГ (электронны маніторынг сэрцабіцця плода. — «Зв.») на фітболе — мне мякка сказалі, што так рабіць нельга. У выніку мы ўсё ж дамовіліся, і яго вымяралі на фітболе. Усё атрымалася так, як мы і хацелі: ніякіх лішніх маніпуляцый мне не прапаноўвалі, але ўсё і так прайшло хутка. Я карысталася прыёмамі для аблягчэння болю падчас схватак, пра якія нам казалі на курсах. Вертыкальныя роды сапраўды аказаліся лягчэйшыя. Медперсанал быў ветлівы да родаў і пасля. Усе ішлі насустрач і сапраўды адчувалася, што медыкі стараюцца штосьці змяніць у лепшы бок. Але паколькі практыкі яшчэ недастаткова, то калі не папросіш, будуць дзейнічаць як ім прасцей і зручней. Няма попыту, няма і прапановы, — лічыць Ганна Малышава.

Яна ўпэўнена, што чым больш будзе «асэнсаваных» парадзіх, тым хутчэй зменіцца сістэма родадапамогі. І лічыць, што базавую інфармацыю дзяўчаты павінны атрымліваць калі не ў школе, то хоць ва ўніверсітэце.

— Косінусы і сінусы вучаць усе, а прымяняюць адзінкі, у адрозненне ад родаў.

Пры гэтым, нягледзячы на тое, што досведам партнёрскіх родаў Ганна збольшага задаволеная, не абышлося без дробязяў, якія падпсавалі ўражанне.

— Дзіця адразу палажылі мне на жывот з неперарэзанай пупавінай, як я і прасіла. Паклікалі мужа, каб ён перарэзаў пупавіну адразу, як яна адпульсуе. А праз тры гадзіны дзіця забралі. Прынеслі толькі праз чатыры гадзіны — накормленае сумессю. Лічу, што гэта проста недапушчальна ў XXІ стагоддзі! На сёння я б, канешне, адмовілася аддаваць дзіця нават на пяць хвілін, тым больш што адчувала я сябе добра і роды прайшлі без ускладненняў. Але пасля бойкі кулакамі не махаюць.

Фота мае ілюстрацыйны характар.

«Людзі гатовы плаціць, але не хапае палат»

Для мінчанкі Надзеі Кім роды былі першыя. Нараджала яна таксама ў 5-й клінічнай бальніцы, а побач, як і ў Ганны, быў муж.

— Ён бегаў у машыну па забытыя дакументы, у перадродавай палаце клікаў медсястру, калі мне патрэбна была дапамога. Мне значна спакайней было ведаць, што ёсць чалавек, які сходзіць кудысьці, пакліча, патлумачыць, і да яго не ставяцца як да неадэкватнага. Для мяне было важна, што мы разам маглі памаліцца, бо мы веруючыя. Мой муж абсалютна спакойна рэагаваў на ўсё. Але, можа, таму, што ўсё ішло добра і я сама не панікавала, не было эмацыянальнай напружанасці.

Пры мужу, кажа Надзея, ніхто не хаміў, а вось калі ён адлучаўся, і ў прыёмным пакоі, і пасля родаў давялося выслухаць ад персаналу пару не самых прыемных рэплік:

— Пасля родаў доктар сказала, што я прыкідваюся, нібы мне кепска, на што муж, пакуль я хадзіла на працэдуры, патлумачыў, што ніхто не прыкідваецца, і размовы адразу сталі больш лагодныя.

Сутыкнулася сямейная пара і з недахопам палат.

— Перад родамі мы дамаўляліся на палату сямейнага тыпу, але яна вызвалілася толькі праз суткі. Паколькі я адчувала сябе вельмі дрэнна, малы гэты час правёў на посце медсястры. Калі б муж быў побач, ён бы мог за ім прыглядаць. Было б добра, калі б у раддамах маглі ўладкаваць большую колькасць палат — сямейных і для партнёрскіх родаў. Бо людзі гатовы плаціць, проста не хапае палат.

Былі і іншыя дробязі, якія маладая матуля хацела б змяніць:

— Нічога асаблівага не забаранялі, але падыход падчас родаў быў такі: «Навошта вам даўжэй пакутаваць», таму недзе пасярэдзіне працэсу паставілі аксітацын. Цяпер я разумею, што можна было і без яго. У нас гэта першае дзіця, і, нягледзячы на тое, што мы былі на курсах, усё адно мы многае не разумелі. Цяпер я ўжо некаторыя рэчы папрасіла б не рабіць і сказала б мужу за гэтым прасачыць, бо і нараджаць, і кантраляваць усё астатняе складана. Я б параіла будучым матулям пісаць «план родаў» і дэталёва яго абмяркоўваць з мужам, каб ён ведаў, на што звяртаць увагу. Ну і зразумела, я за партнёрскія роды. Мне складана ўявіць, як іншыя нараджаюць адны. Гэта гераізм, як па мне.

«Аб'ектыўна ацэньвайце свайго памочніка»

Сёння менавіта за партнёрскія роды выступаюць і многія медыкі.

— Ужо абсалютна дакладна даказана навуковымі даследаваннямі, праведзенымі як у краінах СНД, так і на Захадзе, што пры партнёрскіх родах зніжаецца частата акушэрскіх умяшанняў, радавога траўматызму, прымянення антыбактэрыяльнай тэрапіі ў пасляродавым перыядзе як у маці, так і ў нованароджанага, паляпшаюцца перынатальныя і мацярынскія зыходы ў цэлым. Таму я за партнёрства ў родах, — кажа ўрач акушэр-гінеколаг, кандыдат медыцынскіх навук Кацярына Шылкіна. — На мой погляд, якімі павінны быць роды, вырашае сама будучая матуля і яе сям'я. Галоўнае, каб у кожнай жанчыны была магчымасць бачыць на родах таго чалавека, з якім ёй будзе спакойна, камфортна, з якім яна будзе адчуваць сябе ў бяспецы.

Большая частка жанчын, якія адважыліся на партнёрскія роды, нараджаюць разам з мужам. Але партнёрам можа быць і сястра, матуля ці іншая сваячка, а таксама доўла.

— Аднак ёсць і тыя жанчыны, якім партнёр у родах не патрэбны, яны выдатна справяцца з родамі самастойна толькі з адной акушэркай, — адзначае Кацярына Шылкіна.

Пры гэтым урач звяртае ўвагу, што падрыхтаваны партнёр сапраўды дапамагае жанчыне. А вось уражлівы чалавек хутчэй нашкодзіць, таму, выбіраючы блізкага чалавека, які пойдзе з вамі на роды, важна не памыліцца:

— Няма сумненняў, што чалавек, які прыйшоў з жанчынай на роды, павінен быць падрыхтаваны і дасведчаны ў тэме родаў, гэта не чалавек з вуліцы, калі мы маем на ўвазе паўнавартаснага партнёра, які знаходзіцца ў пакоі з парадзіхай. Партнёр можа падтрымаць, падбадзёрыць, расказаць вясёлую гісторыю, проста памаўчаць побач, сагрэць, пашкадаваць. З другога боку, уразлівы партнёр, які хвалюецца больш, чым сама жанчына, — не памочнік, а толькі абуза як для парадзіхі, так і для персаналу. Таму пры выбары трэба аб'ектыўна ацэньваць свайго памочніка, — раіць Кацярына Шылкіна.

Пры гэтым абавязкова павінна быць жаданне партнёра прысутнічаць на родах.

— З'яўленне таты на родах — гэта асабістае жаданне мужчыны. Ні ў якім разе жанчына не павінна настойваць на тым, каб яе муж прысутнічаў на родах, маўляў, цяпер усе так нараджаюць. Калі мужчына не хоча ісці, не варта яго прымушаць. У маёй практыцы падрыхтоўкі пар да партнёрскіх родаў было нямала выпадкаў, калі таты наведвалі ўсе дзевяць заняткаў ад званка да званка, вялі канспекты, але абсалютна дакладна ведалі, што на роды не пойдуць. Затое яны былі знаёмы з усімі нюансамі цяжарнасці, асаблівасцямі родаў, ведалі, калі адвезці жонку ў раддом, як дапамагчы ёй псіхалагічна, як падрыхтавацца да сустрэчы з раддому, нюансы груднога кармлення і практычнай дапамогі. Такія таты былі на сто працэнтаў тэарэтычна падрыхтаваны. І іх рашэнне я цалкам разумею і паважаю. Усе мы розныя, — расказвае Кацярына Шылкіна. — Іншыя таты прысутнічаюць на родах увесь першы перыяд, але ў момант з'яўлення малога на свет застаюцца ў перадродавай палаце і ў радзалу не ідуць. Гэта таксама іх выбар ці, магчыма, выбар мамы.

Урач раіць маладым татам падрыхтавацца да родаў грунтоўна: прайсці курсы ў спецыялістаў, пачытаць правераную сучасную літаратуру, сумленна адказаць сабе на пытанне, ці хочуць і ці змогуць дапамагчы сваёй жанчыне ў няпросты момант. І любы адказ будзе правільны, бо ён — ваш.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Давай нараджаць разам?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.