Вы тут

“Гарбузовы фэст” пройдзе 28 верасня пад Мінскам


Свята, прысвечанае восеньскаму плоду – гарбузу, стала для Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта ўжо добрай традыцыяй. У бягучым годзе яно праводзіцца ўжо ў трэці раз. Па словах рэктара Аляксандра Жука, гэта наш адказ Хэлоўіну. Дарэчы, менавіта яму належыць ідэя правядзення фэсту.


Праграма сёлетняга фестывалю абяцае быць насычанай. Адзінаццаць студэнцкіх каманд дзевяці факультэтаў і двух інстытутаў возьмуць удзел у гульнях і конкурсах спартыўнай накіраванасці пад агульнай назвай “Гарбузовыя забаўкі” (на званне самай спартыўнай прэтэндуе і каманда рэктарата).

Каманда з найлепшай кулінарнай стравай з гарбуза і іншай гародніны і садавіны вызначыцца падчас конкурсу “Восеньскія прысмакі”. На выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Восеньскія дзівосы” будзе абраны найлепшы з прадстаўленых вырабаў, а ў конкурсе “Чароўная красуня” – прыгажуня з дзяўчат-першакурсніц. Па выніках прэзентацыі “Восень каляровая” журы аб’явіць самы цікавы творчы нумар, а па выніках узважвання – самы важкі гарбуз. Па суме балаў за ўсе конкурсныя заданні і выпрабаванні будуць вызначаны пераможцы і прызёры “Гарбузовага фэсту”.      

Падчас фестывалю ўсе ахвотныя змогуць паназіраць за прыгатаваннем розных нацыянальных беларускіх і замежных страў і пачаставаць іх, а на “дармарцы” абмяняцца сезоннай прадукцыяй. І, безумоўна, усіх чакае пачастунак ад рэктарата – смачная каша з гарбуза. 

На працягу ўсяго фэсту будуць функцыянаваць пляцоўкі рэсурснага цэнтра “Greenoffice”, псіхалагічнай гасцёўні “Таямніцы душы”, РНПЦ “Кардыялогія” “Пульс восені”. Гасцей чакаюць таксама на спартыўнай пляцоўцы  “Дужы, спрытны, трапны” і пляцоўцы  “Надзвычай незвычайна”, дзе будуць ладзіцца эксперыменты, інтэрактыўныя майстэрні па маляванні  і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Фестываль распачнецца ў 11 гадзін у пасёлку Зялёнае, Мінскі раён (аграбіястанцыя “Зялёнае”, вучэбны корпус № 10). 

Дабрацца да пасёлка Зялёнае можна на аўтобусе БДПУ, які будзе адпраўляцца ад галоўнага корпуса ўніверсітэта (вул. Савецкая, 18) у 9.00, а таксама электрацягніком з вакзала Мінск-Пасажырскі ў маладзечанскім напрамку.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.