Вы тут

Адбылася прамая лінія са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама


Магчымасцю задаць пытанне непасрэдна губернатару скарысталіся 30 жыхароў вобласці. Крыху больш за трэць зваротаў паступіла ад магіляўчан. Жыхароў абласнога цэнтра хвалявалі пытанні добраўпарадкавання, якасці дарог, будаўніцтва жылля.


На працягу трох гадзін прамой лініі патэлефанавала некалькі будучых жыхароў 24-павярховіка, які ўзводзіцца на вуліцы Якубоўскага. Здача дома запланавана на красавік наступнага года, але яшчэ нават другі паверх не пабудаваны, хвалююцца яны. Заяўнікі паведамілі, што будаўнікі не спяшаюцца тлумачыць, чаму тэрміны зацягваюцца. Людзі ж хвалююцца за ўкладзеныя грошы і ўзятыя пад будаўніцтва крэдыты. Дарэчы, адставанне ад графіка будаўніцтва стала нагодай і для звароту да народных абраннікаў, пра што паведаміў старшыня аблсавета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, які браў удзел у прамой лініі. У зале таксама прысутнічалі прадстаўнікі ведамства, якое павінна кантраляваць гэты працэс. Ад іх прагучала абяцанне, што ў хуткім часе аб'ёмы будуць адноўленыя і аб'ект здадуць дакладна па графіку. Старшыня аблвыканкама папярэдзіў, што абяцанні, якія даюцца, павінны быць выкананыя. Ён таксама даручыў правесці сход з будучымі навасёламі і растлумачыць, чаму будаўнічы працэс запаволіўся.

Чатыры звароты датычыліся стыхійнай дарогі з Магілёва да вёскі Палавінны Лог, якая калісьці для зручнасці была пракладзеная напрасткі. Пры гэтым ёсць цывільны варыянт заасфальтаванай дарогі праз вёску Нікалаеўку, але заяўнікаў ён не вельмі задавальняе, бо напрасткі гэта, умоўна кажучы, адзін кіламетр дарогі, а па трасе ўсе 12. Падчас абмеркавання пытання высветлілася, што ў стыхійнай дарогі нават няма гаспадара, але просьбы яе добраўпарадкаваць паступаюць мясцовай уладзе рэгулярна. Губернатар прапанаваў тэрмінова вывучыць абстаноўку і знайсці варыянт, як яе легалізаваць.

— Сітуацыю трэба выправіць, — адзначыў Леанід Заяц. — Трэба ўзяць дарогу на баланс і знайсці практычнае вырашэнне пытання.

Дарожную тэму працягнула жыхарка вёскі Гарадшчына. Яна паведаміла, што дарога ад абласной бальніцы да вёскі, па якой ездзяць маршруткі, занядбаная. Асабліва цяжка па ёй праехаць пасля дажджоў. Жанчына кажа, што дарогу трэба рэгулярна грэйдзіраваць, а гэта робяць час ад часу. Губернатар даў даручэнне дарожнікам узяць пытанне на кантроль, сістэматычна грэйдзіраваць дарогу, а перад замаразкамі зрабіць гэта больш грунтоўна.

Нараканні выклікае і шлях праз пераезд з пасёлка Дачны. Пра праблему сігналізаваў аўтаўладальнік, які рэгулярна карыстаецца гэтым маршрутам. Пытанне таксама «з барадой»: каб арганізаваць цывілізаваны рух у раёне пераезда, трэба пабудаваць там пешаходны пераход, а для гэтага неабходны сродкі. Леанід Заяц даў даручэнне дасканала даследаваць абстаноўку і знайсці прымальнае рашэнне. «Паглядзім, што можна зрабіць, каб зняць праблему», — паабяцаў ён заяўніку.

Кіраўнік невялікай будаўнічай арганізацыі з Магілёва паскардзіўся на фінансавыя складанасці па разліках з ёй. Арганізацыя часта працуе на субпадрадзе з будтрэстам № 12, але з ёй не спяшаюцца разлічвацца. У цэлым запазычанасць за мінулы год склала 95 тысяч рублёў. Губернатар паабяцаў разабрацца ў праблеме.

Ганну Окуневу з Магілёва хваляваў далейшы лёс прыватнага сектара ў раёне ракі Дубравенка. Ёй патлумачылі, што згодна з генеральным планам развіцця горада прыватныя дамы будуць знесены, а на іх месцы пабудуюць шматпавярховікі. І адбудзецца гэта, удакладнілі, як толькі з'явіцца інвестар.

Сям'я з Быхава паведаміла пра абуральны факт з новай кватэрай, якая пабудавана яшчэ дзевяць гадоў таму, але ўехаць у якую нельга праз мноства недапрацовак. Двойчы справа разглядалася ў судзе, па рашэнні якога будаўнічая арганізацыя павінна была ліквідаваць недаробкі, але воз, як той казаў, і зараз там. Леанід Заяц паабяцаў «развязаць» гэты вузел і патрабаваў тэрміновага адказу ад мясцовых улад.

Некалькі пытанняў з раёнаў датычылася працаўладкавання, бо, як казалі заяўнікі, з-за складаных адносін з наймальнікамі самастойна зрабіць гэта яны не могуць. Іх спадзяванні ўзмацнілі абяцанні дапамагчы. Але і ад саміх асоб, якім спатрэбілася такая дапамога, патрабуецца больш лаяльнасці і адказнасці, падкрэсліў губернатар.

Жыхар аграгарадка Дашкаўка падзяліўся сваімі разважаннямі наконт вялікага ўтрымання ў пітной вадзе жалеза. На яго погляд, прычына ў старой трубе, па якой яна падаецца. «Вось ужо чатыры гады б'юся, каб яе замянілі, але ніякіх зрухаў», — абурыўся ён.

Са Слаўгарадскага раёна патэлефанавала даярка, якая паскардзілася, што з зарплаты работнікаў гаспадарка ўтрымала адчувальную суму грошай. «І гэта пры тым, што мы ўтрох даглядаем 180 галоў жывёлы», — паведаміла жанчына. Леанід Заяц даручыў кіраўніку раёна пабываць у гаспадарцы і разабрацца, у чым там справа.

Жыхар Бялыніч паведаміў пра складанасці з грамадскім транспартам, які курсіруе ў Мінск. Па яго словах, па буднях у сталіцу адпраўляецца толькі адзін рэйс у 7.55 гадзін раніцы. Асноўная траса Магілёў — Мінск знаходзіцца за пяць кіламетраў ад раённага цэнтра, і маршруткі праязджаюць міма. Старшыня аблвыканкама даў даручэнне разгледзець магчымасць скласці маршрут так, каб жыхары райцэнтра не заставаліся ўбаку.

Некалькі званкоў датычылася работы басейнаў і падвозу дзяцей у школу. Жыхар Новых Саматэвіч Касцюковіцкага раёна паведаміў, што з іх аграгарадка сем дзяцей вучыцца ў раённай гімназіі, а дабрацца туды праблематычна. Як высветлілася, у населеным пункце ёсць свая школа і па законе пытанне з падвозам павінна вырашацца на ўзроўні бацькоў, бо выбар на карысць гарадской установы — цалкам іх жаданне. Але губернатар не толькі паабяцаў вырашыць праблему па канкрэтным населеным пункце, але і даручыў разабрацца, ці ёсць такія прэцэдэнты ў іншых раёнах.

Акрамя зваротаў аб дапамозе гучалі на прамой лініі і прапановы. Напрыклад, дацэнт кафедры магілёўскага Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Генадзь Лянеўскі выступіў з ідэяй наладзіць пры ВНУ распрацоўку робатаў для сельскай гаспадаркі. Старшыню аблвыканкама гэта зацікавіла, і ён паабяцаў абмеркаваць пытанне з вучоным падчас наведвання ўніверсітэта, якое плануе ў найбліжэйшы час.

Асаблівасцю прамой лініі сталі таксама падзякі. Пяць чалавек з трыццаці патэлефанавалі менавіта дзеля таго, каб выказаць словы ўдзячнасці ў адрас мясцовых улад. Жыхарка Бабруйска падзякавала мэру горада Аляксандру Студневу за добраўпарадкаванне, якое робіцца мэтанакіравана і грунтоўна. Аналагічныя падзякі гучалі ў адрас губернатара, кіраўніцтва Глускага раёна. Леанід Заяц падкрэсліў, што гэтыя прыемныя словы — адзнака работы ўсіх службаў, якія ствараюць для людзей належныя ўмовы жыцця. Усе пытанні, якія прагучалі падчас прамой лініі, узятыя на кантроль, па іх праводзіцца неабходная работа. Заяўнікі ва ўстаноўлены заканадаўствам час будуць азнаёмлены з яе вынікамі. Асноўны пасыл кіраўніцтва вобласці — працаваць на апераджэнне пытанняў і не дапускаць фармалізму ў рабоце.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Не толькі скаргі, але і падзякі...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.