Вы тут

Як карэспандэнт «Звязды» збірала подпісы з ініцыятыўнай групай


З 8 верасня працягваецца перыяд вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, які завершыцца 7 кастрычніка. Вылучаць саіскальнікаў дэпутацкага мандата могуць і палітычныя партыі, і працоўныя калектывы, і грамадзяне. Апошнія — шляхам збору подпісаў. Увогуле дэпутатам можа стаць любы грамадзянін нашай краіны старэйшы за 21 год, які не мае судзімасцяў.

Каб паспрабаваць сябе ў палітыцы, трэба знайсці паплечнікаў, зарэгістраваць у акруговай выбарчай камісіі ініцыятыўную групу (а гэта не менш чым 10 чалавек) і сабраць не менш чым тысячу подпісаў у сваю падтрымку з жыхароў выбарчай акругі.

Для збору подпісаў члены ініцыятыўных груп могуць хадзіць па кватэрах і арганізоўваць вулічныя пікеты.

Па кватэрах адправілася і наш карэспандэнт. Каб гэты рэпартаж не быў расцэнены як агітацыя, я не называю ні прозвішча жанчыны, якая з'яўляецца патэнцыйным кандыдатам, ні акругу, дзе яна са сваёй ініцыятыўнай групай збірае подпісы. Дзеянне адбываецца ў адной з выбарчых акруг сталіцы.


Усё бывае ўпершыню

Сустрэліся мы з ініцыятыўнай групай прэтэндэнткі балатавацца ў дэпутаты а палове сёмай вечара. Час выбраны невыпадкова. Яшчэ па тэлефоне патэнцыйны кандыдат прызналася, што раней і не варта хадзіць, бо звычайна ў гэты час няма людзей дома. Пікеты яе група таксама ладзіць. Але подпісаў падчас пікетаў сабраць амаль немагчыма: мала людзей актыўна цікавіцца выбарамі і яшчэ менш носіць з сабой пашпарт. Справа ў тым, што ў падпісных лістах людзі павінны пакідаць свае пашпартныя даныя, калі хочуць падтрымаць кандыдатуру.

Прэтэндэнтка, з якой журналіст «Звязды» адправілася збіраць подпісы, упершыню вылучае сваю кандыдатуру, таму ўсё, што яна цяпер робіць, для яе новае.

— Увогуле сябе лічу вельмі актыўнай грамадзянкай, — прызнаецца жанчына. — Клопатаў зараз у мяне няма, сын ужо дарослы і самастойны. Гаспадарчы вопыт даволі працяглы, з 2005 года кірую прадпрыемствам, ды і вопыт публічных выступленняў таксама ёсць, мяне час ад часу запрашаюць на тэлебачанне як спецыяліста. Вось так зоркі сышліся і я вырашыла паспрабаваць сябе ў палітыцы.

Каманду прэтэндэнтка ў кандыдаты сабрала хутка, бо ў яе асяроддзі знайшлося даволі шмат людзей, гатовых яе падтрымаць. Усяго ў ініцыятыўнай групе 15 паплечнікаў. Яны ўсе валанцёры, ніхто ім за гэту работу не плаціць. Без ўсякіх праблем групу зарэгістравалі ў выканкаме ў выбарчай камісіі, і як толькі ім дазволілі збіраць подпісы, яны адразу ўзяліся за справу.

— Канешне, першы раз было неяк страшна званіць у кватэры, — прызнаецца прэтэндэнтка. — Баялася рэакцыі людзей, а аказалася дарэмна. Галоўнае — не быць надакучлівай.

Журналіста чакалі каля аднаго з дамоў Мінска. Вырашылі падзяліцца на пары і разысціся па пад'ездах. Я пайшла з галоўнай дзеючай асобай — той, за каго подпісы, уласна, і збіраюцца.

Як толькі зайшлі ў пад'езд, жанчына адразу смела націснула на ўсе дзвярныя званкі кватэр першага паверха. Святло ўключыць не ўдалося, лямпачкі на месцы не аказалася. Стаім, чакаем упоцемку, і... Нам ніхто не адкрыў. Вырашылі ехаць на дзявяты паверх і адтуль ужо спускацца ўніз, такім чынам зручней абыходзіць кватэры. У ліфце жанчына расказвае, як у адных з дамоў яе акругі жыхары сутыкнуліся з праблемай падчас капітальнага рамонту ў доме і знаходзяцца на «сцежцы вайны з ЖЭСам». І яна падчас збору подпісаў падзялілася з людзьмі, як падобную праблему вырашыла ў сваім доме.

— Мы з суседзямі столькі перажылі з гэтым «капітальным рамонтам», вам не перадаць... Я была адна з актыўных прадстаўнікоў нашага дома, і мы разам дамагаліся справядлівасці. Цяпер у нас добра адрамантаваны дом, на двары ёсць і прыгожая дзіцячая пляцоўка, і спартыўная, і ўладкаваная паркоўка, і месца для выгулу сабак, і нават ліхтары ўсе гараць! Самае цікавае, на наступны дзень мне патэлефанавалі ўдзячныя людзі таго дома, дзе я збірала подпісы. Яны таксама зрабілі першы крок і будуць дамагацца сапраўднага капітальнага рамонту. Мне прыемна. Я яшчэ нават не кандыдат у дэпутаты, а ўжо маю досвед дапамогі людзям, — усміхаецца суразмоўніца.

Ад непрыняцця да падтрымкі

На дзявятым паверсе святло было. Шчоўкае замок — і нам адчыняе дзверы жанчына Алена. Яна не хавае свайго здзіўлення...

— Подпісы? Хм... Апошні раз я чула пра выбары ў парламент, калі вучылася ў школе, а зараз у мяне дзеці самі школьнікі ўжо. Але ж добра, што вы ўдзельнічаеце ў гэтым. Дзе падпісаць... Пашпарт? Ну, не ведаю...Такія правілы? Мая маці ўзяла дапамогу аформіць, таму зараз пашпарта няма. Але я пакіну вам свой нумар тэлефона, калі ён будзе на месцы, я вам скажу даныя.

— З гэтымі пашпартамі заўсёды так, — з горыччу гаворыць прэтэндэнтка, калі Алена зачыніла дзверы. Людзі не гатовыя даваць свае асабістыя пашпартныя даныя, бо баяцца махляроў...

Спускаемся на паверх ніжэй. Чакаем, пакуль адчыняць дзверы. Выходзіць мужчына. Тлумачым, хто мы такія і навошта прыйшлі.

— Блііііін! Ну вы сур'ёзна? Вы і сапраўды верыце, што нешта здолееце палепшыць?

— Канешне, можам, — упэўнена гаворыць прэтэндэнт у кандыдаты.

— Не! Я хадзіў на выбары, і нічога не палепшылася. Таму ніякіх подпісаў ставіць не буду.

Мужчына зачыняе з трэскам перад намі дзверы. Стаім расчараваныя і разгубленыя. Хвіліну маўчання перапыняе мая гераіня:

— Гэта не самы крыўдны варыянт. У мяне было і горш. Днямі мне такі «расчараваны» крычаў, што я злодзей, і як толькі атрымаю подпіс, то набуду сабе катэдж і забуду пра «просты народ».

Мы ідзём далей. Нам ніхто не адчыняе. Спускаемся яшчэ, і нас сустракае пажылая жанчына, якая прыйшла да сяброўкі. Мы, карыстаючыся выпадкам, расказваем жанчынам, навошта ходзім па кватэрах.

— Ой, вы неяк не ў час ды не да месца, — адказвае жыхарка кватэры Марына Аляксееўна. — Але! Калі жанчына нешта робіць ці творыць, то трэба падтрымаць, праўда дарагая, — звяртаючыся да сяброўкі, што да яе зайшла, гаворыць жанчына. Потым расказвае нам не зусім прыстойны анекдот, затым бадзёра крочыць па пашпарт. Атрымаўшы першы за сёння подпіс, мы трохі павесялелі.

Ідзём далей і на іншым паверсе нам адчыняюць дзверы маладзенькая дзяўчына і бабуля.

— Што ж гэта вы ні разу раней да мяне не прыходзілі, — пакрыўджана гаворыць Надзея Сцяпанаўна. — Я чатыры гады ўжо не выходжу з дому! І ніхто не прынёс мне бюлетэнь прагаласаваць.

Тлумачым, што толькі збіраем подпісы, а я ўвогуле журналіст, проста назіраю за працэсам. Але жанчына ўсё роўна скардзіцца. Цярпліва слухаем і заўважаем, што дзяўчына нас з цікаўнасцю разглядвае. Потым хутка выносіць свой пашпарт. Аказалася, студэнтка. Лізавета нават ведае, што цяпер час збору подпісаў за будучых кандыдатаў.

— Я веру, што парламент можа паўплываць на сітуацыю ў краіне, веру ў іх працу, — горача гаворыць Лізавета. — Абавязкова пайду галасаваць. Лічу гэта вельмі важным для кожнага грамадзяніна краіны.

Мы задаволеныя. Пасля няўдалых размоў з некаторымі жыхарамі, Лізавета — як глыток свежага паветра. Яна нібыта нам прынесла ўдачу. Унізе нам адкрыў мужчына, які цікавіцца палітыкай. Ён даведаўся, за каго збіраем подпісы, і таксама без лішніх слоў вынес свой пашпарт.

Яго суседка, 55-гадовая Валянціна, расказала, што таксама заўсёды ходзіць на выбары. Яна задаволена пакінула нам свае даныя і ўпэўніла, што будзе галасаваць за прэтэндэнтку, калі тая здолее назбіраць подпісаў:

— Ад мужыкоў карысці мала, таму лепей няхай вы будзеце дэпутаткай, — растлумачыла сваё рашэнне жанчына.

Што патрэбна людзям?

Было прыемна бачыць людзей, якія ахвотна шлі на кантакт, але я разумела, што, магчыма, у наступнай кватэры нас не сустрэнуць ветліва. З-за гэтай думкі я раптам злавіла сябе на пачуцці, што мне больш не хочацца званіць у кватэры. Хочацца спыніцца на такіх вось актыўных і прыемных сустрэчах. Няхай лепш проста не адчыняюць дзверы, чым гавораць нешта непрыемнае ці агрэсіўнае. Але мая паплечніца была нязгодная са мной.

— Як даведацца, што патрэбна людзям, калі яны будуць маўчаць ці не адчыняць дзверы? — пытаецца ў мяне прэтэндэнтка, націскаючы на дзвярны званок наступнай кватэры. — І сёння ў нас не такі ўжо дрэнны электарат. Глядзіце, ужо шэсць подпісаў ёсць. Быў у мяне дом, дзе мы не атрымалі ўвогуле подпісаў. Проста сышлі. Там амаль усе жыхары, што адчынялі дзверы, праводзілі нас лаянкай ці глядзелі на нас здзіўленымі нецвярозымі вачыма. Прычым не толькі мужчыны. І жанчыны ж! Стаяць такія ў ніжняй бялізне і нічога не разумеюць. Са мной у той дзень быў малады чалавек з маёй ініцыятыўнай групы, і нам было так няёмка і балюча глядзець на гэтых людзей... Так што сёння яшчэ ўсё добра.

Нашу размову перапыняе маладая жанчына з дзіцем, якая адчыніла дзверы.

— Канешне, я пастаўлю подпіс. Паспрабуйце! Жанчына жанчыну зразумее. Я засталася адна з дзецьмі на руках. Цяжка мне. Можа, якая дапамога была б і нам, маці-адзіночкам. Падумайце, як можна змяніць сітуацыю і з дзіцячымі тэрапеўтамі. У нас на ўчастку зусім стары чалавек працуе. Нельга так. Я нават звяртацца да яе не магу — нічога не разумее. Трэба вырашаць гэту праблему. Гэта ж здароўе дзяцей!

Прэтэндэнтка выслухоўвае жанчыну і нешта піша сябе ў блакнот. Потым дзякуе жанчыне за подпіс, і мы аказваемся зноў у цемры першага паверха. Выходзім на вуліцу. Ліе дождж. Сем подпісаў за гадзіну. Гэта і ёсць сярэдняя лічба з аднаго пад'езда дзевяціпавярховага дому. Трэба тысячу. Але ў нашай прэтэндэнткі ёсць аднадумцы, якія зараз у іншых пад'ездах. Я развітваюся з жанчынай, і яна, трошкі ўцягнуўшы галаву ў плечы ад холаду, ідзе шукаць сваіх паплечнікаў. Засталася яшчэ гадзіна да дзевяці вечара — той час, калі ініцыятыўная група спыняе збор подпісаў. А я ў гэту пару буду ўжо дома, у цяпле, піць гарбату з мёдам.

Наталля Талівінская

Загаловак у газеце: Жаданая тысяча

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.