Вы тут

Жадання дзвюх трацін жыхароў будзе дастаткова для цеплавой мадэрнізацыі


Вось, як кажуць, дачакаліся. Калі раней справа халоднай кватэры была праблемай выключна жыхара гэтых квадратных метраў, то цяпер створаны механізм цеплавой мадэрнізацыі жыллёвага сектара краіны, дзе прадугледжаны таксама падтрымка насельніцтва з дзяржбюджэту і растэрміноўка маламаёмасным.


Як адзначыў першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь ТРУБІЛА, нядаўна падпісаны Указ № 327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў». Ён вызначае ўмовы і механізмы ўдзелу ўласнікаў жылых і нежылых памяшканняў у фінансаванні мерапрыемстваў па зніжэнні спажывання цеплавой энергіі ў шматкватэрных жылых дамах. Работнікі камунальнай сферы ўздыхаюць з палёгкай — прыняцця такога ўказа яны чакалі мінімум некалькі гадоў. Чым жа адметны гэты дакумент?

Галоўная мэта ўказа — падтрымаць людзей у жаданні знізіць спажыванне цяпла, павысіць камфортнасць пражывання ў сектары шматкватэрных дамоў. У аснову закладзены прынцып добраахвотнага ўдзелу. Ініцыятарамі цеплавой мадэрнізацыі могуць стаць самі жыхары (перад тым як звяртацца ў арганізацыю ЖКГ, дамовіцца аб гэтым павінны ўласнікі кватэр, якія маюць не менш за адну чвэрць галасоў), выканкам, праўленне таварыства ўласнікаў або ўпаўнаважаная асоба сумеснага домаўладання. Рашэнне аб правядзенні мерапрыемстваў на добраахвотнай аснове прымае агульны сход удзельнікаў сумеснага домаўладання, калі за яго прагаласавала больш за дзве траціны ўласнікаў.

Самі мерапрыемствы ўключаюць уцяпленне сцен, замену сістэм ацяплення, устаноўку індывідуальных прыбораў уліку і цеплавых пунктаў. Таксама такая мадэрнізацыя прадугледжвае замену вокнаў і абсталяванне сістэм рэкуперацыі цяпла. Канкрэтны іх пералік зацвярджаюць непасрэдна жыхары. На першапачатковым этапе ўсе работы аплачваюцца з бюджэту. «Рашэнне праводзіць цеплавую мадэрнізацыю залежыць ад жадання грамадзян. Дзяржава ў сваю чаргу прапануе падтрымку ў фінансаванні», — сказаў Генадзь Трубіла.

Нязгодныя таксама плацяць

Пасля прыняцця станоўчага рашэння аб цеплавой мадэрнізацыі дома ў пратакол агульнага сходу ўносіцца канкрэтны пералік мерапрыемстваў. Далей упаўнаважаная асоба па кіраванні агульнай маёмасцю заключае з кожным уласнікам (жылых і нежылых памяшканняў) дагавор аб рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў.

Трэба пры гэтым мець на ўвазе, што адмова ад заключэння падобнага дагавора не вызваліць нязгодных жыхароў ад выканання абавязацельстваў па ім: рашэнне, прынятае на агульным сходзе ўсіх уласнікаў жылля, абавязковае да выканання. Аднак гэта не значыць, што адразу пасля падпісання дагавора прыйдзецца пералічваць пэўныя сумы на работы па ўцяпленні.

Генадзь Трубіла падкрэсліў, што грамадзяне будуць аплачваць работы толькі пасля іх завяршэння. Памер кампенсацыі вызначаецца прапарцыйна долі кожнага ўласніка ў агульнай плошчы жылых і (або) нежылых памяшканняў. Парадак кампенсацыі такі: для ўласнікаў нежылых памяшканняў, убудаваных у шматкватэрныя жылыя дамы, — у поўным памеры штомесяц роўнымі долямі на працягу трох гадоў, для ўладальнікаў жылых памяшканняў — у памеры не менш за 50 % ад выдаткаў штомесяц роўнымі долямі на працягу 10 гадоў. Астатнія выдаткі возьме на сябе дзяржава.

Дадатковыя льготы

«Для малазабяспечаных сем'яў прадугледжаны льготы — растэрміноўка ў аплаце выдаткаў не на 10, а на 15 гадоў. Акрамя таго, яны змогуць атрымаць безнаяўныя жыллёвыя субсідыі», — адзначыў Генадзь Трубіла.

Ён нагадаў, што безнаяўныя жыллёвыя субсідыі належаць у выпадках, калі на аплату ЖКП прыпадае 20 % сукупнага даходу для жыхароў у горадзе ці пасёлку гарадскога тыпу, 15 % — для тых, хто жыве ў сельскай мясцовасці. На сённяшні дзень яны налічваюцца амаль 18,7 тысячы хатніх гаспадарак па выяўляльным і 748 — па заяўляльным прынцыпе. Пры цеплавой мадэрнізацыі памер субсідыі будзе павялічаны на суму, якая налічваецца за выкананую мадэрнізацыю.

«Нават калі не належыць жыллёвая субсідыя, але даход ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму, то грамадзянам па рашэнні мясцовага выканкама могуць даць растэрміноўку да 15 гадоў», — дадаў першы намеснік міністра.

Дзяржпадтрымка налета — 40 млн рублёў

Першы намеснік міністра адзначыў, што Указам № 327 вызначаны долевы ўдзел жыхароў і дзяржавы ў фінансаванні мерапрыемстваў. Сродкі будуць акумулявацца на спецыяльным рахунку. Яны могуць накіроўвацца толькі на цеплавую мадэрнізацыю жылля.

«Гэта будзе абарачальны фонд. Штогод плануецца выдзяленне 10 % сродкаў, якія паступаюць ад прыватызацыі жылля, і 10 % адлічэнняў на капрамонт. На 2020 год будзе зарэзервавана каля 40 млн рублёў: штогод ад прыватызацыі паступае звыш 100 млн рублёў і збіраецца на капрамонт каля 300 млн рублёў», — сказаў Генадзь Трубіла.

Калі сродкі застануцца незапатрабаваныя, у канцы года іх накіруюць на капітальны рамонт або вернуць у бюджэт. Магчымы ўдзел у праектах міжнародных арганізацый. Генадзь Трубіла паведаміў, што рашэнне жыхароў аб правядзенні цеплавой мадэрнізацыі паспрыяе таму, што дом раней, чым планавалася, будзе ўключаны ў план капітальнага рамонту. Мяркуецца падзел каштарысаў. «Гэта дазволіць правесці ўвесь комплекс мерапрыемстваў адначасова», — дадаў ён.

Кошт пытання

Жыллёвы фонд краіны складае 254,4 млн квадратных метраў, з якіх 178 млн «квадратаў» — шматкватэрныя дамы. На сённяшні дзень сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі з'яўляецца адным з найбольш буйных спажыўцоў паліўна-энергетычных рэсурсаў.

Спажыванне паліва ў сістэме ЖКГ складае каля 1,7 млн тон умоўнага паліва. На долю жыллёва-камунальнага сектара прыпадае звыш 23,6 % усёй спажыванай электраэнергіі, лічыць начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта Аляксандр ДАНІЛЕНКА.

Са спажытых у краіне ў 2018 годзе 62,4 млн Гкал цеплавой энергіі 23,4 млн Гкал (37,5 %) выкарыстана на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Пры такім спажыванні цеплавой энергіі і існуючым узроўні кампенсацыі насельніцтвам затрат на яе вытворчасць субсідыі дзяржавы складаюць амаль 745 млн долараў у год. Асноўная частка жылых будынкаў у краіне пабудавана да 1996 года. Такія дамы маюць вельмі нізкі ўзровень цеплаізаляцыі і спажываюць у 2-3 разы больш цеплавой энергіі, чым энергаэфектыўныя новабудоўлі.

А вось да 50 % жылых дамоў у краіне да 2021 года будуць будавацца ў энергаэфектыўным выкананні. Такія лічбы закладзены ў дзяржаўнай праграме «Будаўніцтва жылля на 2016—2020 гады».

Эканомія цяпла ў два разы

Пілотныя праекты па павышэнні энергаэфектыўнасці цяпер плануюць рэалізаваць у 248 жылых дамах у Магілёўскай і Гродзенскай абласцях, паведаміў намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта Леанід Паляшчук.

Фінансаванне мерапрыемстваў па зніжэнні спажывання цеплавой энергіі будзе ажыццяўляцца пры падтрымцы Сусветнага банка, ЕБРР і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. «Разлічваем, што насельніцтва таксама прыме актыўны ўдзел у праектах», — сказаў Леанід Паляшчук.

Комплекс работ будзе ўключаць замену вокнаў і дзвярэй у пад'ездах, устаноўку прыбораў уліку, а таксама дадаткова цеплавую мадэрнізацыю будынкаў. Паводле ацэнкі экспертаў, у пілотных рэгіёнах да паловы жыхароў гатовыя ўцяпліць свае дамы. Разлікі паказваюць, што правядзенне энергаэфектыўных мерапрыемстваў дазволіць знізіць цепласпажыванне ў дамах практычна ў два разы — з 120—200 кВт у гадзіну да 90 кВт у гадзіну на квадратны метр у год. «Цеплавая мадэрнізацыя пры росце тарыфаў для насельніцтва дапаможа выключыць падаражэнне платы за жыллёва-камунальныя паслугі. Таксама павысіцца камфортнасць пражывання ў кватэрах», — адзначыў Леанід Паляшчук.

Паводле яго слоў, у краіне каля 28,4 млн квадратных метраў жылля маюць цепласпажыванне 160—200 кВт у гадзіну на квадратны метр у год. Такія жылыя дамы пабудаваныя да 1996 года. На жыллёвы фонд прыпадае штогадовае спажыванне каля 37,5 % цеплавой энергіі. На яе вытворчасць спальваецца амаль 3,7 млрд кубічных метраў газу. Насельніцтва пакрывае толькі 20 % выдаткаў на ацяпленне.

* * *

Дадзены дакумент уступае ў сілу 4 снежня. Цяпер распрацоўваецца праект пастановы Савета Міністраў, які ўдакладніць механізм фінансавання энергаэфектыўных мерапрыемстваў.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Права выбару — за большасцю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?