Вы тут

Дынастыя Генавых стварыла адну з найлепшых вадналыжных школ у свеце


Развіццём водных лыжаў у невялікім гарадку пад Полацкам займаецца ўжо другое пакаленне сям'і Генавых. За 50 гадоў яны выхавалі дзясяткі чэмпіёнаў Еўропы і свету, рэкардсменаў планеты, больш за 100 майстроў спорту. Сёння наваполацкая школа стаіць у адным шэрагу з найлепшымі школамі ЗША і Францыі. А пачыналася ўсё з маленькай зямлянкі на беразе Заходняй Дзвіны, пачынальнікам гэтага віду спорту стаў адзін з першых горадабудаўнікоў Наваполацка, кранаўшчык Мікалай Генаў.


Трэніроўкі на вадзе праходзяць аж да замярзання возера.

«Бацька пачаў знікаць з дому»

Ён нарадзіўся ў Полацку, падчас Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуіраваны ў Татарскую АССР, дзе разам з маці працаваў у калгасе. У Наваполацк Мікалай Леанідавіч прыехаў у красавіку 1959-га і з сотнямі іншых пачаў будаваць горад, працуючы на12-тонным пнеўмакране. Генаў пакутаваў на сур'ёзную, складаную хваробу Бехцерава (хранічнае захворванне суставаў), таму быў сутулы і адчуваў пастаянныя болі, але, як аказалася, гэта стала ўскосным штуршком для яго заняткаў спортам. «Бацька ўвесь час лячыўся, начэй не спаў, але свайго болю асабліва не паказваў», — успамінае Уладзімір, сын Мікалая Леанідавіча. Падчас адпачынку ў Еўпаторыі ў 1965 годзе Генаў старэйшы пазнаёміўся з воднымі лыжамі, пад уражаннем ён не стаў адкладваць надоўга магчымасць самому паспрабаваць пракаціцца па воднай гладзі ўжо ў сябе дома ў Наваполацку.

Уладзімір і Аркадзь Генавы ў кабінеце бацькі.

Уладзімір Мікалаевіч расказвае, што бацька і да гэтага быў актывістам, займаўся арганізацыяй спартыўных спаборніцтваў у горадзе, што будаваўся, стварыў групу па акрабатыцы, сабраў хакейную каманду. Але воднымі лыжамі, здаецца, ён захапіўся па-асабліваму. «Бацька пачаў знікаць з хаты ў 66-м, калі на выратавальнай станцыі на Дзвіне стаў катацца на лыжах, першую лыжу, дарэчы, ён зрабіў сам. Потым прыцягнуў да гэтага спорту сваіх кранаўшчыкоў, бульдазерыстаў, рабочых, — успамінае сын. — Ён, наогул, умеў прыцягваць людзей, у гэтым жа годзе далучыў да заняткаў і мяне. За дарослымі падцягнулася і моладзь. Тут, на Дзвіне, стаяла зямлянка, дакладней, гэта была будка, укапаная ў зямлю, там захоўваліся маторы. Пазней ён прыцягнуў на бераг будаўнічую бытоўку, і мы, можна сказаць, пачалі жыць на рацэ. Падрос малодшы брат, таксама далучыўся да нас з бацькам».

Сам Мікалай Леанідавіч у сваіх дзённіках так апісвае той час: «У 1966 годзе на выратавальнай станцыі пачалі катацца на самаробных лыжах. Падвясны матор «Масква» належаў мантажніку па імені Коля. Кіроўцам лодкі быў бульдазерыст УМ-141 Эдзік Вайцяховіч. Вопыту кіравання не было, часта пры запуску матора на хуткасці ён вылятаў з лодкі».

У 1968-м Генавы стварылі грамадскую арганізацыю «Вадналыжны клуб імя Юрыя Гагарына», а ў 1975-м, калі старэйшы сын Генава Уладзімір прыйшоў з войска, агульным рашэннем пачалі развіваць вадналыжны спорт у Наваполацку на прафесійным узроўні. «Спачатку бацька пайшоў на «Палімір», папрасіў кіраўніцтва ўзяць нас пад сваю апеку, яны пагадзіліся. Далей мы разумелі, каб удзельнічаць у спаборніцтвах і паказваць вынікі, нам трэба было трэніравацца круглы год, а значыць, трэба будаваць электралябёдку-трэнажор у басейне, — расказвае Уладзімір Генаў. — Такая лябёдка ўжо была ў басейне ў братоў Нехаеўскіх у Дубне, яны на той момант ужо былі рэкардсменамі Еўропы, чэмпіёнамі ў фігурным катанні. Бацька з'ездзіў да іх, паглядзеў на канструкцыю, зрабіў свае пэўныя новаўвядзенні. Каб атрымаць дазвол на будаўніцтва такой «чыгункі» ў басейне ў Наваполацку, прыйшлося зачараваць яго дырэктара Фёдара Іванкова, той даў дабро. Мы будавалі гэтую лябёдку начамі, трэба было бачыць, як мурзатыя хлапчукі ў дзве-тры гадзіны ночы вылазілі з басейна. Энтузіязм быў вар'яцкі».

Пасля такіх намаганняў перамог вучняў школы Генава доўга чакаць не прыйшлося, першымі выхаванцамі Мікалая Леанідавіча сталі, у тым ліку, і яго сыны Уладзімір і Аркадзь, першым майстрам спорту міжнароднага класа — Таццяна Борыс. Неўзабаве ў Наваполацку сталі праходзіць і буйныя ўсесаюзныя спаборніцтвы, як у басейне, з лябёдкай, пабудаванай сваімі рукамі, так і на адкрытых вадаёмах. Наваполацкая школа стала заваёўваць усё большы аўтарытэт у спартыўных колах і павагу ў сапернікаў.

«Жыць і ставіцца да справы сумленна»

Мікалая Леанідавіча Генава не стала ў лютым 2002 года, яго сыход стаў раптоўным. Родапачынальнік водных лыжаў у Наваполацку загінуў у аўтааварыі, вяртаючыся дадому з вадналыжнай базы. Сёння ў будынку клуба, а цяпер ужо цэлай школы па вуліцы Паркавай, 32, дзе працаваў Мікалай Леанідавіч, а зараз працуюць, выхоўваючы новыя пакаленні спартсменаў, яго сыны і іх жонкі, захаваўся кабінет Генава старэйшага. Цесны, але ўтульны пакой вялікага трэнера ператварыўся ў музей. З таго фатальнага дня лютага некранутым застаўся стол Мікалая Леанідавіча, на ім усё тыя ж прадметы: каляндар, гадзіннік, рабочыя планы, графікі спаборніцтваў. Побач стэлаж з дзясяткамі вялікіх альбомаў, датаваных кожным новым годам, у іх фотасправаздачы, пратаколы і выразкі з газет. Тут можна знайсці кожнага вучня легендарнай школы Генавых, на чорна-белых здымках дзеткі, якіх сёння ведае ўжо ўвесь спартыўны свет. Сцены музея ў паліцах з дзясяткамі кубкаў, побач стаіць першая лыжа Генава.

«Галоўная парада бацькі — жыць і ставіцца да справы сумленна», — гаворыць Аркадзь. «Працаваць трэба! Так казаў тата», — дадае Уладзімір. Сыны Мікалая Леанідавіча сталі трэнерамі, мабыць, гэта адзіная сям'я ў нашай краіне, у якой адразу тры заслужаныя трэнеры Беларусі. «Бацька не ставіў перад сабой задачы вырасціць з нас вялікіх спартсменаў, ён рабіў тое, што падабалася яму, а мы проста былі побач. Мы ўсе былі на рацэ, куды ж нам яшчэ можна было пайсці?» Па гэтым шляху пайшлі не толькі сыны, але і іх жонкі. Выбранніца Аркадзя Таццяна былая вядомая плыўчыха, але з трэнерскай работы ў плаванні яна перайшла ў водныя лыжы, а пазней стала дырэктарам школы Генавых. Жонка Уладзіміра Надзея выкладала замежную мову ў адной з наваполацкіх школ, але таксама перайшла працаваць у вадналыжную школу. Разам з Мікалаем Леанідавічам яны стварылі дзіцячы спартыўна-аздараўленчы лагер, які працуе і сёння па прынцыпе «чужых дзяцей не бывае». «Водныя лыжы — гэта не спорт, гэта стыль жыцця, хто прыходзіць сюды, той забывае пра многія іншыя рэчы», — тлумачыць такую пераемнасць Аркадзь Генаў.

Усе ўнучкі Мікалая Леанідавіча таксама займаліся воднымі лыжамі, дасягнулі званняў кандыдатаў у майстры спорту. Дачка Уладзіміра Наталля цяпер займаецца арганізацыяй лячэння замежнікаў у Германіі. З яе дапамогай ужо некалькі беларускіх спартсменаў пасля найцяжэйшых траўмаў, якія ставілі пад пагрозу нармальную жыццядзейнасць, вярталіся ў спорт і станавіліся чэмпіёнамі свету. «Увесь сакрэт школы Генавых у даўніх традыцыях і методыках, якія яны не падгледзелі дзесьці. Яны выношваліся, карэктаваліся, падганяліся, — дзеліцца Наталля ў тэлефоннай размове. — Яшчэ адзін найважнейшы прынцып школы — заўсёды трымацца разам».

Сапраўды, калі трапляеш у школу, адразу адчуваеш атмасферу даверу, адкрытых адносін паміж дарослымі і дзецьмі, паміж старэйшымі і малодшымі спартсменамі. Гэтую атмасферу стварыў яшчэ Мікалай Леанідавіч, у сваіх дзённіках ён пісаў: «У клубе маецца свой статут, кодэкс спартыўнага гонару, клятва вадналыжніка. Клятва зачытваецца пры прыёме ў члены клуба на выніковых вечарах у прысутнасці бацькоў спартсменаў, грамадскасці горада. Раз на тыдзень у дзяцей правяраюцца школьныя дзённікі, а адзнакі выстаўляюцца ў табель паспяховасці, які вісіць у клубе на бачным месцы. Выхаванцы самі прыбіраюць памяшканне клуба, чысцяць катары, рамантуюць лыжы, вадналыжны інвентар, маторы. Пастаянны кантакт маем з бацькамі, яны нам шмат у чым дапамагаюць. У клубе вітаецца пераемнасць пакаленняў — старыя вадналыжнікі прыводзяць да нас сваіх дзяцей. Узаемадзеянне трэнераў і бацькоў плюс дысцыпліна даюць магчымасць выхоўваць добрых спартсменаў і людзей, карысных грамадству. Галоўнае ў працы трэнера — любіць сваю прафесію, любіць дзяцей і давяраць ім, тады яны нікуды не пойдуць ад нас».

«...Мы не прадаёмся, у нас прынцыпы вышэйшыя, карані глыбейшыя»

Памяць пра бацьку сыны захавалі не толькі ў школе, але і на трэніровачнай базе каля возера Люхава. Тут схіляюцца вярбы, пасаджаныя Генавым старэйшым, Уладзімір адзначае, што Мікалай Леанідавіч любіў саджаць дрэвы. У трэнерскай ва Уладзіміра і Аркадзя развешаны марскія бесказыркі і фуражкі бацькі: Мікалай Леанідавіч служыў на Паўночным ваенным флоце. Да 50-годдзя школы (у 2016 годзе), дзякуючы актыўнай падтрымцы кіраўніцтва вобласці і горада, сыны Генава выдалі кнігу, прысвечаную бацьку «Яскравы след на зямлі і вадзе». «Там сабраны нарысы з успамінамі пра бацьку, — расказвае Уладзімір Мікалаевіч. — У тым ліку мае ўспаміны з дзяцінства, а завяршае кнігу глава, дзе пазначаны ўсе члены нашага клуба, пералічаны ўсе медалі і статыстычныя лічбы. Гэта вялікая гісторыя». Акрамя таго, у Наваполацку штогод праводзіцца міжнародны турнір памяці Мікалая Генава, у яго гонар устаноўлена мемарыяльная дошка на плошчы Першай палаткі, Мікалай Леанідавіч з'яўляецца ганаровым грамадзянінам Наваполацка, адна з вуліц горада названая яго імем.

Сёння ў СДЮШАР № 3 імя Мікалая Генава займаецца 180 дзяцей, аналагаў такога ў свеце няма. Генавы адзначаюць, калі да іх на зборы прыязджаюць замежнікі, яны хапаюцца за галаву. «Наша школа — гэта групы пачатковай падрыхтоўкі, вучэбна-трэніровачнай, вышэйшага спартыўнага майстэрства, вялікая колькасць трэнераў і наша сістэма падрыхтоўкі, якая ўключае ў сябе акрабатыку, гімнастыку, практыкаванні на батуце. Нашы метадычна вывераныя рэчы даюць бесперабойны канвеер падрыхтоўкі ад дзяцей да дарослых, таму і спартсмены даюць круглагадовы вынік», — расказвае Аркадзь Генаў.

Уладзімір дадае, што такая сістэма патрабуе работы з раніцы і да позняга вечара, напрыклад, трэніроўкі летам пачынаюцца ў 6.30, а заканчваюцца, калі сканчаецца светлавы дзень. Летась выхаванцы наваполацкай вадналыжнай школы заваявалі 64 медалі, сёлета — 49, у гэтых лічбах — толькі чэмпіянаты свету і Еўропы. «Мы дасягнулі тых вышынь, на якія нават замахвацца цяжка, — дзеліцца разважаннямі Аркадзь. — Каб захаваць гэты ўзровень, патрэбныя сілы, падтрымка і энергія».

Браты сціпла кажуць, што прапановы пераехаць за мяжу за вялікія грошы паступалі да іх неаднаразова, ёсць яны і цяпер. «Але як кінеш школу? Як кінеш справу бацькі? — у адзін голас пытаюцца яны. — Мы не прадаёмся, у нас прынцыпы вышэйшыя, карані глыбейшыя». У той жа час тытулаваныя трэнеры з асцярогай зазіраюць у будучыню і не хаваюць, што не ўпэўнены ў тым, што пасля іх знойдуцца людзі, якія на такім жа высокім узроўні працягнуць справу іх сям'і.

У музеі школы Генавых да гэтага часу захоўваецца першая лыжа, зробленая Мікалаем Леанідавічам уласнаручна.

Сёння на кожным чэмпіянаце свету і Еўропы прадстаўлены вучні школы Генавых, сярод вядомых выхаванцаў — шматразовая чэмпіёнка свету, рэкардсменка планеты Наталля Берднікава, рэкардсмен і чэмпіён свету Аляксей Жарнасек, неаднаразовыя чэмпіёны свету Мікіта Папакуль і Ілья Лабковіч, цяперашні намеснік міністра спорту і турызму краіны Вячаслаў Дурноў, галоўны трэнер беларускай зборнай па водных лыжах Алег Дзевятоўскі і многія іншыя. Пра сваіх выхаванцаў Генавы адзываюцца толькі станоўча, здаецца, памятаюць кожнага, таму з лёгкасцю называюць, хто чым займаецца сёння, адзначаючы яшчэ адзін найважнейшы аспект: «Патрыятызм у нашай школе ідзе паралельна з вынікамі. Нашы выхаванцы ў гэтым плане малайцы, нягледзячы на тое, што яны шмат часу праводзяць цяпер у ЗША, бо там ёсць магчымасць трэніравацца круглы год, выступаюць толькі за сваю краіну, у нас няма ні аднаго перабежчыка. Мы ганарымся тым, што сваіх спартсменаў падрыхтавалі самі і толькі пасля таго, як яны станавіліся чэмпіёнамі свету, пачыналі асядаць у Амерыцы ці яшчэ недзе, і мы іх не тармозім ні ў якім выпадку».

Дар’я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Справа бацькі — гэта наша справа»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?