Вы тут

Валанцёры руху «Добрае Сэрца» добраўпарадкавалі тэрыторыю соцень храмаў


Днямі ў Мінску адбылося ўрачыстае закрыццё сезона працы валанцёраў руху «Добрае Сэрца». З 2013 года ў рамках праекта Саюза моладзі «Аднаўленне святынь. Крыніцы Беларусі» яны добраўпарадкоўвалі тэрыторыі і дапамагалі аднаўляць цэрквы, саборы, касцёлы, іншыя культавыя аб'екты. На сённяшні дзень добраахвотнікі выканалі такія работы прыкладна на 780 аб'ектах па ўсёй краіне, у тым ліку 200 праваслаўных храмаў і манастыроў.


— Праект звязаны з нашымі каранямі, бацькамі, прадзедамі. Ён кажа пра самае галоўнае — пра любоў да роднай зямлі. У гэтым годзе пачатак работы быў пакладзены ў красавіку ў вёсцы Пустынкі Мсціслаўскага раёна. Валанцёры добраўпарадкавалі тэрыторыю Свята-Пустынскага Успенскага мужчынскага манастыра і адной з трох яго гаючых крыніц. Дзейнасць працягвалася і ў іншых знакавых месцах: гэта і крыніца Прасвятой Багародзіцы «Тры ключы» ў вёсцы Красналучка Лепельскага раёна, «Дзедава крыніца» ў Добрушы, крыніца на Замкавай гары ў Навагрудку, крыніца Святога Вялікамучаніка і лекара Панцеляймона ў вёсцы Лоск Валожынскага раёна і іншыя, — адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый ВАРАНЮК.

Урачыстае закрыццё сезона работы валанцёраў прайшло ў Храме-помніку ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, што выратаванню Айчыны нашай паслужылі. Хлопцы і дзяўчаты перадалі ў дар збаны са святой крынічнай вадой, каб паказаць павагу да роднай зямлі. Настаяцель Усіхсвяцкага прыхода протаіерэй Фёдар ПОЎНЫ звярнуўся да моладзі з важнымі словамі:

— Трэба, каб кожны наш дзень быў напоўнены добрымі справамі. Калі мы будзем берагчы тое, што з'яўляецца працягам жыцця, многае пераўтворыцца ў нашых душах. Асабліва аб гэтым трэба памятаць у моманты ўнутранага спусташэння. Калі пачынаеце адчуваць холад унутры — ідзіце ў храм, памаліцеся за сябе, за бабуль-дзядуляў. Шукайце Бога, каб запоўніць сваё сэрца. І не ігнаруйце сваю душу.

«Сёлета акцэнт быў зроблены менавіта на крыніцы, таму што яны спрадвеку лічыліся чароўнымі, маючымі асаблівую сілу, — расказала сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, каардынатар валанцёрскага руху «Добрае Сэрца» Аляксандра ГАНЧАРОВА. — Тую самую ваду з розных рэгіёнаў краіны і прывезлі хлопцы і дзяўчаты ў падарунак храму».

Асабісты ўдзел кожнага ў праекце адлюстроўвае трапяткое стаўленне моладзі да гісторыі. Навучэнец Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага каледжа Дзмітрый
ВАЛОДЧАНКА
разам са сваёй камандай наводзіў парадак на тэрыторыі Свята-Пустынскага Успенскага мужчынскага манастыра ў Мсціслаўскім раёне. «Там мы добраўпарадкавалі крыніцу: зрабілі лавачкі, каб каля крыніцы можна было адпачыць, збудавалі навес. Пасля працы адчуваў стомленасць, але быў задаволены тым, што прынёс карысць роднай зямлі. Праекты, прысвечаныя роднаму краю, любові да зямлі, не пакідаюць абыякавым і зараджаюць на добрыя справы».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.