Вы тут

Што паглядзець на экспазіцыі «Нематэрыяльная культурная спадчына Міншчыны»


Але ў нашым выпадку гэта было не толькі апраўданым рэжысёрскім ходам, але і неабходнасцю, бо і спевы, і казкі — неад'емная частка экспазіцыі «Нематэрыяльная культурная спадчына Міншчыны», што працуе ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці. Упершыню тут сабралі і паказалі дванаццаць элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны з розных куткоў Мінскай вобласці, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў (а два з іх — калядны абрад «Цары» з вёскі Семежава на Капыльшчыне і «Будслаўскі фэст» з Мядзельскага раёна — уключаныя ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА).


«Нематэрыяльная спадчына як культурная з'ява яшчэ не да канца ацэненая грамадствам, дый нават самімі носьбітамі, — мяркуе вядучы метадыст аддзела традыцыйнай культуры МАЦНТ Ігар ЖАЛТКОЎ. — Між тым менавіта яна з'яўляецца краевугольным каменем ідэнтычнасці беларусаў. Вобраз Беларусі ў свядомасці яе жыхароў складаецца, як пазл, з элементаў нематэрыяльнай спадчыны, і гэты вобраз злучае нас у адзіны народ. Таму цяперашняя выстаўка — вельмі значная, і, на мой погляд, у пэўным сэнсе ўнікальная падзея, якая прадстаўляе шырокую палітру ідэнтыфікатараў нацыянальнай культуры».

«Зараз рыхтуюцца дакументы па ўнясенні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў яшчэ двух аб'ектаў — гэта абрад выпякання хлеба ў вёсцы Жораўка Любанскага раёна і традыцыя саламяных дываноў «Рухаўскія дываны» Старадарожскага раёна», — дадае кіраўнік Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Пазняк.

«Само паняцце «нематэрыяльная культурная спадчына» з'явілася адносна нядаўна — у 2003 годзе, пасля прыняцця адпаведнай канвенцыі ЮНЕСКА, якую наша краіна падпісала адной з першых у свеце, — нагадвае дырэктар фонду «Культурная спадчына і сучаснасць», эксперт Беларусі ў міжурадавым камітэце па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА Ала Сташкевіч. — З 2014 года мы актыўна пачалі працэс ідэнтыфікацыі, інвентарызацыі гэтай спадчыны — быў створаны беларускі нацыянальны інвентар «Жывая спадчына». І я вельмі рада, што за пяць гадоў, якія мінулі з пачатку гэтай работы, у спісе гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ўжо 126 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Асабліва ўсцешвае тое, што працэс ідзе знізу ўверх, ад саміх носьбітаў гэтых традыцый, рамёстваў, абрадаў і практык, якія зацікаўлены, каб дзяржава ўзяла пад ахову элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, забяспечыла іх жыццядзейнасць. Бо гэтыя рэчы нельга закансерваваць, яны — плыні ў вялікай рацэ жывой культуры, што мусіць развівацца і перадавацца з пакалення ў пакаленне».

Як элементы нематэрыяльнай спадчыны прадстаўленыя на выстаўцы? Вельмі нават рэчыўна і адчувальна. У адным кутку прасторнай залы стаіць стол, дзе ўсе ахвотныя могуць прысесці і пачытаць казкі Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай — альбо паглядзець на відэазапісах, як іх расказвала сама носьбітка. (Яна, на жаль, некалькі гадоў таму пайшла з жыцця, але казкі засталіся — і ў вусным пераказе пераемніц, і ў друкаваным зборніку «Казкі з прынёманскай хаткі», які ўбачыў свет дзякуючы збіральнікам і папулярызатарам традыцыйнай культуры). Гэтак- сама можна адчуць праз відэасюжэты хараство спеўных традыцый з розных раёнаў Міншчыны, памацаць макет дуба, на які цягнуць Каляду, падрабязна вывучыць фоталетапіс розных абрадаў.

У другім куце — персанажы архаічнага каляднага абраду «Шчадрэц»: Каза, Баба і Дзед у адмысловай берасцяной масцы, на кожнага з якіх не толькі варта падзівіцца, але можна і дакрануцца да іх, каб ярчэй уявіць іхнія скокі і спевы. А па суседстве са шчадроўнікамі прыцягвае позірк галоўны герой абрадавага ігрышча «Ката пячы». Да яго не рэкамендуецца падыходзіць галодным, каб не захлынуцца слінкамі, бо кот са Скірмантава смачны: сабраны з булак, кілбас і сала. «Пра гэту жывую традыцыю расказала мне свякроў, — гаворыць жыхарка аграгарадка Скірмантава Наталля Рэдзько. — Ладзяць ігрышча 27 лістапада, да перадкаляднага посту, каб нагуляцца і нажартавацца, як кажуць, на ўвесь год. Хто гуляе? Жанатыя — каб усё ладзілася ў сям'і, нежанатыя, моладзь — каб знайсці сваю пару, а кот выступае ахоўнікам дзеючых і будучых сем'яў. Ката выпякаюць, збіраюць з кавалкаў і падвешваюць высока пад столь, а ўдзельнікі ігрышча бяруць хто відэльцы, хто качаргу і падскокваюць, каб адкусіць кавалак ад ката — і ўсё гэта з танцамі, жартамі, прыгаворкамі...»

Пасярод залы — не заўважыць наўпрост немагчыма — кросны з чырвона-белым ручніком, які прадстаўніца Капыльшчыны, народны майстар Таццяна Волкава вырабляе па тых жа тэхналогіях і з тымі ж узорамі, якія некалі скарыстоўвалі нашы пра- і прапрабабулі.

 

А побач прэзентуе свае работы народны майстар з Валожыншчыны Хрысціна Лямбовіч, чыя вучаніца тут жа на месцы дэманструе, што такое ткацтва паясоў «на ніце». Хрысціна, дарэчы, з тых рупліўцаў, хто не толькі зберагае рамёствы і традыцыі, але і перадае іх малодшым пакаленням: яна кіруе і гуртком ткацтва, і вучнёўскай батлейкай, выконваючы адначасова педагагічную, асветніцкую і сацыяльную работу. За многія гады ўжо некаторыя яе вучні маюць уласных вучняў. «Не ўсіх дзяцей можна зацікавіць традыцыйнай культурай, — пагаджаецца майстар, — каб зрабіць адзін толькі пояс, трэба шмат цярпення, бо баваўняныя і шарсцяныя ніткі могуць і блытацца, і рвацца, далёка не кожнае дзіця тут справіцца. Але ўжо тыя, хто прыходзіць і затрымліваецца, уцягваюцца ў справу напоўніцу. З майго вопыту, гэтыя дзеці, нават калі яны з неўладкаваных сем'яў, але вельмі адкрытыя, «несучасныя», гатовыя ўспрымаць матэрыі народнай культуры». Зрэшты, майстар-класамі па народных рамёствах усё часцей цікавяцца і дарослыя людзі, гараджане, якія жадаюць звярнуцца да каранёў. І якраз гэта ўсцешвае носьбітаў і захавальнікаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, бо калі традыцыі запатрабаваныя ў сучаснікаў — яны жывуць...

Што, дзе, калі

  • Калядны абрад «Цары» з вёскі Семежава Капыльскага раёна атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі ў 2008 годзе.
  • Мясцовы стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых песень аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі «Журавушка», «Глыбокія крыніцы» і «Павалякі» з вёсак Закальное, Ямінск, Вобчын Любанскага раёна ўнесены ў Дзяржаўны спіс у 2008 годзе.
  • Калядны абрад «Шчадрэц» з вёскі. Рог Салігорскага раёна — статус нададзены ў 2009 годзе.
  • Калядны абрад «Цягнуць Каляду на дуба» з вёскі Новіны Бярэзінскага раёна атрымаў статус НКС у 2012 годзе.
  • Традыцыя ткацтва паясоў у Валожынскім раёне (аграгарадкі Сакаўшчына, Ракаў) — 2016 год.
  • Выканальніцкае майстэрства ў жанры казачнай прозы Л. М. Цыбульскай з вёскі Магільна Уздзенскага раёна — 2016 год.
  • Традыцыя шанавання Святога каменя ў вёсцы Крамянец Лагойскага раёна — 2016 год.
  • Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай «Будслаўскі фэст», Мядзельскі раён — 2016 год.
  • Абрад пераносу Міхайлаўскай свечкі ў аграгарадку Вяляцічы, Барысаўскі раён — 2016 год.
  • Спеўная традыцыя міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы, вёскі Баранава і Прусы Старадарожскага раёна — 2016 год.
  • Тэхніка закладнога ткацтва чырвона-белых ручнікоў з вёскі Семежава Капыльскага раёна — 2012 год.
  • Ігрышча «Ката пячы» ў аграгарадку Скірмантава Дзяржынскага раёна — 2017 год.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.