Вы тут

Ці адновяць Вялікую Любавіцкую сінагогу ў Віцебску?


У Віцебску на міжнароднай канферэнцыі прадстаўнікі Беларусі і замежныя даследчыкі абмяркоўвалі тэму захавання іўдзейскіх рэлігійных будынкаў. У цэнтры ўвагі былі рэшткі Вялікай Любавіцкай сінагогі, якая знаходзіцца недалёка ад дома-музея Марка Шагала. Будынак уяўляе вялікі інтарэс. Мяркуецца, што туды прыходзіла маліцца сям'я славутага на ўвесь свет мастака.


Цагляная сінагога была пабудавана на месцы драўлянай у 1904-м. У 1980-я гады там быў склад для патрэб вытворчага прадпрыемства. І ўжо доўгі час, на жаль, з-за адсутнасці догляду яна разбураецца...

Канферэнцыю зладзілі Беларускі камітэт ІCOMOS — грамадскай арганізацыі, якая вывучае спадчыну, спрыяе яе захаванню, аднаўленню, — і музей Марка Шагала ў Віцебску. Апошні быў задзейнічаны ў праекце па распрацоўцы канцэпцый аднаўлення будынкаў былых сінагог з арыентацыяй на інтарэсы мясцовай супольнасці.

У мерапрыемстве бралі ўдзел гісторыкі, краязнаўцы, музейныя работнікі, вернікі, кіраўнікі іўдзейскіх абшчын з Беларусі, Польшчы, Латвіі, Ізраіля.

Галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак адзначыў, што цікавасць грамадскасці да спадчыны павялічваецца, а дзякуючы энтузіястам робяцца рэальныя справы. У прыватнасці, валанцёры добраўпарадкавалі яўрэйскія могілкі ў Бешанковічах — адны з найстарэйшых і найвялікшых у рэспубліцы.

Шмат зроблена ў аграгарадку Лужкі Шаркаўшчынскага раёна, каб захаваць памяць пра стваральніка дзяржаўнай мовы Ізраіля Элізэра Бэн-Ягуду. Дзякуючы прадстаўнікам грамадскасці статус гісторыка-культурнай каштоўнасці надалі былой лужкоўскай сінагозе, пабудаванай у сярэдзіне пазамінулага стагоддзя. Там у хедары (пачатковая рэлігійная школа), які дзейнічаў пры храме, вучыўся будучы славуты сын яўрэйскага народа. Цяпер на яго малую радзіму штогод прыязджаюць сотні людзей з розных краін.

Намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын падкрэсліў, што энтузіясты з часам могуць дабіцца многага: у свой час яны паспрыялі адкрыццю шагалаўскага музея, а летась адчыніўся музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.

У Вялікай Любавіцкай сінагозе добраахвотнікі правялі суботнік. Віцэ-мэр Віцебска выказаў надзею, што сцены хоць і не будуць выконваць першапачатковыя мэты, затое змогуць выкарыстоўвацца ў якасці «знакавага элемента» пры распрацоўцы турыстычнай інфраструктуры.

Дарэчы, і галоўны рабін Іўдзейскага рэлігійнага аб'яднання ў Беларусі Мардэхай Райхінштэйн лічыць, што надаваць сінагогам другое жыццё толькі дзеля самога аднаўлення няма сэнсу. Ды і гэта патрабуе вялікіх выдаткаў пры рэстаўрацыі, тым больш — будаўніцтве, як і пры эксплуатацыі будынкаў. Галоўнае — паважаць памяць, расказваць моладзі пра мінулае.

Паводле інфармацыі Яўрэйскага ўніверсітэта ў Ерусаліме, у Беларусі на сёння каля 125 будынкаў — былых сінагог, рэлігійных школ. Прыблізна 60 з іх у разбураным стане.

Дырэктар музея Марка Шагала ў Віцебску Ірына Воранава канстатавала, што турыстаў, якія гуляюць у наваколлях установы культуры, цікавяць рэшткі дарэвалюцыйнай забудовы. Між іншым, сінагогу на паперы некалькі гадоў таму ўжо «ўпісалі» ў канцэпцыю так званага Шагалаўскага квартала, праектам рэканструкцыі якога займаўся славуты беларускі архітэктар Леанід Левін.

У музеі былі б вельмі рады атрымаць будынак для стварэння культурна-асветніцкага філіяла, цэнтра талерантнасці, гісторыі віцебскага і беларускага яўрэйства. Там можна было б адвесці пакой, дзе вернікі маглі б памаліцца...

Пакуль жа неабходна неяк інфармаваць пра аб'ект, напрыклад, усталяваўшы таблічку з тэкстам і фота пра гісторыю сінагогі.

Удзельнікі канферэнцыі прыйшлі да высновы, што наогул трэба вызначыць адказных за тое, каб дарэвалюцыйны будынак далей не разбураўся.

Каля рэшткаў Вялікай Любавіцкай сінагогі самадзейныя артысты выканалі народныя яўрэйскія песні, разыгралі анекдатычную сцэнку з дарэвалюцыйнага жыцця. Мінакі спыняліся і шчыра дзякавалі апладысментамі...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.