Вы тут

Звыш 100 прадметаў рамеснай спадчыны Амана прадстаўленыя ў Мінску


Плецены з пальмавага лісця посуд для малака, традыцыйныя прыборы для гатавання і падачы кавы, нацыянальнае адзенне з розных рэгіёнаў, паясы з ножнамі і цырыманіяльная зброя, курыльніцы для ладану і распырсквальнікі ружавай вады, сярэбраныя ўпрыгажэнні як быццам наўпрост з Сярэднявечча ітканыя дываны з вярблюджай воўны, вырабленыя рамеснікамі толькі сёлета, але з захаваннем старажытнай тэхналогіі... З 19 верасня да 19 студзеня 2020-га адна з выставачных залаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі — нібыта філіял усходняй казкі. Тут адкрылася і чакае наведвальнікаў экспазіцыя «Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына» з калекцыі Нацыянальнага музея Султаната Аман.


Сябраваць культурамі нашы краіны пачалі не так даўно — толькі летась быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні ў сферы спадчыны і культуры, а таксама пагадненне аб супрацоўніцтве паміж музеямі. Гісторыя і культура Беларусі былі прэзентаваныя ў Аманскім нацыянальным музеі ў Маскаце падчас адмысловай выстаўкі «Беларусь — на скрыжаванні цывілізацый», якая, дарэчы, стала першай замежнай выстаўкай з моманту яго адкрыцця ў 2016 годзе. Крок у адказ — экспазіцыя «Аман: жамчужына Усходу», што знаёміць беларусаў з узорамі матэрыяльнай і духоўнай культуры, традыцый Султаната Аман.

Генеральны дырэктар Нацыянальнага музея Султаната Аман Джамал аль-Мусаві раіць пачынаць агляд з кінжалаў Ханджар. Бо гэта больш чым зброя — нацыянальны сімвал, які прысутнічае нават на дзяржаўным гербе краіны. Вытворчасць кінжалаў Ханджар спалучае ў сабе работу са сталлю, дрэвам, тканінай, скурай, рогам і серабром; дзяржальна, лязо, ножны і паясы вырабляюцца паасобку і толькі потым збіраюцца ў адзіны ансамбль.

Нашы культуры бліжэйшыя, чым здаецца з першага погляду. Гэта разумееш, разглядаючы «пустынныя шкарпэткі» з казінай воўны, якія абараняюць ногі ад гарачага альбо невыносна халоднага пяску, скарпіёнаў, змей і шыпоў — і няўлоўна нагадваюць валёнкі. А вось прасторная аранжавая кашуля дзішдаша з Усходняга Аману, наадварот, пахне
экзотыкай — у літаральным сэнсе. Бо фарбуюць нябеленую бавоўну, скарыстоўваючы сумесь з куркумы, алею, гваздзікі, струкоў кардамону: пігмент дае аранжавы колер, а алей і спецыі абараняюць тканіну ад пылу і поту і надаюць устойлівы, рэзкаваты водар. Хусткі канга з уплеценымі залатымі і сярэбранымі ніткамі ўпрыгожаныя не толькі друкаванымі малюнкамі, але і надпісамі на суахілі, арабскай ці англійскай мове, праз якія можна даведацца пра рэлігійныя, сацыяльныя і нават палітычныя погляды яе ўладальніка — таму канга часам называюць «тканінай, якая гаворыць»... Словам, і з першага, і з другога, і з трэцяга погляду тут ёсць што разгадваць, таму куратар выстаўкі, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Кацярына Дасько заўважае, што некалькі месяцаў экспанавання — зусім невялікі тэрмін: «Аманская культура мае шматвяковую гісторыю, але яна някідкая. Каб зразумець яе і пранікнуцца, варта наведаць выстаўку не адзін раз, уважліва ўглядацца ў дэталі ўпрыгажэнняў і адзення, штораз заўважаючы нешта новае».

Выстаўка ўмоўна падзеленая на некалькі блокаў, якія наглядна паказваюць месца вярблюдаў у жыцці аманцаў, гасціннасць і падачу ежы, ткацкае рамяство, ювелірныя вырабы і цырыманіяльную зброю, веравызнанне і культуру духмянасцяў. «У экспазіцыі прадстаўленыя больш за 100 прадметаў, — расказвае Джамал аль-Мусаві, — яе канцэпцыю мы распрацоўвалі разам з беларускімі калегамі, каб паказаць у Мінску культурную спадчыну, якая і сёння з'яўляецца часткай нашага ладу жыцця: гэта ўнікальныя аманскія кінжалы, у тым ліку два султанскія, прадметы, звязаныя з культурай водараў, упрыгажэнні, якімі славіцца Аман, прадметы мужчынскага, жаночага і дзіцячага адзення — яно яркае і вельмі разнастайнае, бо кожны раён мае свае традыцыі...»

Канешне, агульная калекцыя, якая захоўваецца за некалькі тысяч кіламетраў ад Мінска ў сталіцы Амана Маскаце, у шмат разоў багацейшая. У Нацыянальным музеі Султаната Аман на плошчы 24 тысячы квадратных метраў прадстаўленыя больш за 7 тысяч прадметаў, якія адлюстроўваюць у тым ліку нематэрыяльную спадчыну краіны: паэзію, казкі, гастраномію, традыцыйныя танцы і г. д. Музей, як не без гонару адзначае яго кіраўнік, абсталяваны найсучаснейшымі тэхналогіямі, мае асобны асветніцкі цэнтр, дзе вядзецца работа са школьнікамі і студэнтамі, а таксама ўласныя рэстаўрацыйныя лабараторыі і кіназалу для дэманстрацыі дакументальных фільмаў пра культурную спадчыну Амана. Акрамя таго, інфраструктура музея адпавядае патрабаванням інклюзіі — ён дасяжны для невідушчых і наведвальнікаў у інвалідных калясках.

На адкрыцці выстаўкі «Аман: жамчужына Усходу» міністр культуры Беларусі Юрый Бондар падкрэсліў, што гэты праект стане яшчэ адным важным этапам у супрацоўніцтве нашых краін. І насамрэч, экспазіцыя — толькі частка маштабнай праграмы, у якой прысутнічаюць падпісанне мемарандуму аб узаемаразуменні паміж архіўнымі ведамствамі нашых краін, перадача больш чым 500 кніг у падарунак Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, правядзенне культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў для дзяцей і моладзі. У студзені наступнага года Нацыянальны музей Султаната Аман стане ганаровым госцем на святкаванні 80-годдзя нашага Нацыянальнага мастацкага музея, а крыху пазней у тым жа годзе запланавана правядзенне Дзён культуры Беларусі ў Амане.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Шкарпэткі для пустыні, кінжалы-каштоўнасці і тканіны адцення куркумы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».