Вы тут

Як вучыліся партызанскія дзеці?


Дзеці народных мсціўцаў падчас Вялікай Айчыннай наведвалі навучальныя заняткі ў многіх сямейных партызанскіх лагерах. Як успамінаў выдатны арганізатар партызанскага руху ў Беларусі Кірыл Трафімавіч Мазураў у кнізе «Незабыўнае», «...нягледзячы на цяжкасці, стварэнне школ у лясах ішло поўным ходам. Першымі падхапілі заклік аб арганізацыі навучання дзяцей у партызанскіх зонах (у вёсках і лясных лагерах) камсамольцы Палескай вобласці. Пачын пазней распаўсюдзіўся ў Мінскай, Пінскай і іншых абласцях. Стварэнне ў тыле ворага савецкіх школ служыла не толькі аб'яднанню і выхаванню дзяцей, але і ўсяляла веру людзей у непазбежнае выгнанне гітлераўцаў». Вядомы паэт-франтавік Анатоль Вялюгін у вершы «Партызанская школа» праўдзіва апісаў тыя падзеі:


Партызанская школа змадэлявана ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Сухім пергаментам — бяросты скрутак.

Мурашкі-літары... На сэрцы смутак:

Пісаць вучылася

палеская дзятва,

Як вылі «юнкерсы»

па сорак сутак,

Гарэлі воблакі, і дрэвы, і трава.

Толькі ў Брэсцкай вобласці на 1 мая 1944 года такім чынам навучалася 490 дзяцей. Усе лясныя школы былі пачатковыя, толькі з першымі чатырма класамі навучання. Яны, як правіла, размяшчаліся ў зямлянках, будынках, пабудаваных з лазы і іншых падручных матэрыялаў. У іх арганізацыі бралі ўдзел партызанскі актыў, настаўнікі, бацькі, самі дзеці. Будавалі лясныя школы ў неверагодна цяжкіх умовах: не было падручнікаў, сшыткаў, пісчай паперы, наглядных дапаможнікаў, нармальных прыстасаваных памяшканняў для заняткаў. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны як адна з самых каштоўных рэліквій ваеннай пары захоўваецца ліст ад 22 лістапада 1942 года сакратара ЦК ЛКСМБ Кірыла Мазурава першаму сакратару Цэнтральнага Камітэта камсамола Беларусі Міхаілу Зімяніну пра работу лясных школ. Апісваецца, як па прычыне адсутнасці пісьмовых прылад «камсамольцы атрада Мікалая Розава хадзілі па гэтых пытаннях у розныя вёскі і сабралі 150 алоўкаў, некалькі падручнікаў, некалькі дзясяткаў сшыткаў. У Акцябрскім раёне 14.09 правялі канферэнцыю настаўнікаў, 15.09 — бацькоўскі сход. 16 верасня школы пачалі работу. Колькасць дзяцей, якія навучаюцца ў іх, — 271 чалавек. Карпілаўская школа — 47 дзяцей, Рудабельская — 10, Рудніцкая — 20, Стара-Дуброўская — 26, Нова-Дуброўская — 52».

Дапамаглі, як заўсёды, народная кемлівасць і мудрасць партызан. Так, пры вырабе пісьмовых прылад партызаны з кары дуба выразалі для першакласнікаў літары для азбукі, з галінак рабілі класныя лічыльнікі. Народныя ўмельцы знайшлі спосаб вырабу чарніла: рабілі адвар з дубовых жалудоў, кідалі туды ржавы цвік або кавалак жалеза. Гэтая сумесь адстойвалася, і атрымлівалася чарніла. Часта навучальныя дапаможнікі даставаліся ў мясцовага насельніцтва, а таксама праз сувязных і разведчыкаў у населеных пунктах. Класных дошак не было, замест гэтага навучэнцы пісалі выгабляванымі палачкамі на зямлі і пяску. Нярэдка для падліку выкарыстоўвалі гільзы патронаў. З-за адсутнасці падручнікаў і сшыткаў, ручак і алоўкаў дзеці пісалі на палях газет і ўпаковачнай паперы, адваротным баку нямецкіх улётак, а часам і проста палачкамі на бяросце або на пяску. Партызаны абсталявалі прыстасаваныя памяшканні для заняткаў, рабілі парты. З-за адсутнасці падручнікаў і праграм педагогі-партызаны навучалі дзяцей па палітычнай літаратуры, якая была ў атрадах. Часта настаўнікі выкарыстоўвалі ў рабоце з дзецьмі загады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, тэксты з газет, брашур або ўлётак-зводак Саўінфармбюро.

Насценгазета, якую выпускалі піянеры школы партызанскага атрада імя А. Жданава.

У некаторых брыгадах нават існавалі піянерскія арганізацыі. З успамінаў былой вучаніцы школы № 2 пры партызанскім атрадзе імя М. І. Калініна Т. К. Кот, якая пасля вайны стала працаваць настаўніцай у школах Брэсцкай вобласці: «Камандаванне атрада дазволіла нам пашыць з парашутнага палатна піянерскую форму. Мы зрабілі сабе таксама піянерскія гальштукі. Асабліва старанна і ўважліва вышывалі ўсім калектывам піянерскі сцяг. Неўзабаве ва ўрачыстай абстаноўцы былі прыняты ў піянеры яшчэ 28 дзяцей. Пасля гэтага выбралі штаб піянерскай дружыны». У музеі захоўваюцца сцянныя газеты «Наша вучоба» і «Піянер» піянерскіх арганізацый партызанскіх брыгад Брэсцкай вобласці. У іх — жыццё юных піянераў, вучоба і грамадская работа. Акрамя навучання дзяцей пісьму, чытанню і арыфметыцы, настаўнікі праводзілі з імі вялікую выхаваўчую работу, прывівалі ім працоўныя навыкі. У вольны час маскіравалі лагеры, займаліся добраўпарадкаваннем, збіралі ягады, грыбы, нарыхтоўвалі дровы.

Найбольшае распаўсюджанне лясныя школы атрымалі ў Брэсцкай і Баранавіцкай абласцях. Тут пры партызанскіх атрадах і злучэннях працавала каля дваццаці партызанскіх школ. Дакладна вядома, што першая лясная школа на Брэстчыне была арганізавана восенню 1943 года пры атрадзе імя М. І. Калініна, дзе ў трох класах навучалася 50 дзяцей малодшых класаў. Пры сямейным лагеры атрада імя А. А. Жданава пачатковым навучаннем было ахоплена 38 дзяцей. Адным з атрадаў у брэсцкіх лясах камандаваў лейтэнант Яўген Георгіевіч Макарэвіч — ініцыятар стварэння лясной школы, дзе навучалася 98 дзяцей. Пасля яго гібелі ў чэрвені 1943 года атрад брыгады імя Я. М. Свярдлова быў названы імем камандзіра.

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца справаздача аб выхаваўчай рабоце сярод дзяцей школьнага ўзросту 4-га сямейнага лагера гэтага атрада за чэрвень 1944 года. У справаздачы гаворыцца, што «ў сямейным лагеры школу наведваюць 46 дзяцей, з іх 1-га класа — 24, 2-га класа — 13, 3-га класа — 9 чалавек. На ўроках вывучаюцца наступныя прадметы: руская мова, арыфметыка, спевы. Дзеці вывучылі на памяць вершы «Взвилась ракета боевая», «Ведут народы бой», «Наша славная земля». У пазаўрочны час праведзены гутаркі «Аб дзеяннях партызан», «Аб дапамозе насельніцтва партызанам», «Аб гераічных дзеяннях партызанкі Тані». Па фізкультуры ў 2 і 3 класах вывучаны тэмы «Пастраенне ў шарэнгу і калону», «Павароты на месцы і ў руху», «Выхад са строю». Акрамя таго, з дзецьмі праведзены заняткі па бегу на кароткія дыстанцыі, скачках у даўжыню, падцягванні на турніку, адпрацаваны практыкаванні па гранатакіданні, вывучэнні ўстройства вінтоўкі, трэніроўцы з макетамі стралковай зброі. З гонарам арганізатар выхаваўчай работы паведамляе ў справаздачы, што ў лясной школе сістэматычна працавалі гурткі мастацкай самадзейнасці і дзіцячых работ. «Хлопцы даглядалі школьны агарод, займаліся зборам лекавых траў: за сезон сабралі кветак ландыша — 0,5 кг, лісця папараці — 6 кг, кветак рамонка — 1 кг, каранёў валяр'яны — 4 кг, ліпавых кветак — 1,5 кг».

Урок у лясной школе вядзе камандзір.

У школьным сшытку, размешчаным у «Партызанскім лагеры» музея, падрабязна перададзена справаздача настаўніцы Паліны Ясноўскай пра вучэбна-выхаваўчую работу лясной школы атрада імя А. А. Жданава брыгады імя Я. М. Свярдлова з 12 мая да 12 ліпеня 1944 года. Атрад дзейнічаў у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Тут навучаннем было ахоплена 58 дзяцей: 23 хлопчыкі і 35 дзяўчынак малодшага школьнага ўзросту. Як відаць са справаздачы, вучэбны дзень тут складаўся з чатырох урокаў па 45 хвілін кожны. Перапынкі паміж урокамі наступныя: малыя перапынкі па 10 хвілін, вялікі перапынак 30 хвілін. Заняткі праводзіліся ў школе ў дзве змены. Паспявалі навучэнцы добра. У канцы навучальнага года былі праведзены выніковыя заняткі і экзамены ў прысутнасці камандзіра партызанскага атрада, камісара, сакратара камсамольскай арганізацыі і настаўніцы з іншага атрада. Па заканчэнні школы навучэнцам выдаваліся спецыяльныя пасведчанні. Адно такое захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яно выдадзена па выніках 1943/44 навучальнага года Алене Данілковіч, навучэнцы 3 класа лясной школы атрада імя М. І. Калініна (у музеі захоўваецца і фота вучаніцы). Пасведчанне падпісана камісарам атрада Ф. А. Бяляевым і завучам школы настаўніцай П. В. Іваноўскай. Заняткі ў лясных школах вялі настаўнікі, якія жылі ў месцах дыслакацыі народных мсціўцаў, або запрошаныя імі з іншых населеных пунктаў, часам да работы з дзецьмі прыцягвалі былых студэнтаў, старшакласнікаў з ліку партызан.

То былі самаадданыя людзі, якія бязмежна любілі сваю справу, якіх аб'ядноўвала адно — выхаваць годную змену, сапраўдных грамадзян роднай Бацькаўшчыны.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?