Вы тут

Як нашы авіятары рыхтаваліся да Армейскіх гульняў


На Армейскіх гульнях, якія праходзілі ў жніўні, нашы ваенныя лётчыкі выйгралі «бронзу» ў конкурсе «Авіядартс» у агульнакамандным заліку. Саступілі яны толькі Расіі і Кітаю. Але калі ўлічыць магчымасці гэтых дзвюх краін, то трэцяе прызавое месца выглядае цалкам ганаровым.


На чале зорнага разліку, які прывёз медаль з аэрадрома Дубровічы, што пад Разанню, стаяў маёр Дзмітрый Жэбраў, намеснік камандзіра верталётнага атрада верталётнай эскадрыллі. Яму дапамагалі штурман капітан Аркадзь Смаляк і бартавы тэхнік капітан Яўген Пятроў. Эскадрылля дыслакуецца на тэрыторыі 50-й змешанай авіяцыйнай базы ў пасёлку Мачулішчы. Туды і адправіліся карэспандэнты «Звязды».

Дзмітрый Жэбраў сустракае нас каля сваёй машыны — гэта верталёт МІ-8 МТВ-5. Афіцэр налятаў ужо больш за 1150 гадзін на ўсіх тыпах верталётаў, якія ёсць у нашых ваенных авіятараў. І прыняў удзел у вучэннях «Шчыт Саюза—2019».

— МІ-8 МТВ-5 — гэта фактычна мадэрнізаваная мадэль вядомага ўсім МІ-8. Тут устаноўлена новае пілатажнае, навігацыйнае абсталяванне... Але добрая авіёніка — гэта толькі частка справы. Асноўны цяжар кладзецца на зладжанасць работы экіпажа. Падчас спаборніцтваў усе рухі пілота павінны быць адточаны да аўтаматызму, каб своечасова ўключаць і пераключаць патрэбныя аўтаматы. Самі разумееце, часу на тое, каб разглядваць прыборную панэль, амаль няма.

Сёлетні «Авіядартс» стаў адным з самых відовішчных і гарачых па напале эмоцый спаборніцтваў. Залік праводзіўся па сямі намінацыях. Нашы ваенныя лётчыкі ўдзельнічалі ў трох. «Штурмавая авіяцыя» здабывала прызы на вучэбна-баявых самалётах Як-130, а ў намінацыях «Армейская авіяцыя на баявых верталётах» і «Армейская авіяцыя на транспартна-баявых верталётах» нашу каманду ўзмацнілі лётчыкі на верталётах Мі-24 і Мі-8 МТВ-5 адпаведна. І з самага пачатку конкурсу нашы авіятары занялі прызавыя месцы ў турнірнай табліцы. Штурмавікі паказалі трэці вынік у сваёй намінацыі, экіпажы на Мі-24 аказаліся другімі, а вось разлік транспартна-баявых верталётаў пад камандаваннем Дзмітрыя Жэбрава стаў найлепшым.

— У «Армейскіх гульнях» мы ўдзельнічалі ўжо другі раз. Летась нам крыху не хапіла да перамогі. Таму была пастаўлена задача сёлета перамагчы. І тым жа складам мы занялі першае месца. Асабліва гэта важна таму, што мы абышлі расіян, — як вядома, яны маюць досвед баявога выкарыстання авіятэхнікі.

Што ж менавіта рабілі нашы лётчыкі на МІ-8 МТВ-5?

— Усё пачалося з фізічнай падрыхтоўкі, — працягвае Дзмітрый Жэбраў. — Яна ўключала ў сябе абароты на стацыянарным коле, плаванне, падцягванне і баскетбольны тэст. Яе змяніла паветраная навігацыя. На нашым маршруце была ўсталявана зона пошуку, дзе за абмежаваны час трэба было знайсці пяць цэляў і максімальна дакладна вызначыць іх каардынаты. За навігацыяй ішоў пілатаж. Складанасць у тым, што ён выконваўся парай верталётаў — вядучым і вядзёным. Таму суддзі ацэньвалі плаўнасць і скаардынаванасць выканання віражоў з улікам хуткасці, крэну, адлегласці паміж дзвюма машынамі. Візуальна ацэньвалі суддзі, якія выстаўлялі адзнакі за пілатаж. А заключным этапам у нашай намінацыі стала баявое прымяненне, якое доўжылася два дні. Яно прадугледжвала выкарыстанне некіруемых ракет і стральбу
са стралкова-гарматнага ўзбраення. Дакладнага пападання з дапамогай раней дабіцца вельмі цяжка, таму суддзі вызначылі радыус заліковай плошчы ў трыццаць метраў. Але мы адзіныя, дзе і вядучы, і вядзёны экіпаж у абодвух палётах дабіліся прамога пападання з гарматы. Баявое прымяненне, адпаведна, і выцягнула нас на першае месца.

Перш чым адправіцца ў Расію, ваенныя лётчыкі тры тыдні трэніраваліся на палігоне блізу Ружан — там была арганізавана абстаноўка, ідэнтычная той, якая была створана на саміх Гульнях. Непасрэдна ж у Дубровічы яны прыляцелі за два тыдні да пачатку першых заліковых стартаў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.