Вы тут

«Трэст Шахтаспецбуд»: Калійныя руднікі ўзвядзе робат*


Як гэта іншым разам бывае, самую «забойную» навіну мой суразмоўнік «выдаў на-гара» амаль у канцы сустрэчы.


Старшыня Савета дырэктараў Валерый Старцаў.

— Бяромся за новую, незнаёмую і вельмі цікавую для нас справу: алічбоўку сваіх вытворчых працэсаў, — ашаламіў старшыня Савета дырэктараў салігорскага ААТ «Трэст Шахтаспецбуд» Валерый Старцаў. — Пачынаць будзем са штабной работы, затым пойдзем далей і, зразумела, глыбей. Мы сёння — прадпрыемства з сусветным імем, і не жадаем адставаць ад тэхнічнага прагрэсу, таму заняліся гэтай незвычайнай тэмай. Справа знаходзіцца пад кантролем Савета дырэктараў, яна спецыфічная, а калі ў яе паглыбіліся, то ўбачылі, што і надзвычай складаная. Створана спецыяльная група з вопытных спецыялістаў, з боку запрасілі самых лепшых, я лічу, аўдытараў і іншых «профі», чыя дапамога можа спатрэбіцца. Усім працаваць вельмі цікава, і работа ідзе. Больш шырока пра гэта гаварыць як бы ранавата, пакінем на другі раз.

— Ці азначае гэта, што ў перспектыве найбольш цяжкую і «пыльную» работу ў забоях будуць выконваць робаты?

— Скажу дыпламатычна: цалкам не выключана. Куды падзенешся з падводнай лодкі, час такі. Першыя крокі нацэленыя на тое, каб перавесці на «лічбу» штаб і сам працэс кіравання вытворчасцю. Ну, а далей зоймемся механізмамі. Дарэчы, сёння ў свеце многа робатаў-выканаўцаў, у тым ліку і на горных работах. Многа хто лічыць горную справу навукай, я так не лічу. Лічу горную справу мастацтвам, дзе занадта многае залежыць ад разумення з боку чалавечага інтэлекту, ад іх узаемадзеяння.

Што ж, застаецца толькі парадавацца за няўрымслівасць шахтабудаўнікоў і чакаць новых навін з «лічбавага фронту».

Петрыкаў: вертыкальныя ствалы — на год раней

Але вернемся да пачатку нашай размовы з Валерыем Мікалаевічам. Тут таксама навін хоць адбаўляй.

— Вы цікавіцеся, чым мы сустракалі нядаўняе прафесійнае свята? Сустракаць было чым. Устаноўлена некалькі галіновых, прафесійных рэкордаў. Хуткасць праходкі ў шахтавым ствале з узвядзеннем мацавання давялі да 80,8 метра ў месяц. Пры дыяметры ствала 8 метраў, раней заўсёды было 7. Такіх тэмпаў праходкі не дасягаў яшчэ ніхто. Замарожванне ствалоў вялося таксама на рэкорднай глыбіні 267 метраў.

Але галоўнае — мы датэрмінова, на цэлы год раней нарматыўнага тэрміну скончылі будаўніцтва вертыкальных ствалоў на Петрыкаўскім горна-ўзбагачальным камбінаце. За кошт дакладнай арганізацыі працы, а таксама дзякуючы аптымізацыі тэхналагічных працэсаў і прымяненню новых іх відаў. Размова ідзе аб працэсах свідравання шпуроў, пагрузкі горнай масы і выдачы яе на паверхню, праветрывання забояў. За кошт аптымізацыі некаторыя аперацыі скарацілі і ў выніку давялі тэмп праходкі ствалоў з 50 метраў у месяц да 65 метраў, гэтая лічба стала планам. А ўвогуле рэкордны паказчык, як я адзначыў, — амаль 81 метр, на першым і другім ствалах.

— Вы сказалі, што заказчык — ААТ «Беларуськалій» — знайшоў вам новы фронт работ у Петрыкаве, даручыў займацца чыста горнымі работамі.

— Усе горныя работы аддаюць нам, і пачынаючы з верасня мы збіраем камбайны, а ў снежні пачнём праходку. Спачатку будзем «раскручваць» вырабаткі каляствольнага двара, камеры спецпрызначэння, будаваць загрузачныя комплексы і затым пойдзем на вырабаткі галоўных напрамкаў. Гэта паглыбленне ў пароду на 10—15 кіламетраў, а потым наразаюцца панэлі для выемкі карысных выкапняў, якія мы пасля мантажу мацаванняў перадаём заказчыку,
і «Беларуськалій» пачынае іх эксплуатацыю.

— Але ж вы традыцыйна гэта рабілі?

— Не заўсёды. Сёння ААТ «Беларуськалій» ажыццяўляе самую сапраўдную экспансію на сусветныя рынкі. Калі раней прадавалі 5-6 з паловай мільёнаў тон калійных угнаенняў, потым 7 з паловай, 8 мільёнаў тон, потым было 10, а сёння ўжо 12 мільёнаў тон. І каб такую колькасць прадукту падрыхтаваць, патрэбна дастаць з-пад зямлі 58—60 мільёнаў тон руды. Удумайцеся ў гэтыя лічбы. На фоне такой інтэнсіфікацыі нашаму асноўнаму дзелавому партнёру дапамога трэста будзе дарэчы.

На чарзе ў Петрыкаве таксама мантаж капра, мантаж пад'ёмнай машыны, навяснога абсталявання і ўвод іх у эксплуатацыю. Маецца на ўвазе клець і скіпы, для таго, каб апусціць праходчыя камбайны. У планах — у кастрычніку спускаць два першыя праходчыя комплексы.

А ўсяго спачатку там пусцім пяць праходчых комплексаў. Потым будзе відаць, як хутка мы «раскруцімся» — якая будзе адгрузка і гэтак далей.

Дарасінскі руднік: год нараджэння — 2019-ы

Брыгадзіры-рэкардсмены. На ўзвядзенні Петрыкаўскага ГУКа і Рамана Галагуцкага ўстанавілі галіновыя рэкорды праходкі вертыкальных ствалоў —  адпаведна ў 80 і 81 метр брыгады Дзмітрыя Грабянька.

— Валерый Мікалаевіч, хочацца атрымаць разгорнуты каментарый па Дарасіно, гэта амаль што мая «малая радзіма».

— Так, зараз мы прыступілі да новага важнага аб'екта, які «Беларуськалій» запланаваў узвесці для ўмацавання руднай базы трэцяга рудаўпраўлення, — будаўніцтва Дарасінскага рудніка. Атрымалі дазвол на будаўніцтва і пачалі работы — прыступілі да бурэння структурных свідравін, каб вызначыць механічныя ўласцівасці парод, асаблівасці ўчасткаў, разлічыць затраты і аплату працы шахцёраў, а таксама хуткасць праходкі. У тым ліку, магчымасць рэкордных хуткасцяў. Мы пастаянна ўдасканальваем свае тэхналогіі, а гэта цесна ўзаемазвязана.

Хутка пачнём выконваць замарожвальныя свідравіны, а будзе іх прыкладна 44 на кожным ствале. Думаю, ужо ў наступным годзе пачнём замарозку парод, бо самае галоўнае для калійнай шахты — не пусціць туды ваду, інакш пішы прапала. І пакладзём пачатак праходкі рудніка.

На Дарасіно перабазіруецца абсталяванне з Петрыкаўскага ГУКа, тыя ж замарожвальныя станцыі.

— А Дарасіно — чыя гэта ідэя і чый праект?

— «Беларуськалія», яго генеральнага дырэктара Івана Іванавіча Галаватага, які прайшоў вялікую горную, інжынерную школу, і ў горнай справе разбіраецца надзвычай. Дарасінскі руднік спатрэбіўся для таго, каб прадоўжыць актыўнае жыццё трэцяга рудаўпраўлення прыкладна на 35 гадоў. Увасабленнем ідэі ў праектную дакументацыю займаецца інстытут «Белгорхімпрам».

Тут не будзе праводзіцца абагачэнне руды, яна канвеерным транспартам паступіць на дзеючую абагачальную фабрыку. Спатрэбяцца канвеерныя лініі даўжынёй недзе 7—8 кіламетраў. Справа для нас не новая, даручаць — пабудуем. З Чырвонаслабодскага на другі руднік таксама пракладзены канвеер прыкладна такой жа працягласці, а з Бярозаўскага на першае рудаўпраўленне сыравіна дастаўляецца па галерэях, дзе працуе канвеер даўжынёй аж 14 кіламетраў.

Няўрымслівых чакаюць новыя гарызонты

— Але за апошні час наогул зроблена шмат важнага і патрэбнага для далейшага асваення Старобінскага радовішча калійных руд. І пра ўсё гэта варта сказаць.

— Ускрыты яшчэ адзін, чацверты калійны гарызонт на другім рудаўпраўленні, адразу трыма вырабаткамі. Зараз вядзецца падрыхтоўка да праходкі вырабатак галоўнага напрамку, каб можна было атрымліваць карысныя выкапні. Гэта — для ўмацавання руднай базы другога рудніка, яго вытворчае жыццё прадоўжыцца яшчэ гадоў на 20. Мы маем права гаварыць аб ашчадных адносінах да прыроднага багацця, бо дабываем з нетраў 80 працэнтаў запасаў калійнай руды, а ў іншых краінах лічба складае 40 працэнтаў.

Вось і на першым рудаўпраўленні чакае велізарная работа па ўскрыцці чацвёртага калійнага гарызонту. Ужо ёсць праект, і мы таксама хутка прыступаем. Ад нас патрабуюцца сур'ёзныя інвестыцыі, каб закупіць новыя праходчыя комплексы: камбайны, самаходныя вагоны, бункеры-перагружальнікі, скрабковыя канвееры, нават цэлыя канвеерныя лініі — забойныя і магістральныя, і весці іх мантаж. А калі і тут будзе пяць праходчых комплексаў, як задумана, то спатрэбіцца шукаць сем з паловай мільёнаў інвестыцый. І ўсе гэтыя грошы мы павінны зарабіць самі альбо прыцягнуць банкаўскія крэдыты, і за іх потым разлічыцца.

Таксама варты ўвагі аб'ект, які мы завяршаем, — доследная вырабатка на другі гарызонт Чырвонаслабодскага рудніка.

Падчас адкрыцця Дарасінскага рудніка панавала атмасфера свята.

— А знакаміты тэктанічны разлом, Валерый Мікалаевіч? Не баяліся туды ісці?

— Трыма вырабаткамі прайшлі праз тэктанічны разлом на Чырвонаслабодскім рудніку, і разам з навукай і работнікамі аб'яднання «Беларускалій» забяспечылі нармальны тэмп. Усё было добра, ніякіх праблем у гэтай сапраўды складанай зоне не ўзнікала. Зараз камбайнавыя брыгады ўскрываюць гарызонт.

Вельмі сур'ёзныя аб'ёмы на чацвёртым шахтавым полі аб'яднання «Беларуськалій» з боку Бярозаўскага рудніка. І таксама вядзецца падрыхтоўка выпрацовак галоўнага напрамку, мантаж канвеерных і кабельных ліній, аўтаматызацыя ўсяго напрамку, падрыхтоўка панэляў.

— І ўсё ж — задача нумар адзін для калектыву: гэта што, па-ранейшаму Петрыкаў, ці ўжо Дарасіно?

— Складана выдзеліць нешта адно. Я коратка расказаў, дзе мы сёння працуем, і кожны з напрамкаў важны. Для шахтапраходчыкаў, канешне, Дарасіно. Для шахтабудаўнікоў — раскрыццё новых гарызонтаў. Усё галоўнае. Адным словам гэта называецца — забеспячэнне руднай базы аб'яднання «Беларуськалій».

— Пракаментуйце, калі ласка, работы ў расійскім Запаляр'і.

— Мы ад работы ніколі не бегалі, і калі паступіла прапанова папрацаваць на Кольскім паўвостраве, мы яе прынялі. Да нас прыязджалі з хімічнага холдынга «ФосАгра» з Масквы, пабываў генеральны дырэктар «Апатыта», пазнаёміліся з нашай аснашчанасцю, засталіся задаволеныя яе ступенню і падрыхтаванасцю інжынерных кадраў, наогул спецыялістаў. Даверылі нам аб'ём работы, які дазваляе манеўраваць людзьмі. Калі дома выслабаняецца нейкая колькасць праходчыкаў, то можам заняць іх у Мурманскай вобласці. Існуюць пэўныя складанасці, не без таго, тым не менш працуем рэнтабельна, праявілі сябе з добрага боку. Дапамагаем калегам павялічыць выдачу фосфарнага канцэнтрату.

Што ў шахце важней за ўсё

— Але галоўнае нават не грошы, не абсталяванне, галоўнае — людзі. Без людзей творчых, думаючых пад зямлю няма чаго хадзіць, — упэўнены мой суразмоўнік. — Заказчык нам давярае, і мы не маем права яго падвесці.

А каб не падвесці заказчыка, павінны быць кваліфікаваныя кадры. У нас зладжаныя, жыццяздольныя брыгады, кваліфікаваныя інжынерна-тэхнічныя кадры, якімі можам ганарыцца. Пачынаючы з лінейнага персаналу — гэта горныя майстры, начальнікі ўчасткаў, далей — кіраўнікі шахтапраходчага і горна-капітальнага (горнабудаўнічага) упраўленняў, іх галоўныя інжынеры. Тэхнічная перадавая думка павінна ў першую чаргу зыходзіць ад іх, і яны гэта разумеюць.

Генеральны дырэктар Дзяніс Дзіулін з пераможніцай конкурсу «Міс трэст» інжынерам-тэхнолагам Рэгінай Калацкай.

— Вы зачапілі важную тэму ролі камандзіра на вытворчасці. Адчуваючы па ўсім, у вас моцнае сярэдняе звяно кіруючых кадраў.

— Не толькі сярэдняе. Аб'ём работ, які мы сёння выконваем, немагчымы наогул без моцных камандзіраў вытворчасці любога рангу. Дазвольце крыху канкрэтыкі. Нядаўна начальнікам шахтапраходчага ўпраўлення прызначаны Аляксандр Валер'евіч Кудраватых, а галоўным інжынерам у яго працуе Сяргей Валер'евіч Грынцэвіч. Яны абодва выраслі ў нас — былі горнымі майстрамі, начальнікамі ўчасткаў, будавалі ствалы на Петрыкаўскім ГУКу. Прынялі эстафету ад тых, хто выйшаў на пенсію ці перамясціўся па вертыкалі. Гэтыя маладыя яшчэ людзі ўзначалілі адказныя кірункі і не разгубіліся, мы імі вельмі задаволены.

Горна-капітальным упраўленнем кіруе Уладзімір Віктаравіч Лагуноў — адзін з нашых «маладых зуброў», якія прайшлі і агонь, і ваду. Ён упэўнена ўзначальвае складаны і вельмі важны кірунак работы.

Канешне ж, людзі высокапрафесійныя — намеснікі генеральнага дырэктара, той жа Мікалай Мікалаевіч Скрыпнік. Адпрацаваў на розных пасадах, прайшоў шлях ад горнага майстра, дыспетчара прадпрыемства да генеральнага дырэктара. Цяпер па ўзросце пенсіянер, але не жадае адпачываць, дапамагае развіваць шахтабудаўнічы комплекс, чаму мы рады.

Анатоль Іларыёнавіч Цішкевіч узначальвае службу галоўнага механіка. Мы таксама задаволены яе работай, як і работай службы галоўнага энергетыка, ёю кіруе Раман Міхайлавіч Меднік. Без адладжанай работы ўсіх сваіх структурных падраздзяленняў трэст функцыянаваць не зможа.

Пакуль асноўны транспарт углыб нетраў.

Ведае справу служба галоўнага інжынера. Прыкладам таму — Наталля Уладзіміраўна Чарнова, намеснік па інжынернай падрыхтоўцы вытворчасці. Чалавек, які разумее, як павінен быць арганізаваны вытворчы працэс, якая патрэбна дакументацыя на чарговы аб'ект і якой якасці, калі патрэбна перадаць яе выканаўцам, каб прыступілі своечасова.

Вось людзі, на якіх абапіраецца сёння наша вытворчасць. Пералік, зразумела, не поўны. Але пакуль паставім на гэтым кропку. Лепш даказваць сваю прафесійную прыгоднасць не словам, а справай.

— Прабачце, на належную інжынерную падрыхтоўку вытворчасці павінен быць нацэлены ўвесь апарат кіравання трэста...

— У яго задача нават больш шырокая і адказная, ён павінен быць сапраўдным мазгавым цэнтрам. Так яно і ёсць на самай справе. А мазгавы цэнтр па азначэнні ўзначальвае генеральны дырэктар.

Як старшыня Савета дырэктараў магу сказаць вось аб чым. Дзяніс Аляксандравіч Дзіулін прыйшоў у калектыў простым рабочым, затым быў горным майстрам, начальнікам участка на будаўніцтве Чырвонаслабодскага рудніка. Чалавеку актыўнай жыццёвай пазіцыі, яму нецікава было таптацца на месцы ва ўласным развіцці. На пасадзе начальніка ўчастка ён актыўна ўдзельнічаў ва ўзвядзенні Чырвонаслабодскага, затым Бярозаўскага руднікоў, быў у ліку тых, хто пачынаў будаўніцтва Гарлыкскага ГУКа ў Туркменіі. Там ён вырас да намесніка генеральнага дырэктара па інвестыцыйных будоўлях. Папрацаваў два гады, і стала зразумела, што ён можа адказваць не толькі за нейкі адзін кірунак, але і за ўсё прадпрыемства. Савет дырэктараў і інстанцыі даверылі Дзянісу Аляксандравічу пасаду генеральнага дырэктара, і гэты давер ён апраўдвае. Правільна вядзе палітыку прадпрыемства на далейшае развіццё таварыства — як эканамічнае, так і сацыяльнае, без чаго нельга. І можам канстатаваць, што побач з умацаваннем эканомікі ў нас развіваецца і сацыяльная база калектыву, мацуюцца сацыяльныя адносіны.

Напрыклад, у Петрыкаве будуецца жыллё, і гэта для нас неабходна, бо калі заказчык даверыў займацца там развіццём горных работ, то трэба клапаціцца і пра людзей. Каб трымаць цэлае ўпраўленне, безумоўна трэба будаваць жыллё. Тады людзі змогуць паехаць і працаваць спакойна, не ведаць праблем з бытам.

У нас, я лічу, наогул вельмі добра развітая сацыяльная сфера, і калектыў умее не толькі працаваць, але і адпачываць. Праводзяцца творчыя вечары, вечары КВЗ. каманда клуба вясёлых і знаходлівых нашага трэста заняла першае месца на раённым першынстве. Абысці «Беларуськалій», вы разумееце, было няпроста. Мы ўдзельнічаем у песенных аглядах-конкурсах, і таксама займаем лідзіруючыя месцы ў рэгіёне. Наогул, удзельнічаем ва ўсіх мерапрыемствах. Каманда наша па пажарна-прыкладных відах спорту і санітарная дружына пасля перамогі ў раёне будуць прадстаўляць раён на першынстве вобласці.

Працоўнае братэрства.

І гордасцю калектыву з'яўляецца валейбольная каманда, якой сёлета споўнілася 20 гадоў. Яна — трохкратны чэмпіён Рэспублікі Беларусь, валодае кубкам і суперкубкам краіны, тры разы выйгравала срэбраныя медалі і чатыры разы — бронзу. Усё гэта — дасягненні калектыву, ад рабочага да генеральнага дырэктара.

Гутарыў Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Здымкі ААТ «Трэст Шахтаспецбуд».

УНП 600122529

*Рэклама на партале

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».