Вы тут

Прэзідэнт: Да 1 кастрычніка трэба скончыць сяўбу азімых


Пра тое, што Прэзідэнт збіраецца наведаць Карэлічы, стала вядома яшчэ ў канцы жніўня. Загадзя была анансавана і тэма візіту — наведванне ільнозавода, размова пра першасную перапрацоўку гэтай культуры, ураджайнасць якой у рэгіёне вышэйшая за мінулагоднюю амаль у два разы. Дарэчы, працоўная паездка, якую Прэзідэнт паручыў запланаваць праз тыдзень пасля візіту ў Іўе, што адбыўся 21 жніўня, затрымалася. А магчыма, камандзіроўка ў Гродзенскую вобласць наўмысна была прызначана на 20 верасня, калі адзначаецца 75-годдзе рэгіёна.


Тактыка і тэхналогія

На ўгоддзях камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Чарняхоўскі-Агра» Аляксандру Лукашэнку далажылі аб ходзе ўборачнай кампаніі ў рэспубліцы, Гродзенскай вобласці і Карэліцкім раёне. 

Міністр сельскай гаспадаркі Анатоль Хацько расказаў, як ідуць пасевы азімых культур і ўборка збожжавых. Завяршыць пасевы трэба да пачатку кастрычніка. 

З палёў ужо ўбралі амаль 40% бульбы, ураджайнасць — 325-330 цэнтнераў з гектара, але ў фермерскіх гаспадарках яна значна вышэй. «Ужо сёння трэба мець 400-450 (цэнтнераў з гектара —"Зв")», — абазначыў планы па павышэнні ўраджайнасці Прэзідэнт.

Уборка сіласных кармоў ідзе з адставаннем. Нарыхтавалі на сілас пакуль толькі каля 30% кукурузы. Яна ў гэтым годзе ўрадзіла. «Трэба мець на ўвазе, што тут гнутка трэба рабіць. Зараз пакінем на зерне, будзем спадзявацца, што надвор’е дазволіць нам сабраць. Каб мы не праглядзелі, бо і сіласу не атрымаем і будзем потым камбайны цягаць трактарамі. Заб’ем камбайны і зерня не атрымаем», — сказаў лідар дзяржавы.

Важна зараз, па словах Прэзідэнта, убіраць кукурузу з нізінных палёў, ураджай на якіх можа затапіць дождж.

«Бульбу мы збяром, ніколі такога не было, каб не сабралі. Калі трэба, падключайце людзей. Буракі таксама збяром, гэта ж машынная ўборка. Там жа ручной працы не трэба, — адзначыў кіраўнік краіны. — Галоўнае зараз — кукуруза. Тактыка — не страціць сілас і зерне. Найважнейшае пытанне сёння — пасеяць азімыя, таму да 1 кастрычніка трэба ўсё скончыць».

Гродзенскай вобласці ў гэтым годзе прыйдзецца дадаткова закупаць зерне. Крыху падвяло агрырыяў надвор’е. Але Прэзідэнт заўважыў, што ківаць на прыродныя ўмовы недарэчна. Трэба прыстасоўвацца да іх і мяняць стратегію высявання зерня. У год вобласць павінна мець не менш за 1,5 мільёна тон чыстага зерня. А дасягнуць гэтага магчыма, толькі выконваючы тэхналогіі. Менш у гэтым годзе збяруць у вобласці і яблыкаў.

На тэрыторыі Карэліцкага раёна размяшчаецца 13 аграгарадкоў і 10 гаспадарак. Па словах старшыні райвыканкама Віктара Шайбака, задача для рэгіёна — захаваць працоўныя месцы і інфраструктуру вёсак. Істотных праблем (у тым ліку і недахопаў кармоў) у раёне няма. «Чаму ў цябе заўсёды Карэлічы выдзяляюцца?», — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміру Краўцову. На думку апошняга, справа тут і не толькі ў больш ураджайнай глебе, але і ў кваліфікаваных кадрах.
«Ну так, трэба вучыцца ў яго, і паўтараць гэта. Іншага нам не дадзена», — адзначыў Прэзідэнт.


“Залатое руно” беларусаў

 

У плане працоўнай паездкі Прэзідэнта асноўны пункт — знаёмства з тэхналагічнымі працэсамі перапрацоўкі ільну на ААТ «Карэлічы-Лён». Прадпрыемства мае два падраздзяленні: у Карэлічах і Лідзе. Ільнотрасту вырошчваюць на арандаваных землях Карэліцкага, Навагрудскага і Лідскага раёнаў. За сем месяцаў 2019-га года выпрацавана 527,3 тоны ільновалакна.

Ільну ў гэтым годзе нарыхтавана на 40-50% больш, чым у мінулым. Практычна ўсе заводы рэспублікі працуюць на поўную загрузку. Прыкладам у галіне ільнаводства для лідара краіны з’яўляецца Гродзеншчына, дзе ў сферы льноапрацоўкі склалася сістэма. Сёння на сямі тысячах гектараў вырошчваюць сыравіну для двух мадэрнізаваных ільноапрацоўчых заводаў. Зараз перапрацоўваюць 24 тысячы тон трасты.

Поспехам у гэтай галіне не можа пахваліцца Віцебская вобласць. На 13 тысячах гектараў вырошчваюць лён для васьмі заводаў, але такога сістэмнага падыходу, як у Карэлічах, няма. «Можа, і восем трэба там заводаў, можа, дзесьці плошчы дабавіць, трэба сесці паглядзець з ільнокамбінатам. Віцебская вобласць заўсёды ў нас у два разы, да 25 тысяч (гектараў — “Зв”) па-мойму, вырошчвала ільну. Гэта для ільна вобласць», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

На патрэбы галіны ў Навагрудку працуе ільнонасеннестанцыя. Але 33 % плошчы апрацоўваецца пад імпартнае насенне, астатняя — пад айчыннае. У гэтым годзе прадукцыйнасць замежнага пасяўнога матэрыялу, па словах гродзенскіх ільнаводаў, на 15-20 % вышэй.

«Размова па выніках гэтага года будзе вельмі сур’ёзная па ільну. Вельмі, таму што гэты год паказальны. Так, дзесьці падсушыла, але ў цэлым нармальны ж для ільну год. Вось і паглядзім, на што вы выйшлі. Жалезная павінна быць тэхналагічная дысцыпліна. Не ўмееце, не хочаце — не сейце. Лён — вельмі патрабавальная да тэхналогій культура, але як і іншыя», — падкрэсліў Прэзідэнт.

На ААТ «Карэлічы-Лён» Аляксандру Лукашэнку паказалі парк сельскагаспадарчай тэхнікі, якую выкарыстоўваюць у рабоце з «беларускім золатам». Мясцовае кіраўніцтва адзначыла недахоп машын для перадпасяўной апрацоўкі глебы. Выслухаўшы даклад па парку, Прэзідэнт падвёў вынікі: «Нам трэба вызначыцца з тэхнікай. Вось зараз Гомсельмашу даручым — яны зробяць! А ці трэба нам рабіць? Ці зможам мы яе зрабіць? Можа, невялікую колькасць прыйдзецца закупіць». Асноўныя дэталі прапанавана купіць, а некаторыя часткі па сілах зрабіць і беларускім машынабудаўнікам.

Ствараюць на прадпрыемстве і сваё «суперпаліва» — брыкеты кастрыцы. Ім ацяпляюць мясцовыя школы, ФАПы, бальніцы і сам завод. Прадпрыемства амаль безадходнае.

«Як у Карэлічах, так павінна быць на ўсіх льнозаводах па ўсёй краіне. Лепш не трэба. Вось гэта зрабіце — і ўсё», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт паабяцаў пры неабходнасці аказаць падтрымку ільнозаводам у пераабсталяванні, у тым ліку фінансавую.

На тэрыторыі ільнозавода кіраўніку краіны прадэманстравалі сельскагаспадарчую тэхніку, створаную і адноўленую ААТ «ГроднаАблсяльгастэхніка». Асноўныя віды дзейнасці холдынга — аптовы гандаль таварамі для забеспячэння жыццядзейнасці сельскагаспадарчых арганізацый і сельгастэхнікі, лізінг тэхнікі для сельскай гаспадаркі.

Пасля азнаямлення з прадпрыемствам ААТ «Карэлічы-Лён» Прэзідэнт паразмаўляў з супрацоўнікамі завода і адказаў на іх пытанні. Па-першае, ён патлумачыў, чаму прыехаў у Карэлічы.

Аднаўленнем ільнаводства ў краіне заняліся шмат гадоў таму. Улічваючы ўсе недахопы, улады вырашылі заснаваць новыя заводы і лініі. І, па словах Прэзідэнта, да Гродзенскай вобласці сёння прэтэнзій няма. У Карэлічах яго цікавіла, як выбудавана сістэма вытворчасці лёну. «Я думаў раней, калі мы ўвязаліся ў гэту вайну па выратаванні ільнаводчай прадукцыі, што можа быць на рынку і ці годнай будзе гэта прадукцыя? Я перажываў за гэта, канечне, таму што грошай уклалі нямала. Сёння мы ўпэўненыя ў тым, што паступілі правільна. У Беларусі заўсёды стваралі дастатковую колькасць лёну — больш, чым зараз. Але, каб перапрацаваць і загрузіць наш ільнокамбінат у Оршы, нам трэба 50-52 тысячы тон валакна. Мы яго ў гэтым годзе атрымаем, і прычым нядрэннай якасці», — паведаміў Прэзідэнт.

І ў будучыя гады ніжэй гэтай планкі галіна апусціцца не мае права, каб працоўныя атрымлівалі дастойныя заробкі і быў забяспечаны экспарт беларускага золата.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, пасля заканчэння ўборкі лёну ўлады яшчэ раз вернуцца да праблем гэтай галіны і разгледзяць, чаго не хапае ільнаводству ў Беларусі. Сістэму працы з беларускім «залатым руном» на Гродзеншчыне кіраўнік краіны назваў добрай, і яна будзе скапіравана ў іншых абласцях.

«І перапрацоўваць трэба ўсё, так, як вы робіце. Атрымоўваць гэтыя пелеты з кастрыцы, шпагат, вяроўку, масла ільну. Усё гэта трэба аднавіць, як калісьці было. Загубіць гэтую вытворчасць мы не можам», — канстатаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што працэсы па перапрацоўцы і вырошчванні ільну будуць інтэнсіфікавацца. «Малайцы, пакуль прэтэнзій няма», — звярнуўся ён да працоўных прадпрыемства.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што даў даручэнне віцэ-прэм'еру і міністру, якія адказваюць за сельскую гаспадарку, вызначыць, якое патрэбна насенне, тэхніка, наколькі рэнтабельна самім ствараць машыны для работы з ільном.

«Ваш старшыня райвыканкама правільна сказаў, што нам неабходны камбініраваны агрэгат, які б выраўноўваў глебу, рыхтаваў і адразу высяваў. У нас ёсць такі агрэгат для пасеву збожжавых культур. Чаму мы не можам прыстасаваць яго для апрацоўкі лёну? Можам», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. 

На вырашэнне ўсіх пытанняў галіны (ад насення да перапрацоўкі ільну) вызначаны тэрмін у адзін-два гады.

Адказваючы на пытанне супрацоўніцы ААТ «Карэлічы-Лён» пра перадвыбарчую кампанію, Прэзідэнт адзначыў, што яе «правядзём, як заўсёды, спакойна, ціха, нягледзячы на жаданне некаторых надаць афарбоўку шоў».

На думку Аляксандра Лукашэнкі, у парламенце павінна быць моладзь, грамадзяне сярэдняга ўзросту, людзі, якія толькі выйшлі на пенсію ці перадпенсійнага ўзросту, і старыя людзі. Гэтым слаям неабходна быць у заканадаўчым органе, каб прадстаўляць інтарэсы ўсяго народу.

«Нам патрэбны працаздольны парламент, а не крыкуны», — сказаў лідар краіны.

Аляксандр Лукашэнка расказаў пра прапановы выбіраць парламент па партыйных спісах: «Вы будзеце ведаць у лепшым выпадку пяць партый і іх кіраўнікоў. Людзі звычайна галасуюць за лідара. А там па спісе ўжо ніхто не ведае. Яны самі паставяць там дзяцей, унукаў, палюбоўніц, палюбоўнікаў, усіх туды прапішуць. Я сказаў — не. Мы пакуль не зжылі мажарытарную сістэму», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Што тычыцца бягучай выбарчай кампаніі, ён падкрэсліў: «Мы правядзём гэтую перадвыбарчую кампанію спакойна. Гэта рэпетыцыя заўтрашняй кампаніі — прэзідэнцкай. Вось там нам падкінуць перцу. А мы павінны мазгі ў рукі ўзяць і спакойна, як заўсёды беларусы гэта рабілі, зрабіць так, як трэба нам. А не камусьці на захадзе, усходзе, поўдні або поўначы».

Карыстаючыся магчымасцю, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў жыхароў Гродзеншчыны з юбілеем рэгіёна: «Я вас віншую з гэтым святам. Усё ж такі 75 год. Дажылі, дацягнулі да 75-годдзя. Гродзенцы — людзі працавітыя, гэта людзі, у якіх мы павінны вучыцца».

У вобласці знаходзяцца перспектыўныя шматгаліновыя гаспадаркі, якія змаглі захаваць толькі беларусы. «Усё Гродзенская вобласць умее рабіць, але трэба сёння дадаваць. І я думаю, што калі задачы ставіць перад гродзенцамі і калі ў наступным годзе 15-20% дададзіце — героямі будзеце, — адзначыў Прэзідэнт. — Вы ствараеце сістэмы. І гэта характэрная рыса вашага кіраўніка вобласці. Я даўно яго ведаю, малайчына. Трэба сістэмы заўсёды ствараць». 

Падводзячы вынікі размовы, Прэзідэнт назваў Карэліцкі раён адным з лепшых у рэспубліцы, у якога павінны вучыцца і мінчане, і брастаўчане, і гродзенцы.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?