Вы тут

На наступным тыдні пачнецца сезон восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашоў


На наступным тыдні ў Мінску, а адначасова і ў іншых буйных гарадах краіны пачнецца сезон восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашоў. У сталіцы яны будуць праходзіць з 28 верасня да 27 кастрычніка, паведаміў намеснік начальніка аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Дзмітрый Пляханаў.


Самыя грандыёзныя кірмашы выхаднога дня пройдуць 28—29 верасня, а таксама 5—6, 12—13 і 25—27 кастрычніка на паркоўцы паблізу «Чыжоўка-Арэны». Два цэнтральныя кірмашы запланаваны 19 і 20 кастрычніка на пляцоўцы ў раёне Палаца спорту, дзе таксама можна будзе купіць агародніну, садавіну і іншую прадукцыю. Кірмашы гэтага фармата будуць праходзіць з 9 да 16 гадзін.

У той жа час з канца верасня і ўвесь кастрычнік кірмашы пройдуць і ў кожным з раёнаў Мінска. Так, напрыклад, на пляцоўках Маскоўскага, Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў яны разгорнуцца па пятніцах. Інфармацыя па кожнай з пляцовак размешчана на афіцыйным сайце Мінгарвыканкама, а таксама на сайце Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку гарвыканкама.

Мясцовыя чыноўнікі лічаць, што правядзенне кірмашоў дазволіць забяспечыць гараджан плодаагародніннай прадукцыяй наўпрост ад сельгасвытворцаў па мінімальных цэнах. І што гэта, вядома ж, пакажа ўплыў на фарміраванне цэн на рынках і ў крамах горада. «У цяперашні час цэнавая сітуацыя ў горадзе стабільная», — падзяліўся Дзмітрый Пляханаў. Ён, дарэчы, адзначыў, што на мінулым тыдні ў пунктах гандлю спажывецкага рынку Мінгарвыканкама знізіліся цэны на некаторую агародніну. Было заўважана, што на 2 % знізіліся цэны на бульбу, на моркву — да 14 %, на сталовыя буракі і рэпчатую цыбулю — да 24 %.

Рознічныя цэны па стане на 18 верасня на бульбу склаліся ў дыяпазоне ад 69 капеек да 1,5 рубля на Камароўскім рынку, ад 35 капеек да рубля на «Ждановічах», ад 50 да 80 капеек на рынку «Малінаўка» і ад 60 да 80 капеек на Чыжоўскім рынку. Прадпрыемствы гандлю Мінска рэалізуюць бульбу па 47 капеек і гранічна па 1,24 рубля за кілаграм. Па словах прадстаўніка гандлю, буракі прадаюцца па цане 0,39—1,29 рубля, морква — 0,44—1,63 рубля, капуста — 0,42—1,18 рубля, цыбуля — 0,5—1,68 рубля, часнок — ад 2,5 рубля. Цэннік на самыя танныя таматы на рынку цяпер у межах 25 капеек, на агуркі — 80 капеек. І гэта не дзіўна, бо ў перыяд восеньскіх кірмашоў цэны істотна зніжаюцца. А айчынныя яблыкі прапануюць ад аднаго рубля, а грушу ад двух рублёў за кілаграм.

Рэалізоўваць сваю прадукцыю на рынках могуць не толькі буйныя фермерскія гаспадаркі, але і дробныя прыватнікі. Гандаль можна будзе весці пры наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку прадукцыі. Асобным фізічным асобам трэба будзе прадставіць даведку мясцовых органаў, якія пацвярджаюць, што прадукцыя вырашчана на ўчастку для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі.

Дарэчы, ужо традыцыйна ўдзельнікам ВАВ прадукцыю даставяць па месцы жыхарства абсалютна бясплатна.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Хто — прадаць, хто — купляць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.