Вы тут

Быхаўскі раён — рэгіён вялікіх магчымасцяў?


Сёння наш аповед пра прэс-тур у Быхаўскі раён, які быў арганізаваны пад эгідай Нацыянальнага прэс-цэнтра «Малая Радзіма — вялікая зямля».


Афіцыйнай датай заснавання горада Быхава лічыцца 1370 год, хоць, на думку мясцовых гідаў, дата гэтая ўмоўная. Адной з першых пісьмовых крыніц, дзе згадваецца Быхаў, з'яўляецца «спіс гарадоў рускіх далёкіх і блізкіх», напісаны не раней 1380 года.

Ёсць шмат паданняў і легендаў аб паходжанні назвы горада. Найбольш распаўсюджаная з іх апавядае, што на месцы Быхава жыхары хаваліся ад ворагаў — «быў хоў». Ёсць і яшчэ адна гіпотэза, паводле якой сваю назву населены пункт атрымаў ад слова «бухавіца» — так у Сярэднявеччы называлі гарматы. У гэтым горадзе выраблялі і іншую зброю: марціры, шматствольныя ўстаноўкі, напрыклад, «арганы», «шмыгаўніцы». Майстэрня называлася «людвісарня» і была заснаваная пры Хадкевічах у другой палове ХVІ стагоддзя. Прычым ядры вырабляліся як з чыгуну, так і з дрэва і нават са шкла. Да 1918 года быхаўскія гарматы яшчэ захоўваліся на тэрыторыі замка. Адну з іх сёння можна ўбачыць у Магілёве.

Старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Марціновіч.

Быхаўшчына з'яўляецца лідарам па колькасці археалагічных помнікаў у Беларусі — толькі афіцыйна іх налічваецца 157. Гэты факт сведчыць пра тое, што першыя людзі з'явіліся на гэтай зямлі з пачаткам адступлення ледніка, а выяўленыя тут археалагічныя помнікі адносяцца да эпохі каменнага, бронзавага, жалезнага вякоў і эпохі Сярэднявечча.

Некалькі слоў аб банках

Па словах старшыні Быхаўскага райвыканкама Дзмітрыя Марціновіча, у раёне знаходзіцца 176 населеных пунктаў і дзевяць сельсаветаў, у якіх пражывае каля 29 тысяч чалавек. Штогод раён экспартуе сваёй прадукцыі за мяжу на 13 мільёнаў долараў.

Не так даўно ў райцэнтры ўрачыста адкрылі новы 40-кватэрны жылы дом. Кватэры ў ім атрымалі 195 маючых патрэбу (у тым ліку 184 чалавекі з 34 шматдзетных сем'яў). Але цяпер на жыллёвым уліку стаяць 1,5 тысячы сем'яў, з якіх 100 шматдзетныя. Няшмат? Але для невялікага раёна і не мала. З усімі шматдзетнымі цяпер персанальна працуюць спецыялісты. Такія сем'і атрымліваюць жыллё згодна з 240-м указам, але ёсць адно маленькае «але». Гэта крэдыты мінулых гадоў той ці іншай сям'і. З будаўніцтвам жылля невырашальных задач няма — праблема ў былых не зусім добрых крэдытных гісторыях. Часта ў гэтым вінаватыя і самі атрымальнікі крэдытаў. Разам з тым з сітуацыі трэба неяк выходзіць.

Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Пугач лічыць, што пытанне гэтае не вырашаецца на ўзроўні раённай адміністрацыі. Тут неабходна памяняць прынцыповае стаўленне да крэдытных гісторый у шматдзетных. А гэта ўжо прэрагатыва Нацбанка...

У далёкую Японію

Падчас займальнай экскурсіі па Быхаўскім агароднінасушыльным заводзе мы на ўласныя вочы ўбачылі, як вырабляецца любімая многімі кабачковая ікра, як пакуюцца кукуруза і зялёны гарошак.

Кіраўнік прадпрыемства Таццяна Корань расказала, што ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод» невыпадкова называе сябе «прадпрыемствам вялікіх магчымасцяў». У яго асартыменце — джэм, варэнне, павідла, кетчупы, соусы, таматныя сокі, нектары, салаты, закускі, гарніры — усяго каля 200 найменняў. Тут кансервуюць памідоры, агуркі, моркву, буракі, фасолю. Абавязковае патрабаванне да сыравіны — натуральнасць і экалагічная чысціня. І яшчэ адзін прынцып: упакоўка — толькі шкляная або металічная. За змену выпускаецца 100—120 тысяч адзінак прадукцыі.

На экспарт больш чым у 20 краін — ад Канады да Аўстраліі — адпраўляюць кукурузу і зялёны гарошак, кабачковую ікру і бярозавы сок. Па словах выканаўчага дырэктара завода Аляксандра Марозава, нядаўна прадукцыяй зацікавілася Японія.

— Аднаго бярозавага соку замовілі восем найменняў. І чыстага, і на травах: з мелісай, чаборам. А яшчэ кукурузу, гарошак, клубнічнае і парэчкавае варэнне, перацёртыя з цукрам журавіны. Праўда, ёсць нюанс: цукру ў прысмакі папрасілі дадаваць менш. Хутка адгрузім ім першую партыю тавару, — растлумачыў суразмоўнік. Беларускі зялёны гарошак у параўнанні з кітайскім аказаўся на вышыні — японцы былі ў захапленні, расказвае прадстаўнік прадпрыемства.

Толькі за апошнія тры гады прадпрыемства асвоіла 27 відаў новай прадукцыі. У іх ліку дзіцячыя соусы і сокі. На экспарт сёння ідзе каля 40 % прадукцыі.

А нядаўна ўпершыню ў вобласці на дапаможнай гаспадарцы завода вырасцілі другі ўраджай зялёнага гарошку. Дзякуючы такому ўдаламу эксперыменту ў завода з'явілася дадатковая магчымасць добра зарабіць. Цяпер пачалася ўборка другога ўраджаю — і вынік парадаваў. Лета расцягнулася яшчэ на два тыдні. І галоўнае, у гэты перыяд гарошак зусім не трэба абараняць ад шкоднікаў. Шкодныя казуркі ўжо закопваюцца ў зямлю перад зімовай сцюжай. Вось і атрымліваецца некрануты прадукт, і абсалютна экалагічна чысты.

«Пасадзілі суперранішняе венгерскае насенне. Напярэдадні прыступілі да ўборкі ўраджаю, якую плануем завяршыць на працягу двух тыдняў. Занята пад другі ўраджай зялёнага гарошку ў гаспадарцы — 250 гектараў. У пачатку кастрычніка пачнем прыбіраць з палёў кіргізскую фасолю, якую таксама вырасцілі ўпершыню. Цяпер стараемся паспець больш выпусціць запатрабаванай прадукцыі з гарошку. У сувязі з тым, што ў краінах, якія пастаўляюць гэтую культуру, ураджай быў нізкі, цана на яго вырасла. Кошт гатовага прадукту павялічыўся амаль у 1,5 разы. А мы сёлета атрымалі ўласнай сыравіны ў разы больш».

Экспарт прадпрыемства летась склаў у грашовым выражэнні 2,5 мільёна долараў. Значная яго частка ідзе ў Расію. Цікава, што летась Быхаўскі завод, шырока прадстаўлены на расійскім рынку, выпусціў новы від экспартнай прадукцыі — узвары. Эксперымент аказаўся паспяховы, асаблівым попытам вішнёвыя ўзвары карысталіся на поўначы Расіі, і сёлета пастаўкі гэтай прадукцыі павялічыліся.

Англічан «парадуем» слупамі

Быхаўскі лясгас летась у снежні адкрыў цэх па вытворчасці акоранай і ацыліндраванай драўніны і амаль 100 % сваёй прадукцыі пастаўляе на знешні рынак. Як адзначыў дырэктар лясгаса дэпутат Быхаўскага раённага Савета Віктар Кузняцоў (на  фота), у асноўным прадукцыя ідзе праз пасярэднікаў на англійскі рынак. Там з беларускіх калоў і слупоў робяць платы, адгароджваюць выпасы для авечак і зямельныя ўчасткі.

«Мы пачалі інтэнсіўна займацца перапрацоўкай менавіта дробнатаварнай і нізкагатунковай драўніны. Аказалася, гэта вельмі добрая ніша. На ўчастку былога аэрадрома пабудавалі цэх, на гэта пайшоў год. Закупілі абсталяванне ў растэрміноўку. Працуем у трохзменным рэжыме. Ёсць яшчэ цэх лесапілавання, — расказвае дэпутат. — Простыя вычышчаныя калы прадаём як пазалочаныя калодачкі — па 130 еўра за кубічны метр». Паводле яго слоў, асноўныя краіны — спажыўцы прадукцыі — Германія, Бельгія і Прыбалтыка.

Шэраг фірмаў сталі пастаяннымі партнёрамі лясгаса. Ім зручна, што тут у любы час можна загрузіцца і аформіць дакументы — на месцы ёсць зона мытнага афармлення. У жніўні, напрыклад, адсюль пайшло 1024 кубаметры прадукцыі — гэта 40 машынагрузаў.

Кажучы пра аб'ёмы вытворчасці, Віктар Кузняцоў адзначыў, што ў грашовым выражэнні месячны экспарт дасягае ў сярэднім 120 тысяч долараў. Сярэдні заробак работнікаў цэха складае 1130 рублёў.

Зімой і летам плюс 12 градусаў

На фарэлевай гаспадарцы «Лохва» з канца 2013 года рэалізуецца інавацыйны праект па гадоўлі рыб каштоўных парод. За гэтыя гады прадпрыемства стала найбуйнейшым у сферы таварнага вырошчвання стронгі, нарасціла аб'ёмы вытворчасці жывой рыбы са 110 тон да 550 тон за год.

У акцыянернага таварыства ёсць філіялы ў Бялыніцкім, Касцюковіцкім раёнах і ў Горках. Летась устанавілі новае абсталяванне па ўпакоўцы астуджанай рыбы, таксама адкрылі новы ўчастак па вытворчасці ікры вясёлкавай фарэлі.

«Пастаўка рыбы ажыццяўляецца ў Беларусі галоўным чынам у вялікія фарматныя крамы. Экспарт у асноўным ідзе ў Расію, пераважна астуджанай рыбы», — расказвае галоўны інжынер Дзмітрый Лукашэвіч. Па яго словах, каб вырасціць рыбу да продажнага выгляду — вагой каля 800 грамаў — трэба не менш за восем месяцаў.

Адзінае адрозненне тутэйшай стронгі ад нарвежскай — тое, што жыве яна не ў марской, а ў прэснай вадзе, здабытай з артэзіянскай свідравіны. У штучных вадаёмах цэлы год падтрымліваецца стабільная тэмпература — плюс 12 градусаў. Летась на экспарце «Лохва» зарабіла больш за мільён долараў.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Рэгіён вялікіх магчымасцяў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.