Вы тут

Распрацоўшчыкі — пра новы Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь


Летась Падатковы кодэкс Беларусі зазнаў істотныя змяненні. Падчас пасяджэння пашыранага навукова-кансультатыўнага савета па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якое прайшло ў Магілёве, быў зроблены аналіз таго, як працуюць новыя нормы і палажэнні і што трэба яшчэ зрабіць, каб удасканаліць дакумент. З асноўным дакладам па гэтым пытанні выступіла намеснік міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Эла СЯЛІЦКАЯ.


Каб было проста і зразумела

Намеснік міністра нагадала, што новая рэдакцыя Падатковага кодэксу была зроблена па даручэнні кіраўніка дзяржавы.

— Перад рабочай групай стаялі тры задачы: па-першае — забяспечыць прастату і зразумеласць нормаў і лёгкасць іх успрымання, па-другое — рэалізаваць у адпаведнасці з Дэкрэтам № 7 прапановы, накіраваныя на зніжэнне падатковай нагрузкі на суб'екты гаспадарання ў сувязі з прыцягненнем інвестыцый, рэінвеставаннем прыбытку, стварэннем новых працоўных месцаў, па-трэцяе — спрасціць падатковае адміністраванне. Пры рабоце над рэдакцыяй канкрэтных глаў, у першую чаргу тых, якія вызначаюць парадак аплаты падаткаў фізічнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, малым бізнесам, — стараліся зрабіць іх максімальна простымі для ўспрымання. Для забеспячэння нормаў прамога дзеяння ў кодэкс уключаны нормы больш чым двух дзясяткаў указаў кіраўніка дзяржавы. Вядома, пазбегнуць усіх спасылак у кодэксе не атрымалася. Бо ён апелюе паняццямі, якія выкарыстоўваюцца ў сумежных галінах права, і дубляваць іх не мае сэнсу.

У сваім дакладзе Эла Сяліцкая зрабіла аналіз таго, як дзейнічаюць новыя нормы. З першага студзеня па падатку на прыбытак у 1,5 раза павялічыўся памер інвестыцыйнага выліку. Так, па выніках першага паўгоддзя інвествылікам скарысталіся 1290 плацельшчыкаў на агульную суму 605 мільёнаў рублёў. Для параўнання, за ўвесь мінулы год сума інвествыліку склала 439 мільёнаў рублёў. У кодэксе таксама ўстаноўлены льготныя стаўкі па падатку на прыбытак і падаходным падатку ў дачыненні да дывідэндаў. У прыватнасці, калі ўласнікі прымаюць рашэнне аб неразмеркаванні дывідэндаў і накіроўваюць атрыманы прыбытак на развіццё прадпрыемства, то стаўкі падаткаў зніжаюцца з 12 % да 6 %, калі прыбытак не размяркоўваўся на працягу трох гадоў, і да 0 %, калі прыбытак не размяркоўваўся пяць гадоў. З 1 студзеня для плацельшчыкаў, якія працуюць па спрошчанай сістэме падаткаабкладання, павялічаны крытэрыі па выручцы. Для арганізацый такі крытэрый павялічаны да 1 мільёна 950 тысяч беларускіх рублёў, а для індывідуальных прадпрымальнікаў да 420 тысяч беларускіх рублёў. Змяненне спрыяла росту суб'ектаў малога бізнесу: за паўгода іх стала болей на 20,5 тысячы. Для параўнання, за ўвесь 2018 год прырост склаў толькі каля 10,5 тысячы. На 1 ліпеня колькасць плацельшчыкаў па спрошчанай сістэме падаткаабкладання дасягнула 53,6 % ад агульнай колькасці суб'ектаў гаспадарання, якія стаяць на ўліку ў падатковых органах.

З гэтага года ўладальнікі новых (пабудаваных пачынаючы з 1 студзеня) аб'ектаў нерухомасці і зямельных участкаў, на якіх яны знаходзяцца, вызваляюцца ад падатку на працягу першага года з дня прыёмкі ў эксплуатацыю, а потым яшчэ на працягу чатырох наступных гадоў карыстаюцца паніжанымі стаўкамі. Пры гэтым у дачыненні да такіх аб'ектаў і зямельных участкаў мясцовыя Саветы дэпутатаў не маюць права павялічваць стаўкі маёмасных падаткаў. Гэтай прэферэнцыяй, адзначыла дакладчык, скарыстаўся ўжо 431 плацельшчык. Сума падаткаў, якія засталіся ў іх распараджэнні, склала 24,2 мільёна рублёў.

Дыстанцыйны кантроль

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 414 «Аб удасканаленні безнаяўных разлікаў», які быў прыняты летась, з 1 студзеня 2020 года прадугледжана ўкараненне аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы выканання грашовых абавязацельстваў.

— Працаваць з гэтым праграмным прадуктам будзе міжбанкаўскі разліковы цэнтр Нацыянальнага банка, — кажа Эла Сяліцкая. — У гэтай інфармацыйнай базе будзе не толькі акумулявацца інфармацыя па грашовых сродках усіх рахункаў суб'ектаў гаспадарання — сюды кантралюючыя органы будуць накіроўваць усе свае плацежныя патрабаванні для спагнання запазычанасці ў выразнай чарговасці. Укараненне гэтага механізма, на наш погляд, дазволіць цалкам вырашыць усе праблемныя пытанні, якія былі звязаны з прымусовым спагнаннем. Раней былі выпадкі, калі плацельшчыкі сігналізавалі пра падвойванне, а то і патройванне спагнання запазычанасці з рахункаў.

Фота БелТА.

Развіццё лічбавых тэхналогій дазволіла падатковым органам перайсці на новыя формы кантролю. Сёння ў іх інфармацыйным асяроддзі захоўваюцца і выкарыстоўваюцца звесткі ў адносінах 430 тысяч дзеючых прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў, болей чым трох мільёнаў фізічных асоб. Летась падатковыя органы апрацавалі каля чатырох мільёнаў падатковых дэкларацый. У сістэме электронных рахункаў-фактур закумулявана каля 410 мільёнаў дакументаў плацельшчыкаў. У інфармацыйныя сістэмы падатковых органаў загружаюцца звесткі, якія прыходзяць ад болей чым 50 дзяржаўных органаў, арганізацый, у тым ліку банкаў. Выкарыстанне новых тэхналогій у апрацоўцы інфармацыі дазволіла канцэптуальна змяніць падыходы, у першую чаргу ў камеральным кантролі, і перайсці ў сферу папераджальных мерапрыемстваў, тым самым знізіць адміністрацыйны ціск на добрасумленных плацельшчыкаў і ліквідаваць залішняе ўмяшанне ў дзейнасць гаспадарчых суб'ектаў. На аснове аналізу інфармацыйных баз даных, якімі валодаюць падатковыя органы, яны сёння могуць дыстанцыйна выяўляць парушэнні плацельшчыкаў. У першым паўгоддзі было накіравана 27,5 тысячы паведамленняў аб памылках або непаўнаце звестак у падатковых дэкларацыях. Амаль у 95 % выпадкаў плацельшчыкі скарысталіся падказкай, самастойна адкарэкціравалі свае падатковыя абавязацельствы і даплацілі ў бюджэт 124 мільёны беларускіх рублёў. Акрамя гэтага, механізм дазволіў за паўгоддзе паменшыць на 56 мільёнаў рублёў заяўленую да пакрыцця з бюджэту суму ПДВ (падатку на дабаўленую вартасць). Пры гэтым да суб'ектаў штрафныя санкцыі не прымяняліся.

— З гэтага года камеральны кантроль падзелены на папярэдні і далейшы, — паведаміла намеснік міністра. — На папярэднім этапе прадугледжана выкарыстанне праграмных і тэхнічных сродкаў праверкі падатковых дэкларацый. Цяпер дапрацоўваецца праграмнае забеспячэнне, якое дазволіць пры парушэннях плацельшчыкамі парадку запаўнення дэкларацый аўтаматычна выводзіць на экран камп'ютара пералік памылак. Задача наступнага этапу камеральнага кантролю — вызначэнне ступені верагоднасці заяўленай плацельшчыкам у дэкларацыі сумы падаткаў. Калі падатковы орган высветліў недакладнасць інфармацыі ў дэкларацыі, спачатку ён паведамляе аб неабходнасці ўдакладнення сумы, а калі плацельшчык гэта праігнаруе, яму накіруюць патрабаванне аб перадачы дакументаў па здзелцы, абставіны здзяйснення якой выклікаюць у падатковага органа сумнеў. Калі плацельшчык праігнаруе і гэта патрабаванне, толькі тады будзе складзены акт камеральнай праверкі.

Значны прафілактычны эфект у рабоце з плацельшчыкам аказвае сістэма ўліку электронных рахункаў-фактур, якая дазваляе супрацоўнікам падатковых органаў, не выходзячы на праверку, вызначаць паўнату аплаты ПДВ, не дапускаць неабгрунтаванага вяртання ПДВ з бюджэту. Сумарны эфект ад правядзення камеральнага кантролю з выкарыстаннем аўтаматызаванай сістэмы ўліку электронных рахункаў-фактур склаў за мінулы год 248 мільёнаў рублёў. У першым паўгоддзі 2019-га — 105,6 мільёна рублёў.

Падмануць не атрымаецца

З гэтага года змяніўся таксама падыход да вядзення дакументальных праверак. У адпаведнасці з Указам кіраўніка дзяржавы № 376 ад 16 кастрычніка 2017 года, план выбарачных праверак фарміруецца на аснове распрацаваных крытэрыяў ацэнкі ступені рызыкі. У інспекцыі накіраваны індыкатары нетыповых паводзін плацельшчыкаў, якія ўказваюць на высокую імавернасць здзяйснення правапарушэнняў. Пры гэтым колькасць праверак сёлета ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года скарацілася ў 10 разоў — з 2761 да 292 на першае паўгоддзе 2019-га. Той вялікі аб'ём інфармацыі, які маюць падатковыя органы, і яе аналіз дазваляюць выходзіць на праверку суб'ектаў, здольных на падатковае правапарушэнне.

Эла Сяліцкая таксама звярнула ўвагу на артыкул 33 Падатковага кодэкса, які прыйшоў на змену Указу № 488 «Аб некаторых мерах па прадухіленні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў».

— Правапрымяняльная практыка гэтага артыкула толькі пачынаецца, — адзначыла яна. — Разумеем, што выкарыстанне гэтых нормаў патрабуе ўзважанага падыходу і ў першую чаргу тут можна кіравацца прынцыпам, які лёг у аснову падатковага заканадаўства, — прынцыпам добрасумленнасці падаткаплацельшчыка. Абвергнуць яго можна, толькі сабраўшы ўсе бясспрэчныя доказы ўхілення ад падаткаў.

Дзеля фарміравання адзіных падыходаў прымянення гэтага артыкула ўсе акты тэрытарыяльных падатковых органаў сёння ўзгадняюцца з Міністэрствам па падатках і зборах. За восем месяцаў было ўзгоднена 11 актаў.

— Мы імкнёмся вельмі дасканала праглядаць усе доказы, якія сабраў тэрытарыяльны падатковы орган і якія былі пакладзены ў акт праверкі, — запэўніла намеснік міністра.

Час патрабуе змен

Кодэкс прыняты своечасова, падкрэсліла Эла Сяліцкая. Яна выказала вялікую ўдзячнасць усім, хто прымаў удзел у яго распрацоўцы, — бізнес-суполцы, профільным камісіям, дэпутатам. З'явілася шмат дзейных падатковых інструментаў, у першую чаргу ў падатковым адміністраванні. Але мяжы ўдасканаленню няма. Удзельнікі навукова-кансультатыўнага савета казалі пра неабходнасць далейшай карэкціроўкі Падатковага кодэкса, перагляду павышальных і паніжальных каэфіцыентаў на нерухомасць і зямлю, пра недахоп тлумачальнай інфармацыі па 33-м артыкуле, дастаткова высокія падатковыя нагрузкі. Ішла гаворка і пра тое, што трэба ўлічваць сітуацыю ў суседніх краінах. Прадстаўнікоў дзелавых колаў таксама хвалюе, што падатковая нагрузка на фоне ўдзельнікаў еўразійскага рынку ў нас самая высокая. А для канкурэнтаздольнасці на суседніх рынках падаткі павінны быць супастаўныя. Але ўсе без выключэння адзначылі безумоўны плюс у тым, што існуе зваротная сувязь паміж распрацоўшчыкамі і карыстальнікамі. Можна спадзявацца, што ўдасканаленне існуючай падатковай сістэмы — гэта толькі справа часу. Маніторынг стаў яскравым сведчаннем таго, што не зацікаўленых у гэтай справе бакоў няма.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: На прынцыпах добрасумленнасці

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.