Вы тут

Тры нагоды ўключыць тэлевізар


Маркетынг знутры

Гэтай восенню папулярная «народная праграма» «Беларуская часінка», якая выходзіць на канале «Беларусь 1» кожны тыдзень з панядзелка да чацвярга, адкрыла новую рубрыку — «Хітры маркетынг». Аўтар і вядучая Наталля Белагрудава выступае ў ролі «таемнага пакупніка», каб дапамагчы гледачам не трапіць у маркетынгавыя пасткі і рабіць толькі патрэбныя пакупкі.

Ужо ў першым выпуску рубрыкі эксперты патлумачылі на пальцах, чаму невялікі прадуктовы кошык лепшы (з пункту гледжання эканоміі) за ўмяшчальны вазок. Надалей нам абяцаюць інфармацыйныя «прышчэпкі» ад эпідэміі акцый і зніжак, часта не адпаведных рэчаіснасці, і падрабязны расказ пра псіхалагічныя прыёмчыкі маркетолагаў. Ці ведалі вы, чаму на ўваходзе ў супермаркет звычайна прадаюць кветкі і садавіну, як матывуюць на лішнія выдаткі ўмела падабраныя гукі, фарбы і водары альбо з якой мэтай рух па гандлёвай зале спраектаваны супраць гадзіннікавай стрэлкі? Усё гэта з дапамогай прафесіяналаў раскладзе па палічках вядучая «Хітрага маркетынгу». Рубрыка выходзіць у праграме па панядзелках — менавіта ў гэты дзень «Беларуская часінка» і спецыялісты з Таварыства абароны правоў спажыўцоў і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю разбіраюць «спажывецкія» гісторыі гледачоў.

Мастацтва

Пабываць на адкрыцці новага канцэртнага сезона ў Белдзяржфілармоніі, нават калі вы жывяце за сотні кіламетраў ад яе, — такую магчымасць прадставіць гледачам сацыякультурны тэлеканал «Беларусь 3». 29 верасня ў вячэрнім эфіры будзе паказана выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора, народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. У праграме вечара прагучаць тры маштабныя творы: Сімфонія № 41 «Юпіцер» Вольфганга Амадэя Моцарта, Сімфонія № 15 Дзмітрыя Шастаковіча і «Капітан планет» для аргана і сімфанічнага аркестра сучаснага кампазітара, арганісткі і выкладчыцы музычных дысцыплін Вольгі Падгайскай.

Чаму варта не прапусціць гэты канцэрт? Хоць бы таму, што моцартаўскі «Юпіцер» не хто-небудзь, а вялікі рускі кампазітар Пётр Ільіч Чайкоўскі называў «адным з цудаў сімфанічнай музыкі». Дый наогул, гэта цудоўная магчымасць, не выходзячы з дому, здзейсніць музычную вандроўку ў прасторы і часе ад XVІІІ да XXІ стагоддзя.

Далёкія блізкія

Рэаліці-шоу ў незвычайным кірунку — сацыяльным — прапануе сваім гледачам на наступным тыдні «Беларусь 2». Праект, які носіць назву «Кліч крыві», летась ужо быў прадстаўлены на адным з расійскіх каналаў (там яго абвясцілі «псіхалагічным трэвел-дэтэктывам»), але да нашай краіны дайшоў упершыню.

Сутнасць і галоўная задача праграмы — пошук біялагічных бацькоў ужо дарослымі дзецьмі, якія хочуць расставіць кропкі над «і». У кожным выпуску два маладыя чалавекі, якія выхоўваліся ў няпоўных сем'ях ці ў дзіцячых дамах, разам з камандай праекта едуць на пошукі ў Расію, Арменію, Украіну, Абхазію, Турцыю, Ліван і нават Карэю — туды, куды вядзе іх кліч роднай крыві. «Тэлебачанне не так часта робіць штосьці карыснае для людзей, і гэты праект — адзін з тых, што могуць рэальна дапамагчы», — мяркуюць яго стваральнікі. Першыя выпускі «Клічу крыві» на «Беларусь 2» — 27 і 29 верасня.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.