Вы тут

​Тамара БУНТА: «Не бойцеся пайсці за марай»


На чале жаночага часопіса заўжды былі жанчыны, вартыя захаплення. Таленавітыя, моцныя духам, яны таксама сталі гісторыяй выдання.

У пачатку 2000-х гадоў галоўным рэдактарам была прызначана Тамара Бунта. Лёс прывёў яе ў «Алесю» такімі неверагоднымі сцежкамі!


Тэатр, філалогія і завод

  • «Тамара Міжыгурская — чым не прозвішча для кіназоркі?»

Пасля 10 класа я паступала не куды-небудзь, а ў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут. Тамара Міжыгурская (маё дзявочае прозвішча) — мне здавалася, гэта вельмі падыходзіць для кіназоркі. Хоць, па праўдзе, рэжысёрка народнага тэатра, дзе я выступала ў юнацтве, убачыўшы, як я пішу сцэнарый, сказала: «Які тэатральны? Ідзі ў журналістыку!»

Але я не паслухалася, упарта спрабавала паступіць менавіта ў тэатральны. Не прайшла нават першы тур, бо ад хвалявання і страху ў мяне перахапіла дыханне… Потым спрабавала падаць дакументы на філфак, але і там не хапіла паўбала.

Было зразумела, што вучоба ў інстытуце адкладваецца на год, а зараз мне трэба недзе працаваць. Выбар невялікі: завод у Маладзечна. Гэта быў для мяне моцны ўдар па пачуцці ўласнай годнасці: камсамолка, спартсменка, актывістка — а вымушана ісці працаваць на завод. Мне здавалася, гэта катастрофа ўсяго жыцця. Завод уяўляўся як ў фільме «Вясна на Зарэчнай вуліцы»: мартэнаўскія печы, дзе вараць метал, высокія чорныя трубы ў неба, а адтуль дым слупом, па цэху ходзяць мурзатыя рабочыя і рыдлёўкай ці шуфлем кідаюць у вялікую печ вугаль...

Аднак месцам маёй працы быў радыёзавод. Калі ўпершыню трапіла ў цэх, вельмі здзівілася: чыстыя вокны, вялікае памяшканне, залітае сонцам, у белых халатах сядзіць моладзь, грае музыка. Выходзіць, праца на заводзе зусім не такая, як малявала юначая фантазія? А калі ў свае 17 год я атрымала зарплату, значна большую, чым у маці-настаўніцы, то зразумела, што мне гэтая праца жаданая. Трэба сказаць, што на нашым радыёзаводзе актыўна дзейнічалі камітэт камсамола і прафкам, мы ездзілі на экскурсіі, былі турзлёты і розныя канцэрты, конкурсы мастацкай самадзейнасці… Мяне так закруціла гэтае жыццё, што, калі прыйшоў час наноў паступаць у інстытут, было шкада пакідаць завод, і я паступіла на завочнае аддзяленне журфака БДУ.

Пісьмы кахання

  • «…у нейкі момант на канвертах з’явіліся цытаты: “Участь моя решена, женюсь…” І я пачала рыхтавацца да вяселля».

Майго будучага мужа я доўгі час успрымала як сябра. Мы былі аднакласнікамі, пасля школы таксама падтрымлівалі добрыя адносіны. Тады мне некалькі хлопцаў пісалі пісьмы, а ён дасылаў яшчэ і бандэролькі: каробачку цукерак або нейкую кніжку — заўжды прыдумае нешта. Мама казала: «Глядзі, ён цябе кахае!.. Калі хлопец стараецца зрабіць падарунак, то ён хоча, каб ты звярнула на яго ўвагу». Але мы былі добрымі сябрамі і я нічога іншага не думала.

Аднойчы на заводзе з’явілася магчымасць набыць экскурсію на тры дні па Пушкінскіх мясцінах. Я купіла дзве пуцёўкі, сабе і сястры. І якраз мой будучы муж прыехаў у адпачынак з вайсковага вучылішча. Заўсёды, калі ён прыязджаў, мы бачыліся і размаўлялі гадзінамі. А тут атрымалася, што мне якраз з’язджаць. Ён вельмі засмуціўся, сястры стала шкада, знайшла прычыну не ехаць: «Ты едзь з Міколам!»

Паездкі вельмі збліжаюць, хоць мы і паехалі як сябры, пачуцці сталі больш блізкімі. Пасля гэтага ён пісаў мне амаль штодня, пісьмы прыходзілі ў канвертах з ілюстрацыямі і цытатамі з Пушкіна. А ў нейкі момант цытаты сталі іншымі: «Участь моя решена, я женюсь…» Я вырашыла, што гэта намёк, ды і сястра казала: «Глядзі, ён дае табе знак». Паказала канверты маці, пачалі рыхтавацца да вяселля. Летам мой хлопец прыехаў на канікулы, усе чакаюць, што ён будзе прапаноўваць мне руку і сэрца. Тыдзень гуляем, два, тры. Маўчыць! Мне ўжо неяк няёмка, бо ў мяне пытаюцца: «Ну, што ў вас?» А ў нас нічога. Застаецца тыдзень — і я да яго наўпрасткі: што за канверты такія ты слаў мне? Хлопец зніякавеў, кажа, проста іншыя скончыліся... Тут я смяюся: «Не, ты цяпер, як прыстойны чалавек, павінен са мной ажаніцца — я ж усім канверты паказала!» Жарты жартамі, але сапраўды перад тым, як ён зноў паехаў вучыцца, мы падалі заяву ў ЗАГС. Сёлета ў кастрычніку будзе 40 год, як мы з Міколам разам.

Стаць журналістам

  • «Забіралі толькі самае каштоўнае. Я заўсёды забірала з сабой падшыўкі часопіса».

Праз год пасля вяселля мы з мужам паехалі калясіць па краіне, па ваенных гарадках. Нямала часу пражылі ў Расіі і ва Украіне, і мне вельмі хацелася чытаць пра Беларусь. Выпісала часопіс «Работніца і сялянка». Там было ўсё, што цікавіла: навіны культуры і грамадскага жыцця, літаратурныя сустрэчы, старонкі для дзяцей (іх я чытала дачцэ), парады гаспадыням... Калі мужа пераводзілі з аднаго месца службы на другое, мы мэблю прадавалі, посуд раздавалі, забіралі толькі самае каштоўнае. І я заўсёды забірала з сабой падшыўкі. Ці магла я думаць тады, што праз час стану галоўным рэдактарам любімага часопіса?

Друкавацца ў «Работніцы і сялянцы» я пачала, яшчэ калі мы жылі ў Расіі. Потым, вярнуўшыся ў Мінск, нават думкі не ўзнікла стаць журналістам «Алесі», бо разумела: працоўнага вопыту мне не хапае. Муж прапанаваў пайсці карэспандэнтам у нядаўна створаны часопіс «Армия». Пазаштатна, як і заўсёды, пісала ў любімую «Алесю». І аднойчы тагачасны галоўны рэдактар Раіса Баравікова запрасіла мяне на працу, ды не проста журналістам, а намеснікам рэдактара! У мяне сэрца, здавалася, вырвецца з грудзей. Прыйшла дадому, падзялілася сваімі перажываннямі з сястрой, а яна кажа: «Ідзі! Калі табе лёс адчыняе дзверы, не бойся пайсці за марай і рызыкаваць».

Першыя цяжкасці

  • «Прачыналася ў 4.30, выходзіла ў маленькі калідорчык і вучыла правілы беларускай мовы».

На новай пасадзе на мне была перш за ўсё арганізацыйная работа: друкарня, закупка паперы, распаўсюд часопісаў праз кіёскі, пошук рэкламы, клопат аб павелічэнні тыражоў, потым дадалася і рэдактура.

Вельмі хутка стала зразумела, што я не ведаю беларускай мовы ў тым аб’ёме, які неабходны, каб рэдагаваць чужыя матэрыялы і на належным узроўні пісаць свае. Гэта была вялікая хіба. Таму я купіла падручнікі і слоўнікі, ставіла будзільнік на 4.30 раніцы, выходзіла ў маленькі калідорчык (жылі мы ў афіцэрскім інтэрнаце) і старонку за старонкай паўтарала правілы, аднаўляючы веды, бо было ажно 15 год жыцця па-за межамі Беларусі.

Праз два з паловай гады Раіса Баравікова перайшла на працу галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», а мяне прызначылі на чале «Алесі». Нядаўна ў сваім інтэрв’ю Раіса Андрэўна прызнавалася, што на адміністрацыйнай пасадзе яна шмат страціла як літаратар. Ведаеце, я яе добра разумею. Бо сама ў 2003 годзе падумаць не магла, што наступнае сваё апавяданне напішу праз 11 гадоў. Калі ты займаеш такую пасаду, мазгі завостраныя на іншае: заказаць, адправіць, звярстаць, вычытаць, прасачыць, купіць, дамовіцца, пракантраляваць... І галава не працуе творча. Усе гэтыя гады мой дзень пачынаўся з думак накшталт: «На 6-й старонцы “дзірка”, на 15-й няма здымка, трэба заказаць рэкламу, а яшчэ дазваніцца і ўзгадніць…»

Часопіс «Алеся» праводзіў шмат конкурсаў і акцый. Напрыклад, быў цудоўны рэспубліканскі конкурс «Вобраз сучаснай жанчыны на старонках газет і часопісаў». Сумесна з Саюзам журналістаў мы адзначылі найлепшых беларускіх журналістак, якія пішуць менавіта на жаночыя тэмы. Таксама чытачы памятаюць нашу «Міс “Алеся”», конкурс «Любоў да Айчыны праз любоў да свайго роду», на які дасылаліся вельмі кранальныя гісторыі пра сям’ю. Знамянальнай для ўсіх стала акцыя «Жаночы твар Беларусі» — мы пабывалі ў кожнай вобласці, расказалі пра многіх цікавых жанчын, адметных і ў працы, і ў грамадскім жыцці.

Гэта быў яркі перыяд майго жыцця. Мне падабалася працаваць у такім кіпучым рытме. Але настаў час задумацца, чым займацца на пенсіі. І тады я ўспомніла, што вельмі любіла пісаць апавяданні. Сабрала іх і выдала невялікую кніжачку для дзяцей, а за два тыдні да сыходу з рэдакцыі ўступіла ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Цудоўныя моманты

  • «Кнігі вучаць шукаць нестандартныя падыходы ў любых жыццёвых сітуацыях».

Калі працавала ў «Алесі», мне здавалася, што цікавейшым маё жыццё быць не можа. Але цяпер разумею, што ў паўсядзённасці розных цудоўных момантаў зашмат.

У Саюз пісьменнікаў Беларусі я ўступіла з дзіцячай кнігай «Белое облачко» (гэта фактычна пераклад на рускую мову маёй кніжкі «Дзяўчынка з Вішнёвага завулка»). Аўтабіяграфічныя гісторыі з дзяцінства. Потым нарадзіліся сюжэты для новай кнігі «Чароўны кошык», зборнік апавяданняў для пачатковай школы. Апавяданні — мой любімы жанр. Форма іх лаканічная і ёмістая, такое маленькае жыццё. Лічу, што фабула кніг для дзяцей ва ўсе часы аднолькавая: трэба паказаць, што такое добра, а што дрэнна. І ў кожнага пісьменніка атрымліваецца распавядаць пра гэта па-рознаму.

Таксама цяпер я многа выступаю ў школах і бібліятэках, размаўляю з дзецьмі і тлумачу, чаму неабходна чытаць кнігі. Памятаю, калі вучылася у пачатковай школе, раз на месяц да нас прыходзіла бібліятэкарка і расказвала пра новыя кніжкі. У якім я была захапленні! Цяпер спрабую сама рабіць тое ж. Ведаю, як важна далучаць дзяцей да чытання, і заўжды кажу ім, што гэта абавязкова спатрэбіцца ў будучыні. Кнігі вучаць нас працаваць галавой і шукаць нестандартныя падыходы ў любых жыццёвых сітуацыях.

Ёсць у мяне сёння яшчэ адзін шлях самарэалізацыі: пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі я стварыла клуб творчых жанчын «Спадарыня». Мы збіраемся, каб абмяркоўваць розныя тэмы, дзяліцца творчасцю, наведваць разам музеі ці ездзіць на экскурсіі, ладзім сустрэчы з цікавымі людзьмі... І гэтая праца таксама натхняе мяне на новыя ідэі.

Зараз, азіраючыся назад, я наўпрост бачу: нічога не адбываецца ў жыцці проста так. Калі табе нешта лёсам наканавана, то і адчыняецца перад табой брамка, за якой уецца твая сцяжынка… І, што б ні адбылося, заўсёды нас наперадзе чакаюць справы новыя і цікавыя, не менш захапляльныя, чым былі.

Запісала Віталіна БАНДАРОВІЧ

Фота з архіваў Тамары Бунта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».