Вы тут

Людзям дзякуй і зямлі


Душэўная сустрэча былых артыстаў шэрагу народных калектываў Палесся прайшла ў Тураве — яна прысвячалася 55-годдзю ансамбля “Прыпяць”


Ветэраны ансамбля “Прыпяць” ускладаюць кветкі да помніка загінулым

Малая радзіма для мяне — гэта й родныя, блізкія па духу людзі. Такіх нямала ў свой час я сустрэў і ў палескіх рэгіёнах: на Жыткавіччыне, Століншчыне. Цяпер многія таленавітыя танцоры, музыкі разляцеліся па свеце. Пайшлі, як кажуць, з малой радзімы ў вялікае жыццё. І ў замежжы нашы людзі ёсць. А як сустракаемся, то спавядаюцца: дзе б ні жыў — а родная хата сніцца. Цягне дадому: родным паветрам надыхацца, сваёй вадзіцы напіцца, птушыны спеў, мясцовую гаворку паслухаць…

І як жа добра збірацца нам разам! Такая душэўная жнівеньская сустрэча ладзілася ў Тураве па ініцыятыве былых артыстаў народных калектываў “Прыпяць” і “Верасок” Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны, “Ніва” (з вёскі Рэмель Столінскага раёна Брэстчыны), гурта “Кола” з Гомеля й Тэатра фальклору “Матуліна хата” з Мінска.

Сёлета нашаму харэаграфічнаму ансамблю “Прыпяць” з Турава — 55. (Пра тое наша газета расказвала: “«Прыпяць» — наша маладосць” (29.05.2019), “Жыццядайная плынь «Прыпяці»” — 14.08. 2019. — Рэд.). Сябры майго тураўскага юнацтва пра тое памятаюць. Тэлефанаванняў — не злічыць. Неяк у трубцы чую: “Бацька родны, мы тут амаль з усёй Ленінградскай вобласці сабраліся. Віншуем з юбілеем! Жадаем сустрэчы на Радзіме!” Гэта, пазнаў адразу, Фёдар Кузьміч Сядзельнік, заслужаны работнік культуры Расіі. Потым яшчэ іншыя сябры бралі трубку, віншавалі. А ўсе ж, нагадаю, былі тады, у 1964‑м, у восьмым класе ці трохі старэйшыя. Цяпер гэта — сівыя, паважаныя людзі. Едуць дадому, на Палессе з сынамі-дочкамі, унукамі — каб пакланіцца зямлі, асветленай духоўнымі подзвігамі Кірылы Тураўскага. Былі мне тэлефанаванні з Масквы, Гомеля, Магілёва, Брэста ды іншых гарадоў. Нават Ізраіль памятае нашу “Прыпяць”!

І сустрэча сяброў адбылася ў Тураве, на Замкавай гары. Нас падтрымалі намеснік кіраўніка Жыткавіцкага райвыканкама Леанід Валатоўскі, кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры й па справах моладзі Сяргей Агіевіч, старшыня Тураўскага гарвыканкама Ігар Міцюрыч. Ветэран “Прыпяці”, а цяпер і ваенны пенсіянер Іван Матох шмат душы ўлажыў, афармляючы святочную сцэну ў стылістыцы вясковай хаты. Ён і распачаў сустрэчу вітальным, кранальным вершам “Сябры мае”. А затым загучаў вальс-песня “Колькі ў небе зор…” — і на сцэну выйшлі з дзецьмі ўсе тыя, хто прыехаў на свята. Ля сцэнічнай пляцоўкі з песняй танцавалі іх родныя людзі. Потым песню “Матуліна хата” падхапілі ўсе. Далей выйшаў на сцэну, танцаваў гурт “Ніва” з вёскі Рэмель — у цудоўных строях свайго рэгіёну. Асабліва шыкоўна глядзеўся, на мой погляд, танец родных мне рэмельцаў “Вясковая кадрыля”.

На свяце гучалі ўкраінскія песні — яны ж на Палессі не чужыя! Потым заслужаны фальклорны гурт “Лянок” з вёскі Буразь падхапіў творчую эстафету: былі спевы з падтанцоўкамі. Яшчэ Давыд-Гарадок, горад-пабрацім Турава, даслаў на свята песенна-музычнае прывітанне. А цыгана Міколу Батуру аж са сцэны адпускаць не хацелі! Розныя нацыянальныя культуры прыгожымі кветкамі склаліся ў вянок Свята.

Вельмі парадаваў удзячных гледачоў сямейны ансамбль “Абібокі”. Цяпер задаюць тон у ім Валянціна ды Сяргей Страх-Абібокі. Далучаны да народнага мастацтва і дзед Канстанцін, яго сястра, унучкі (найменшай пяць гадоў). Калектыў шмат выступае, яго ведаюць і любяць, асабліва на Палессі.

А перад святкаваннем разам усе мы, артысты-ветэраны, ушанавалі памяць продкаў у саборы Турава. Была служба ў памяць тых артыстаў, іх бацькоў, якія пакінулі гэты свет. Праз увесь Тураў неслі мы ўрачыстым шэсцем гірлянду кветак да помніка воінам, загінулым у Вялікую Айчынную вайну.

Нашы госці-артысты наведалі таксама й мясцовы Дом састарэлых. Мы частавалі яго жыхароў салодкімі прысмакамі, а яшчэ — песнямі, танцамі. Ды так душэўна разам заспявалі “Люблю наш край”, што эмоцый было не стрымаць! “Дзякуй, што памаладзілі нас гадоў на дваццаць пяць!” — падыходзілі да нас ветэраны. Ад такіх слоў проста крылы вырастаюць. Бо людская ўдзячнасць — найгалоўнае ў працы самадзейных артыстаў. Мы ўмеем радавацца жыццю і дзяліцца з іншымі гэтай радасцю. І сваю вялікую любоў да Радзімы, роднай зямлі, родных людзей умеем перадаваць нашчадкам у спадчыну.

Дзякую газеце “Голас Радзімы” за дапамогу ў зборы святочнай бяседы, увагу да ветэранаў-артыстаў ансамбля “Прыпяць”. Мы ўдзячны за публікацыі таксама супрацоўнікам жыткавіцкай райгазеты “Навіны Палесся”.

Мікола Котаў, заснавальнік ансамбляў “Прыпяць”, “Верасок” і “Ніва”

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».