Вы тут

Званы абвясцілі 1000 гадоў


Брэст адсвяткаваў сваё 1000‑годдзе. Урачыстае адкрыццё, карнавал, музычна-­гістарычнае шоу “Міленіўм” і фестывалі сабралі тысячы гледачоў 6–8 верасня


Фота БЕЛТА

У першы дзень свята Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў гораду арыгінал Берасцейскай Бібліі 1563 года. Кніга была надрукавана па загадзе і на грошы берасцейскага старасты, канцлера Вялікага Княства Літоўскага князя Мікалая Радзівіла Чорнага ў мясцовай друкарні. Вярнуць яе на радзіму дапамаглі прадпрымальнікі Брэста, якія выкупілі кнігу ў калекцыянераў за мяжой. Атрымаць рэдкі, аўтэнтычны фаліянт для Брэста — вялікі поспех: ва ўсім свеце можна адшукаць толькі некалькі арыгінальных асобнікаў Берасцейскай Бібліі. Музеі, бібліятэкі ў многіх краінах хацелі б атрымаць такі рарытэт. Каштоўны фаліянт Прэзідэнт перадаў у рукі дырэктара музея гісторыі Брэста Святланы Тамчук.

У гэтыя дні ўспаміналіся заслугі горада. Менавіта Бярэсце на беларускай тэрыторыі першым атрымала Магдэбургскае права. Тут узнікла першая друкарня. У наш час у горадзе створана першая свабодная эканамічная зона. Адсюль родам першы касманаўт з беларускімі каранямі Пётр Клімук і беларуская лёгкаатлетка, алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка.

На наступны дзень у горадзе над Бугам адбыўся доўгачаканы карнавал. Ён атрымаўся не менш захапляльным, чым бразільскі. (Танцоры, якія ўдзельнічалі ў сапраўдных бразільскіх карнавалах, па чутках, былі і на брэсцкім.) У шэсці ішлі і музыкі з Беларусі, Казахстана, Расіі, Латвіі і Польшчы, якія прыехалі на Міжнародны парад аркестраў краін СНД. Шоу цягнулася каля 2 гадзін. Гледачоў здзівіла разнастайнасць касцюмаў артыстаў, якія прадстаўлялі не толькі Беларусь, але і іншыя краіны.

Музычна-гістарычны канцэрт “Міленіўм”, які адбыўся вечарам на Вяслярным канале, нагадаў гледачам пра ўсе вехі развіцця горада: у XІ стагоддзі гэта быў гандлёвы цэнтр і крэпасць на памежжы з польскімі і літоўскімі ўладаннямі. У XІV — XVІ стагоддзях Бярэсце пераўтварылася ў адзін з буйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Магдэбургскае права яно атрымала ў 1390 годзе. У шоу ўдзельнічала каля 400 артыстаў, танцораў, спевакоў, гімнастаў, цыркачоў. У канцы ўсе выступоўцы выйшлі на сцэну, каб праспяваць своеасаблівы гімн гораду “Слаўся, Брэст!”.

У памяць 1000‑годдзя горада ва ўсіх храмах прайшла Боская літургія і падзячны малебен. Велічны юбілей абвяшчалі званы розных канфесій.

На наступны дзень распачалася фестывальная праграма. Фестываль сяброўства, фестываль вулічных тэатраў “Белой Вежи”, фестываль паветраных змеяў — усіх і не пералічыць. Апоўначы на Вяслярным канале разгарнуўся “Фестываль фарбаў”.

Гукі свята заціхлі. Але горад яшчэ доўга будзе памятаць пра юбілей. У напамінак аб ім Брэсту застануцца новы пуцеправод Заходні абыход, першы ў горадзе “Макдональдс”, рэканструяваны тэатр лялек, узноўлены “Гарадскі сад” і шмат іншых новых будынкаў, мастоў і добраўпарадкаваных вуліц.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».