Вы тут

Краіна, адмераная тройчы


Як пазнаёміць дзіця з адзінкамі вымярэння, каб было цікава, займальна і, галоўнае, запамінальна? Навучыць арыентавацца ў гадзінах, хвілінах, не блытацца ў месяцах з рознай колькасцю дзён? У гадах (высакосны / невысакосны)? З задачай выдатна спраўляецца кніжка казачных гісторый Алега Грушэцкага «Краіна Вымярэнія» выдавецтва «Кнігазбор».


Паводле адной з педагагічных тэорый, дзеці засвойваюць інфармацыю найлепш тады, калі яна падаецца ў гульнявой форме і яны самі ўключаюцца ў дзейства. Расповеды Алега Грушэцкага выклікаюць у дзіцяці эмоцыі, суперажыванні: іх героямі становяцца звяры-насельнікі лесу (ліса, вавёркі, маці-рысь і рысяняты, крот...), а падзеі, пра якія ідзе гаворка, — штодзённыя побытавыя клопаты з жыцця людзей: памераць, падлічыць, прасачыць па часе, узважыць.

Напрыклад, мядзведзь вырашыў прадаць зямлю і прызначае, колькі каштуе адзін крок. І тут пачынаюцца цяжкасці: у вожыка крок маленькі, а ў жураўля — доўгі, значыць, мядзведзь атрымае менш грошай, калі пакупніком стане апошні. Альбо звяры будуюць домік, а на ўлазінах высвятляецца: мядзведзь не можа пралезці ў дзверы, а лось — сам прайшоў бы, ды рогі вонкі застаюцца... Зайцу, які рабіў чарцяжы для дзвярэй, ды не ўсіх згадаў, — добры ўрок: «Да ўсяго трэба падыходзіць больш адказна, прадугледжваць усе акалічнасці».

Выданне ўключае раздзелы: «Даўжыня», «Шырыня і вышыня», «Вага», «Літр», «Час» і «Каляндар». Адметна, што ў канцоўцы кожнага апавядання падаецца завязка новага, так атрымліваецца лагічны пераход да наступнай тэмы. Расповеды — адна вялікая гісторыя, забаўляльная і ў той жа час у нечым павучальная, пазнавальная. У тэксце ёсць прыказкі і прымаўкі, што працуюць на карысць ідэі твора, замацоўваюць у памяці атрыманыя веды праз пэўныя вобразы і асацыяцыі.

Некаторыя дапамагаюць лепш запомніць назвы месяцаў: «як чэрвень сухі, забудзься на баравікі», «ліпень пякучы, але даручы», «кожная хата ў жніўні багата», «што ў полі ўродзіць — жнівень знаходзіць»...

Нядзіўна, што кніга — яркая, прыцягальная, напісаная жывой размоўнай мовай, бо аўтар — бацька траіх дзяцей, і форма, у якой ідзе расповед, прайшла выпрабаванне часам і практыкай: пісьменнік усё прыдумляў для ўласных гадаванцаў і распавядаў ім, тлумачыў незразумелае.

Мастак Віктар Козел цудоўна праілюстраваў выданне, тут можна пабачыць малюнкі тых рэчаў, што ўжо выйшлі з ужытку, але знаёмяць з гісторыяй паняццяў, напрыклад, прадуктовыя шалі з гірамі, пясочны гадзіннік і інш. Асабліва наглядна падаецца тэма календара: што і калі (дзень / ноч, раніца / вечар) робяць людзі, што адбываецца ў прыродзе ў розныя поры года, якія работы вядуцца ў гаспадарцы.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.