Вы тут

Па 22 верасня па ўсёй краіне праходзіць Еўрапейскі тыдзень мабільнасці


Па 22 верасня па ўсёй краіне праходзіць Еўрапейскі тыдзень мабільнасці, у тым ліку гарадская экалагічная акцыя «Дзень без аўтамабіля». У Беларусі мерапрыемства праводзіцца штогод, пачынаючы з 2015 года.


Кансультант упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змяненне клімату і экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аксана ЮЧКАВІЧ расказала, што асноўнай тэмай 2019 года з'яўляецца тэма развіцця веласіпеднага і пешаходнага руху ў гарадскім асяроддзі.

— Вельмі важна прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы залішняга выкарыстання асабістага транспарту і, як вынік, забруджвання паветра. Цікавасць да мерапрыемства расце, павялічваецца і колькасць удзельнікаў мерапрыемства. Сёлета на беларускім Еўрапейскім тыдні мабільнасці зарэгістравалася рэкордная колькасць гарадоў — 76, летась іх было 66. Праблема, якая падымаецца дзякуючы яму, цяпер вельмі актуальная: 63 працэнты выкідаў, якія забруджваюць атмасфернае паветра, прыпадае на аўтатранспарт, гэта амаль дзве траціны ўсіх выкідаў. У сталіцы лічба дасягае 88 працэнтаў. Традыцыйна Еўрапейскі тыдзень мабільнасці завяршаецца акцыяй «Дзень без аўтамабіля», якая пройдзе 22 верасня. Зразумела, што не ўсе кіроўцы цалкам адмовяцца ад выкарыстання асабістага транспарту і аддадуць перавагу грамадскаму. Аднак цяпер у краіне актыўна развіваюцца і альтэрнатыўныя яго віды: сегвеі, самакаты, веласіпеды. Не трэба забываць і пра пешыя прагулкі.

Акцыя праводзіцца не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах краіны: Брэсце, Смаргоні, Ваўкавыску, Баранавічах, Вілейцы і іншых. Напрыклад, у Рэчыцы кіроўцам, якія адмовяцца ад праезду на асабістым транспарце, будуць прапанаваны білеты ў эколага-біялагічны музей, які ім можна будзе наведаць бясплатна.

Старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сцяпан ДУБНІЦКІ адзначыў:

— Цяпер у сталіцы праводзіцца работа па змяншэнні вышыні бардзюрнага каменя па найбольш запатрабаваных маршрутах веласіпеднага руху і па размяшчэнні велапарковак. 22 верасня з 14 да 21 гадзіны прадугледжана экалагічная акцыя на вуліцы Кастрычніцкай, уваход бясплатны. Там будуць арганізаваны майстар-класы, конкурсы, сярод якіх — на лепшы падсвечаны веласіпед, прадугледжана дзіцячая пляцоўка, работа фотазоны, выстаўкі рамеснікаў. З 17 да 21 гадзіны пройдзе канцэртная праграма, а пасля — вячэрні велапрабег падсвечаных веласіпедаў. Усім удзельнікам можна будзе ўпрыгожыць свой транспарт рознакаляровымі стужкамі, каб яскрава праехаць па праспекце і не застацца незаўважанымі. У прабегу могуць удзельнічаць не толькі веласіпеды, але і самакаты, сегвеі і іншыя альтэрнатыўныя віды транспарту. Акрамя таго, можна пракаціцца са сваімі жывёламі. Старт на вуліцы Кастрычніцкай, далей маршрут пройдзе па вуліцах Трасцянецкай, Аранскай, Свярдлова, праспекце Незалежнасці. Фініш — на вуліцы Якуба Коласа. Дарожны рух аўтамабіляў на гэты час будзе абмежаваны.

Інспектар аддзела па агітацыі і прапагандзе УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Раман ЛАШКЕВІЧ расказаў, што падчас правядзення Еўрапейскага тыдня мабільнасці будуць дзейнічаць абмежаванні на рух па вуліцы Кастрычніцкай ад дома № 16/1 да № 16/25 з шасці гадзін раніцы да поўначы. Паэтапнае абмежаванне руху будзе ажыццяўляцца падчас велапрабегу.

Эксперт праекта ПРААН «Зялёныя гарады» па правядзенні Еўрапейскага тыдня мабільнасці Кірыл СІНЮЦІЧ адзначыў: штогод мерапрыемства падтрымліваюць прыблізна 50 краін, Беларусь знаходзіцца на дзявятым месцы па масавасці.

Адным з арганізатараў Еўрапейскага тыдня мабільнасці з'яўляецца арганізацыя «Мінскае веласіпеднае таварыства». Аб праграме мерапрыемстваў расказала яго прадстаўніца — PR-спецыяліст Дар'я КАСКО:

— 20 верасня для жыхароў сталіцы пройдзе акцыя «На работу на веласіпедзе». З сямі гадзін раніцы да паловы адзінаццатай у розных пунктах горада (каля стэлы «Мінск — горад-герой», галоўнага ўваходу ў Батанічны сад, «Мінск-Арэны», Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, каля ўнівермага «Беларусь», а таксама на праспекце Пушкіна, 85) валанцёры будуць раздаваць усім веласіпедыстам смачную садавіну.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: На карысць свайму здароўю

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.