Вы тут

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва


Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый, і расказала пра тое, які працэнт можна лічыць выдатным вынікам. Бо адна з галоўных задач мерапрыемства — даведацца пра максімальна дакладную колькасць насельніцтва краіны.


Цяпер рыхтуецца загад па зацвярджэнні мэтавых паказчыкаў для ацэнкі правядзення і якасці перапісу. Для сябе Белстат вызначыў такія паказчыкі: больш за 98 % перапісаных — выдатна, 95—98 % — добра, менш за 95 % — здавальняюча. «Удзельная вага колькасці насельніцтва, перапісанага праз інтэрнэт: больш за 25 % — выдатна, 20—25 % — добра, менш за 20 % — здавальняюча», — растлумачыла Іна Мядзведзева. Дарэчы, паводле папярэдніх звестак, на 1 жніўня ў нашай краіне пражывала 9 мільёнаў 454 тысячы 100 чалавек.

Унікальная інфармацыя дапаможа краіне развівацца

Вынікі перапісу даюць гранічна дакладную інфармацыю аб колькасці насельніцтва, хатніх гаспадарак, сем'ях (колькі іх, якія яны, уся дэмаграфічная раскладка). І гэта дазваляе карэктна выбудаваць работу ўсёй дзяржавы.

Пасля перапісу Белстат дасць унікальную інфармацыю аб тым, як размешчаны працоўныя рэсурсы, чаму насельніцтва не працуе ў адным горадзе, а едзе ў іншы, і шмат што яшчэ. «Раз у дзесяць гадоў мы атрымліваем інфармацыю аб фактычным беспрацоўі. Так, штоквартальна публікуем звесткі выбарачнага абследавання па вывучэнні занятасці, у якім удзельнічае невялікі працэнт насельніцтва. Але гэтыя лічбы моцна адрозніваюцца ад фактычных. Самае галоўнае, што мы атрымліваем, — прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Наступныя дзесяць гадоў будзем рабіць разлікі і прагнозныя параметры, грунтуючыся на даных перапісу», — адзначыла важнасць правядзення працэдуры Іна Мядзведзева.

Пры гэтым яна выказала пазіцыю, што ў нашай краіне няма неабходнасці ўводзіць нейкія штрафы ў дачыненні да тых, хто катэгарычна адмаўляецца ад удзелу ў мерапрыемстве. Тым больш што пробны перапіс паказаў адкрытасць насельніцтва. А між іншым, у некаторых краінах Еўрасаюза прадугледжаны вельмі вялікія штрафы тым, хто адмаўляецца.

Тры спосабы перапісу

Перапіс насельніцтва пройдзе з 4 да 30 кастрычніка. Рэспандэнтам прапануюць адказаць на 49 пытанняў, у тым ліку аб асноўных дэмаграфічных і нацыянальна-этнічных характарыстыках, міграцыйнай актыўнасці, адукацыі, крыніцах сродкаў на існаванне, занятасці, колькасці дзяцей, жыллёвых умовах, гаспадарчай дзейнасці. «Перапісацца» можна будзе адным з трох спосабаў: самастойна і ў зручны час запоўніць апытальныя лісты праз інтэрнэт, на стацыянарных участках, у сябе дома падчас вуснага апытання перапісчыка.

Ужо цяпер месцы для стацыянарных участкаў амаль усюды вызначаны. Інфармацыя аб адрасах будзе размешчана на сайце Белстата, тэрытарыяльных органаў дзяржаўнай статыстыкі, верагодна, па просьбе камітэта праінфармуюць жыхароў раёнаў і сайты райвыканкамаў. Таксама ёсць дамоўленасць аб апавяшчэнні насельніцтва праз жыроўкі.

Акрамя таго, паралельна з 4 да 18 кастрычніка будуць працаваць мабільныя стацыянарныя ўчасткі. Гэта значыць, што ўсе арганізацыі, якія пажадаюць прыняць у сябе перапісчыкаў, могуць накіраваць заяўкі. І такіх ужо цяпер аказалася нямала. Іна Мядзведзева дадала, што Белстат нацэліў органы дзяржаўнага кіравання на перапіс у інтэрнэце. Дарэчы, гэта стане зручным спосабам і для беларусаў, якія часова знаходзяцца за мяжой. Бо калі чалавек пражывае менш за год за межамі краіны, «перапісацца» ён абавязаны, але гэта могуць зрабіць за яго і паўналетнія сваякі.

Рыхтуюцца таксама перапісчыкі для работы ў арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання, закрытых установах. Гэта работнікі згаданых арганізацый, якія пройдуць навучанне з 17 верасня ў тэрытарыяльных органах дзяржаўнай статыстыкі. Усяго ў спецыялізаваных, спецыяльных установах закрытага і адкрытага тыпаў будзе працаваць каля
2,7 тысячы перапісчыкаў.

Падлічана, што ўсе новыя падыходы да правядзення перапісу дапамогуць скараціць у тры разы колькасць перапіснога персаналу, амаль у столькі ж разоў паменшыць час запаўнення перапіснога ліста. А гэта дазволіць у канчатковым выніку павысіць якасць працэдур. Дапаможа пры правядзенні перапісу і спецыяльны кол-цэнтр, у які можна звярнуцца з любымі пытаннямі па тэме. Ужо цяпер працуе промасайт перапісу па адрасах www.перапіс.бел і www.census.by, дзе можна азнаёміцца з данымі кампаніі 2009 года і знайсці карысную інфармацыю і парады.

А як у інтэрнэце

Пры падрыхтоўцы да перапісу Белстат вывучыў перадавы сусветны вопыт. Спецыялісты прыйшлі да высновы, што няма неабходнасці рыхтаваць відэаролік, які тлумачыць паслядоўнасць яго праходжання па інтэрнэце. Замест гэтага на сайце перапісу размесцяць прэзентацыю, дзе будуць пазначаны паслядоўнасць дзеянняў і пытанні, якія могуць паўстаць у карыстальнікаў.

Падчас перапісу па інтэрнэце выкарыстоўваецца рэсурс міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі (МСІ). Прычым скарыстацца ім могуць як зарэгістраваныя, так і незарэгістраваныя карыстальнікі. Першыя — увайшоўшы з дапамогай лагіна і пароля, другія — праз
СМС-код (паказаўшы свой ідэнтыфікацыйны нумар і нумар мабільнага тэлефона). Зрэшты, паколькі другі спосаб больш хуткі, скарыстацца такім аднаразовым паролем можа і зарэгістраваны карыстальнік.

Пасля працэдуры ўваходу чалавек атрымае перадзапоўнены перапісны ліст, дзе ўжо будуць пазначаны яго прозвішча, імя, імя па бацьку, асабісты нумар, дата і месца нараджэння. Застанецца дапоўніць яго іншай інфармацыяй.

Намеснік начальніка аперацыйнага ўпраўлення — начальнік аддзела міжбанкаўскай ідэнтыфікацыі і блокчэйна ААТ «Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя «Адзіная разліковая і інфармацыйная прастора» Ірына Ігнатовіч адзначыла, што паўдзельнічаць у перапісе па інтэрнэце змогуць толькі тыя грамадзяне, даныя якіх ёсць у сістэме МСІ. У ёй сёння ўтрымліваецца каля 7,5 мільёна ўнікальных запісаў аб кліентах беларускіх банкаў. Калі чалавек ніколі не сутыкаўся з апошнімі, не атрымліваў банкаўскую пластыкавую картку, тады інтэрнэт вам не дапаможа.

У сувязі з тым, што гэта сістэма фарміруецца данымі, якія даюць банкі пры абслугоўванні кліентаў, тут трэба паказваць той нумар мабільнага тэлефона, які вы паведамлялі супрацоўніку банка. «Калі вы хочаце папярэдне паглядзець, якія даныя захоўваюцца ў сістэме, ужо цяпер можна зарэгістравацца ў МСІ і ўбачыць іх. Дарэчы, праходзіць рэгістрацыю на нашым сайце можна і з выкарыстаннем адраса электроннай пошты. Гэта важна для тых, хто з нейкіх прычын не падключаны да беларускага аператара сотавай сувязі», — адзначыла Ірына Ігнатовіч.

Намесніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Жанна Васілеўская звярнула ўвагу, што не варта блытаць паняцці «хатняя гаспадарка» і «сям'я». Пры запаўненні апытальніка ўлічваецца, што ў адным памяшканні можа знаходзіцца больш як адна хатняя гаспадарка. Па кожнай з іх інфармацыя запаўняецца па парадку: склад кожнай хатняй гаспадаркі, затым асабістыя даныя ўсіх членаў сям'і. Калі некалькі паўналетніх членаў сям'і захочуць самастойна скарыстацца праграмай у інтэрнэце, дубляванне інфармацыі будзе выключацца.

Пры запаўненні апытальнага ліста самастойна прадугледжаны падказкі, якія будуць усплываць у выпадку, калі чалавек не зразумеў пытання. Таксама закладзены лагічны і арыфметычны кантроль: сістэма альбо падкажа рэспандэнту, што ён дзесьці дапусціў памылку, альбо адразу заблакуе пераход да наступнага пытання, пакуль нестыкоўка не будзе выпраўлена.

І яшчэ. Нікуды не трэба спяшацца. Заўсёды можна вярнуцца да запаўнення перапіснога ліста, калі чалавек перапыніўся, альбо памяняць ужо ўнесеныя даныя ўліковага запісу — усе яны захоўваюцца да завяршэння працэдуры. «У выпадку калі ў чалавека няма сельгасучастка, а склад сям'і — тры-чатыры чалавекі, час запаўнення складзе ў сярэднім 10—15 хвілін. Тут многае залежыць ад вопыту запаўнення апытальнікаў у інтэрнэце. Але...

Скончыўшы працэдуру, чалавек захоўвае і адпраўляе сваю анкету. Усё, цяпер інфармацыя пра вас сышла ў засакрэчаны сервер і дастаць яе адтуль проста так не ўдасца. Пасля гэтых дзеянняў кліент атрымае апавяшчэнне — падзяку за ўдзел, а таксама пасведчанне аб тым, што прайшоў апытанне (у дакуменце пазначаны адрас яго пражывання). І ў выпадку, калі ўсё ж такі да рэспандэнта пазней прыйдзе дадому перапісчык, яму дастаткова паказаць гэта пасведчанне як доказ.

Давярай, але правярай

Спецыялісты расказвалі і пра тое, як не стаць ахвярай ашуканцаў, якія прыкідваюцца перапісчыкамі.

Бліжэй да гадзіны пік міліцыя будзе праводзіць работу па папярэджанні насельніцтва аб ілжэперапісчыках. «Разам з намі яны будуць такія факты адсочваць. Я ж хачу папярэдзіць людзей ні ў якім разе не даваць інфармацыю па тэлефоне. Пры правядзенні пробнага перапісу ў нас былі выпадкі, калі несумленныя людзі спрабавалі атрымаць пэўную інфармацыю такім чынам. Дык вось — Белстат па тэлефоне перапіс не праводзіць», — падкрэсліла Іна Мядзведзева.

Калі вы вырашылі, што перапісчык прыходзіць да вас дадому, тады рэспандэнту трэба запатрабаваць у яго пасведчанне і пашпарт. У гэтым выпадку вы павінны абавязкова зверыць даныя яго пашпарта з данымі ў пасведчанні. Калі ёсць сумненні, можна патэлефанаваць у кол-цэнтр перапісу або ў органы статыстыкі і ўдакладніць прозвішча і даныя. Перастрахавацца ніколі не будзе лішнім. Калі перапісчыкі пойдуць па дамах — а гэта будзе з 21 да 30 кастрычніка — насельніцтва да гэтага часу ў максімальнай сваёй масе ўжо вызначыцца з формай праходжання перапісу.

Акрамя таго, у прыватным сектары падчас перапісу будуць працаваць участковыя і нарады міліцыі, каб адсочваць магчымую дзейнасць ашуканцаў. Такія трывожныя сігналы будуць мець прыярытэт пры разглядзе. Гэта дадаткова засцеражэ і саміх перапісчыкаў.

Першую інфармацыю аб колькасці насельніцтва Белстат дасць у лютым наступнага года. Разгорнутую па сацыяльна-дэмаграфічных характарыстыках, у тым ліку фактычным беспрацоўі, — у ліпені 2020 года, а інфармацыю па самай складанай частцы апытальніка — дзейнасці насельніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі — у ліпені 2021 года.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.