Вы тут

Чым здзівіў тэатральны фестываль «Белая вежа»


Гэтым разам фестываль «Белая вежа» не тое што згубіўся, але атрымаўся нібы крышачку ў цяні грандыёзных святкаванняў тысячагоддзя. І выступленне на галоўнай плошчы горада даўняга сябра і ўлюбёнца тутэйшай публікі Львоўскага тэатра «Уваскрэсенне» многія ўспрымалі як мерапрыемства юбілейнай праграмы.


Фраг­мен­ты вы­ступ­лен­ня тэ­ат­ра «Уваск­рэ­сен­не». Фо­та Аляк­санд­ра ШУЛЬ­ГА­ЧА.

У рэшце рэшт так яно і сталася. Гэта быў нават не спектакль, а яркае вогненнае шоу пад назвай «Карпацкі калейдаскоп». Пад каларытную музыку артысты на хадулях паказалі прыгожую дзею на матыў старадаўніх легендаў букаўчан, гуцулаў і бойкаў. Сюжэт замяніла чароўная магія агню, ад якога навокал станавілася горача і прыгожа. Гэты калектыў умее падпарадкаваць сабе гледача сваім мастацтвам. Яшчэ ў 2007 годзе вулічным спектаклем «Вішнёвы сад» яны ўзялі Гран-пры на «Вежы» пры аднадушным меркаванні як прафесійнага, так і глядацкага журы.

Сёлета львоўскія сябры фестывалю вясёлай вогненнай феерыяй павіншавалі брастаўчан з днём нараджэння горада, а мастацкі кіраўнік і дырэктар тэатра Яраслаў Федарышын паабяцаў налета прывезці да нас новы спектакль з маштабнымі дэкарацыямі і вялікім балетам, прысвечаны французскаму танцору Сержу Ліфару. Год пройдзе хутка.

Рэжысёр Федарышын быў яшчэ раз заяўлены ў афішы фестывалю, і зноў з яго любімым Чэхавым. Праўда, пастаноўка «Дзядзькі Вані» ажыццёўлена як сумесны праект двух венгерскіх тэатраў — Дануб Бенд Тэатра і Камернага Театра Бартак. Артысты з горада Вац уразілі сваёй не проста віртуознай ігрой, але амаль фантастычнай пластыкай, уменнем ужывацца ў вобраз героя. Гарманічна тут выглядала ўсё: ігра, дэкарацыі, эстэтыка. Крытыкі, словам, былі ў захапленні. А гледачы ў зале смяяліся, плакалі, прымяралі думкі персанажаў на сябе. Бо на сцэне ішла дзея пра немагчымасць быць шчаслівым, пра пошук кахання і шчасця ў свеце, які ходзіць па краёчку бездані. Нехта з крытыкаў потым назваў работу паклонам рэжысёра вялікаму мастацтву. Так яно, пэўна, і ёсць. І нікога не здзівіла, калі па выніках фэсту экспертны савет найлепшым спектаклем назваў менавіта «Дзядзьку Ваню».

Падзеяй сёлетняй «Вежы», несумненна, стаў монаспектакль армянскай актрысы Нарынэ Грыгаран «Мая сям'я ў маім чамадане». Гэта не толькі спектакль, гэта аповед відавочцы, удзельніка тых страшных падзей. Пра вайну ў Нагорным Карабаху мы ведаем у асноўным са скупых выпускаў навін. Тады, на пачатку 1990-х, нам яна здавалася нечым далёкім, не надта зразумелым. Праўда, здаралася пачуць ад знаёмых ці сваякоў знаёмых, што нехта прыехаў, збег ад вайны, ад пераследу. Іх расповеды адрозніваліся ад сухіх телевізійных паведамленняў. А тут проста шок... Нарынэ, якой у 1992 годзе было 12 гадоў, расказвае пра ўбачанае, пачутае, перажытае. Яе бацькі чакалі трэцяе дзіця, выехалі з горада ў карабахскае сяло ў спадзяванні знайсці спакой і паратунак. І аказаліся на самай лініі фронту. Бацька Нарынэ, які працаваў на будоўлі, трапіў у турму і штодня падвяргаўся жорсткім катаванням. Вачамі дзяўчынкі, яе дзіцячай душой мы спасцігаем, як можна выжыць у падвале, калі абстрэл доўжыцца некалькі гадзін запар, як адказваць на ўроку ў школе, калі пальцы замярзаюць і баляць ад холаду.

І гэта не самае страшнае, самае жахлівае наступае, калі сям'я аказваецца на парозе выбару... З'явілася магчымасць вывезці аднаго з сям'і ў Арменію, выратаваць аднаго з пяці чалавек. І сям'я вырашае, што гэта павінна быць Нарынэ. Сюжэтная лінія спектакля будуецца на ўспамінах дзяўчынкі з чамаданам, якая чакае выратавальнага верталёта.

Гледзячы на жанчыну, што перажыла ўсё гэта дзіцем, вымушана пакутуеш, хварэеш думкамі: ну як людзі могуць быць такімі наогул, чаму яны развязваюць падобныя войны і ператвараюцца ў нелюдзяў? Чаму тыя, што гадамі, дзесяцігоддзямі, вякамі жылі па-суседску, за нейкі лапік зямлі пачынаюць нішчыць адзін аднаго, адны становяцца забойцамі другіх па нацыянальнай прыкмеце? І пакуль мы разам з дзеячамі мастацтва пакутліва разважаем, войны ў розных канцах свету працягваюцца.

Сваю інтэрпрэтацыю падобнай тэмы прапанаваў Цюменскі вялікі драматычны тэатр. Яны прывезлі спектакль «Ганна Франк». Гэта рэальны чалавек. Аб гісторыі даведаліся ва ўсім свеце пасля публікацыі дзённікаў 15-гадовай ахвяры Халакосту. Дзяўчынка разам з сям'ёй два гады хавалася ў цесным пакоі паддашка аднаго з дамоў Амстэрдама, пакуль іх не знайшлі і не забілі нацысты. Фільм італьянца Раберта Беніні «Жыццё цудоўнае» па матывах дзённікаў Ганны атрымаў «Оскара». А вось цюменцы прапанавалі сваё бачанне п'есы Асі Валошынай пра юную Ганну. І артыстам удалося, несумненна, зачапіць гледача літаральна з першых секундаў, калі на сцэну выбегла мілавідная кучаравая дзяўчынка і адрэкамендавалася пісьменніцай, якой 27 гадоў. А праз секунду прызналася, што насамрэч яе няма, бо яна яўрэйка, а нейкія людзі вырашылі, што яе не павінна быць... А ў цэлым жа спектакль пра жыццё, якое бывае вясёлае, сумнае, забаўнае, трагічнае. Але гэта жыццё кожнага, і хто мае права пазбаўляць чалавека яго проста так? Вядома, тэма не новая, але ж вартая, каб яе завастраць зноў і зноў.

Так склалася, што гледачы «Белай вежы» заўсёды трапятліва чакаюць прыезду маскоўскіх і піцерскіх тэатраў. Большасць з іх становіцца падзеяй фэсту, хоць здараліся і расчараванні. Але гэтым разам студэнцкі спектакль «Школа. Метро. Сны» тэатральнай школы Канстанціна Райкіна прайшоў з аншлагам. Сваіх студэнтаў Канстанцін Аркадзевіч прадставіў сам, расказаў, якая жорсткая дысцыпліна ў іх навучальнай установе. Заняткі праходзяць з 9.30 да 22.10 з двума перапынкамі па 45 хвілін. Сапраўды, рэжым дня можна параўнаць хіба з сярэднявечным езуіцкім калегіумам... Студэнты хранічна не высыпаюцца, дасыпаць даводзіцца ў метро па дарозе ў інстытут. Адсюль і назва. Але ж нездарма педагогі так муштруюць навучэнцаў. Нечаму ўсё ж навучылі, калі пасля спектакля іх доўга не адпускалі са сцэны гледачы. Сам жа народны артыст Расіі выступіў яшчэ з монаспектаклем «Звычайныя словы».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».