Вы тут

«Школу рэдактараў БДУ» прыдумала студэнтка факультэта журналістыкі


Гады вучобы — гэта час, калі ў многіх адкрываюцца новыя магчымасці і з'яўляецца вялікая колькасць цікавых ідэй. Вельмі важна ўхапіцца хоць бы за адну, але раскласці яе па «пясчынках», каб паглыбіцца ў тэму. Менавіта так і зрабіла наша гераіня. Яшчэ нядаўна студэнтка-другакурсніца падавала заяўкі на ўдзел у розных адукацыйных івентах, а зараз думае над другім сезонам уласнага праекта.


У канцы першага курса навучання на факультэце журналістыкі БДУ Настасся Ларына захацела зрабіць нешта сваё. Стаўшы ўдзельніцай некалькіх універсітэцкіх мерапрыемстваў («Публіка і я», «ЕVЕNT-лабараторыя»), яна ўважліва сачыла за тым, як усё арганізоўваецца, выяўляла вартасці і недахопы працэсу.

— На той момант я яшчэ не ведала, што буду ствараць. Аднойчы дадумалася — трэба зрабіць «Школу рэдактараў БДУ»! Гэта быў васьмітыднёвы праект для студэнтаў, якія хочуць навучыцца працаваць з тэкстамі, прыдумваць тэмы, складаць рэзюмэ пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў — журналістаў, спецыялістаў па камунікацыі, дызайнераў. Курс складаўся з лекцый і дамашніх заданняў. Мерапрыемства задумвалася для ўсіх, хто піша — для сябе або па рабоце, — прыгадвае суразмоўніца. — Звязалася са старшынёй Студэнцкага савета БДУ па якасці адукацыі Артурам Кандраценкам — разумела, што трэба рэалізоўваць задуму праз якую-небудзь студэнцкую арганізацыю. Калі разам усё абмеркавалі, аказалася, што, каб атрымаць фінансаванне, трэба паўдзельнічаць ва ўніверсітэцкім конкурсе «Найлепшы маладзёжны праект», што я і зрабіла. Апошні адобрылі — так і пачалася ўласна работа.

Калі ідэя і план ёсць, трэба прыступаць да канцэпцыі, у якой неабходна абазначыць мэту і задачы. Настасся параўноўвае гэта з даследчыцкай працай, адзінае адрозненне — тут патрэбна яшчэ і практычная рэалізацыя. Канешне, калі штосьці робіцца першы раз, асабліва важна адчуваць падтрымку. Настасся прыадкрывае сакрэты:

— Артур Кандраценка кансультаваў мяне па дакументах. Дызайн і якасныя фотаздымкі рабілі добрыя знаёмыя. Па агульнай арганізацыі з большасці спраўлялася сама, бо хацела даведацца, як усё працуе знутры, каб у наступныя сезоны зрабіць нейкі «гадзіннік», па якім кожны будзе сачыць, як і што трэба выконваць.

Яшчэ неабходна мець на ўвазе, што ў любы момант можа здарыцца ўсё, што заўгодна, а шукаць выйсце прыйдзецца менавіта арганізатару. Настасся Ларына прызнаецца, што ў «Школе рэдактараў БДУ» не абышлося без такіх сітуацый:

— Была неяк пазаштатная сітуацыя, калі спікер трапіла ў аварыю, а да пачатку яе лекцыі заставалася дзесяць хвілін. Яна папрасіла мужа даслаць прэзентацыю, каб у нас была інфармацыя. І старшыня Студэнцкага савета па якасці адукацыі на факультэце журналістыкі Ксенія Ганчарык спакойна правяла гэтую лекцыю.

Любы праект, нават студэнцкі, патрабуе фінансавага забяспечвання. Частку грошай, як мы ўжо даведаліся, дзяўчына атрымала дзякуючы конкурсу «Найлепшы маладзёжны праект». Але ці хапіла іх?

— Збольшага той сумы было дастаткова. Таксама спрабавалі атрымаць зніжку на налепкі, кубкі, нататнікі — напісалі 15 друкарскім цэнтрам, але адказ атрымалі толькі ад аднаго, затое станоўчы, — адказвае Настасся.

На першых этапах планавалася, што на мерапрыемства трапяць толькі 20 чалавек, але напрыканцы падачы заяў аказалася, што колькасць ахвотных — больш за 80. Прыйшлося адбіраць па некалькіх крытэрыях, якія пералічвае суразмоўніца:

— У анкеце было пытанне: «Навошта вам гэта?», з адказу на якое можна было зразумець матывацыю. Таксама праглядалі старонкі ў сацыяльных сетках. Мы не бралі тых, па чыім профілі разумелі, што ім насамрэч не вельмі цікавая тэматыка праекта «Школа рэдактараў БДУ». Хоць, напэўна, гэта было не вельмі справядліва. У выніку мы абралі 30 прэтэндэнтаў.

Калі ўкладваеш у справу шмат энергіі, то, канешне, хочацца аддачы, якая ў Настассі Ларынай і была, — ёй пакінулі шмат добрых водгукаў. Усе атрымалі сертыфікаты ўдзельніка, што ў будучыні, магчыма, дапаможа ім пры адборы на нейкую стажыроўку. Вясной плануецца распачаць другі сезон «Школы рэдактараў БДУ», дзе, мабыць, будзе яшчэ больш спікераў і ўдзельнікаў.

Паліна Берташ,  студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота Аляксандры Страйноўскай

Загаловак у газеце: У «Школу рэдактараў БДУ» да... студэнткі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.