Вы тут

Што ператварае сур'ёзнага юрыста ў шчаслівае дзіця?


Большую колькасць часу ў майго суразмоўніка займае любімая работа — па прафесіі ён юрыст. Дваццацісямігадовы Павел МАНОЙЛАЎ кажа, што недахопу станоўчых эмоцый у яго няма, аднак часам хочацца атрымліваць іх па-за межамі прафесійнай дзейнасці. У гэтым яму дапамагае хобі — калекцыянаванне. Хлопец збірае сцягі розных краін, а таксама паштоўкі, якія прыходзяць яму з усяго свету.


— Посткросінг увайшоў у ваша жыццё выпадкова?

— Пра тое, што можна абменьвацца паштоўкамі з іншымі людзьмі, я даведаўся яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце — каля васьмі гадоў таму. У адной з мясцовых газет прачытаў нататку пра посткросінг, і мяне гэты занятак зацікавіў. Сутнасць такая: рэгіструешся на сайце, атрымліваеш пяць выпадковых адрасоў, на якія ў далейшым трэба будзе адправіць картку ў рамках пэўнага часу. Ты, у сваю чаргу, таксама чакаеш сюрпрыз у паштовай скрыні. Такім чынам, адбываецца кругаварот паштовак па ўсім свеце. Не зважаючы на безліч кіламетраў, нацыянальнасць, узрост, палітычныя погляды або рэлігію з адпраўшчыкамі мы знаходзім агульную мову, дзелімся эмоцыямі і перажываннямі. Акрамя таго, з дапамогай такога хобі некаторыя знаходзяць сваіх сяброў або нават каханне.

— І колькі паштовак у калекцыі цяпер?

— Больш за дзве тысячы. Калі толькі пачынаў збіраць іх, мяне прывабліваў найперш сам працэс. З часам колькасць экзэмпляраў павялічвалася, і ў мяне сфарміравалася асабістае меркаванне аб тым, што канкрэтна я хацеў бы атрымліваць. Цяпер увагу засяродзіў на некаторых серыях замежных выдавецтваў, многія з якіх цяжка набыць. Асаблівае месца адведзена паштоўкам з малюнкам сцягоў розных краін. Іх у мяне больш за 60, 50 з якіх — гэта сцягі дзяржаў, а астатнія — рэгіёнаў і міжнародных арганізацый.

— Растлумачце, што значыць, рэдкія серыі?

— Адна з іх мае назву «Pantone» (ад амерыканскай кампаніі інстытута колеру. — Аўт.), у наборы 100 штук, кожная картка мае свой колер, які не паўтараецца. Няма ні малюнкаў, ні подпісаў. Скажу шчыра, мае знаёмыя і сябры не падзяляюць любові да гэтай серыі, не бачаць у ёй прыгажосці, а мне падабаецца. Яшчэ адзін гонар — паштоўкі французскага мастака Вахрама Мурацьяна. Яны проста неверагодныя! Назва серыі — «Парыж супраць Нью-Йорка», усе 50 экзэмпляраў у мяне ёсць. Творца супастаўляе тыповыя для абодвух гарадоў рэчы, абыгрывае мясцовыя стэрэатыпы. З нядаўняга часу звярнуў увагу на карткі з вокладкамі знакамітых часопісаў VOGUE, The New Yorker, а таксама на набор паштовак пад назвай «Жанчыны ў навуцы». І гэта далёка не ўсё, што ў мяне ёсць.

— З адваротнага боку вашых картак — прыгожыя малюнкі і подпісы. Займаецеся гэтым самастойна?

— Так, мне падабаецца, калі іх афармленне нагадвае асобны твор мастацтва. Калі сам пішу там штосьці важнае, фіксую яркія падзеі жыцця. А часам прашу дапамагчы з гэтым знаёмых. Напрыклад, вось работы Міці Післяка (паказвае некалькі экзэмпляраў), знакамітага мінскага стрыт-арт-мастака, ілюстратара.

— Ці ёсць «асаблівыя» экзэмпляры, якія кранаюць душу?

— Аднойчы з Германіі прыйшла паштоўка, у якой жанчына падзялілася са мной сваім горам. У яе памерла маці, а захапленне посткросінгам дапамагло пазбавіцца ад дэпрэсіі і сысці ад дрэнных думак. Цяпер, калі ў мяне кепскі настрой, я нагадваю сабе, што гэта не канец свету. Ёсць яшчэ адна гісторыя, звязаная з посткросінгам. Адзін хлопчык, які быў зарэгістраваны на сайце, абвясціў пра тое, што ў яго апошняя стадыя раку і яго мара — атрымаць мільён паштовак. Мяне вельмі кранула гэта, я з вялікай пяшчотай выбіраў яму падарунак. На жаль, мая пасылка не дайшла да хлопчыка, але яго мара ажыццявілася — ён атрымаў нашмат больш, чым яму хацелася.

— Што вас найбольш прыцягвае ў хобі?

— Лічу, што гэта ўнікальны праект, ён даказвае: усе межы і адрозненні існуюць толькі ў нас у галаве. Я веру, што кожная атрыманая паштоўка — гэта нешта большае, чым проста кавалак размаляванага кардону, гэта часцінка душы адпраўшчыка. Прытрымліваючыся гэтага прынцыпу, вельмі трапятліва стаўлюся да кожнага паслання і настолькі ж старанна падбіраю карткі, падпісваю іх сваім адрасатам. Прыемна, што магу ашчаслівіць кагосьці маленькім падарункам. Часцей за ўсё днём я сур'ёзны, засяроджаны юрыст, а ўвечары, адкрыўшы паштовую скрыню, шчаслівае дзіця. Асаблівае задавальненне атрымліваю, калі «сябры па паштоўках» улічваюць мае пажаданні. Напрыклад, нядаўна з Фінляндыі прыйшла адна картка з маркай «Еўрабачання» — я фанат гэтага конкурсу. Да таго ж, я, як і многія, вельмі люблю падарожжы, але ў сілу розных прычын — ляноты, занятасці на рабоце, моцнай прывязанасці да дома — раблю гэта не часта. Таму посткросінг — гэта мой спосаб убачыць свет, не выходзячы з кватэры.

...Заўважыла, што суразмоўнік пачаў загадкава ўсміхацца. Пытаюся, у чым справа.

— Быў выпадак, калі перад днём нараджэння паўгода забараняў сабе адчыняць паштовую скрыню, каб быў сюрпрыз. Калі час надышоў, разам з безліччу паштовак — а іх было больш за 60 — атрымаў шмат станоўчых пачуццяў. А яшчэ я адпраўляў сабе паштоўку нават з арміі!

— А ці затратна мець такое захапленне?

— Акрамя выдаткаў за перасылку і за саму паштоўку больш нічога не трэба. Пажадана ведаць англійскую мову, бо сайт англамоўны (хоць часам прыходзяць паштоўкі, падпісаныя па-кітайску). Ведаеце, некаторыя выкідваюць тыя паштоўкі, якія ім прыходзяць, маўляў, не вельмі прыгожыя. Але я стаўлюся да тых, хто мне іх адправіў, з вялікай удзячнасцю, таму ўсе захоўваю: асноўныя калекцыі ў альбомах, астатнія — у спецыяльных скрынках.

— У якую краіну адпраўляеце карткі часцей за ўсё, а ў якую яшчэ не даводзілася?

— Асабістую старонку на сайце посткросінгу я вяду з 2011 года. Калі абапірацца на статыстыку, то на сённяшні дзень маю ў актыве 45 краін, у якія пайшлі мае пасылкі, і 45 краін — адкуль яны прыйшлі. Самыя папулярныя — ЗША і Германія, адтуль, дарэчы, амаль ніколі не бывае праблем з дастаўкай. Самая рэдкая ў маім спісе пазіцыя — маленькая астраўная дзяржава ў Ціхім акіяне — Палау. З паштоўкай адтуль звязана цікавая гісторыя. Хтосьці падарожнічаў і апавясціў удзельнікаў посткросінгу, што можа адправіць адтуль абмежаваную колькасць паштовак. Зразумела, попыт быў вялікі. Адна з іх дасталася мне — я быў вельмі рады!

— Бачу, у вас таксама сабралася немаленькая калекцыя сцягоў...

— Не магу растлумачыць прычыну сваёй любові да іх. Разумею, што для многіх гэта нетыповае хобі. Пачалося яно са школы, дзе любімым прадметам была геаграфія. Ва ўніверсітэце, дзе вучыўся па спецыяльнасці «міжнароднае права», паглыбіўся ў тэму яшчэ больш. Цяпер я ведаю сцягі большасці краін. У маёй калекцыі іх пакуль 20, але хацелася б сабраць усе. Гэта цяжка, улічваючы тое, што ў некаторыя краіны дастаткова цяжка трапіць, але марыць не забараняецца (усміхаецца). Акрамя таго, сцягі прывабліваюць мяне эстэтычна.

— Дзе вы захоўваеце іх? Мабыць, вісяць па ўсёй кватэры?

— Не люблю, калі яны знаходзяцца на бачным месцы. А калі дрэнны настрой, дастаю іх, раскладваю, разглядаю, гэта дапамагае. Сцягі псуюцца з-за мыцця і сонечнага святла. А я вельмі трапятліва стаўлюся да кожнага экзэмпляра, таму нават калі б хтосьці папрасіў у мяне адзін у якасці падарунка — адмовіў бы. Гэта не значыць, што я не дазваляю сваім сябрам дакранацца да іх, наадварот, з вялікім задавальненнем дэманструю ўсім, хто зацікавіўся.

— У вас больш падораных экзэмпляраў або набытых самастойна?

— Свой першы сцяг я купіў у Італіі. З таго часу, калі прыязджаю ў незнаёмую краіну, першая задача — адшукаць менавіта гэтую рэч. Аднак, як ужо казаў, я не так часта падарожнічаю, таму ў большасці выпадкаў мне іх прывозяць знаёмыя і сябры ў якасці падарунка. Зразумела, заўсёды хочацца атрымаць максімальна дапушчальны памер сцяга, але гэта бывае затратна або фізічна немагчыма. Іншым часам здаецца, што мы сустракаемся з сябрамі толькі для таго, каб я змог забраць чарговы экзэмпляр, таму бывае няёмка. Па натуры я перфекцыяніст, таму люблю, каб усё было «як трэба». У сцяга кожнай краіны свае прапорцыі. Напрыклад, у Швейцарыі і Ватыкана палотнішча квадратнае, таму важна, каб гэта не было праігнаравана. А ў астатнім правілаў няма, магу нават дубліраваць сцягі, калі яны адрозніваюцца памерам або матэрыялам.

— Сцяг якой краіны падабаецца вам больш за ўсё?

— Паўночнай Македоніі — чырвоны і жоўты колеры здаюцца мне прыгожымі. Прамяністае сонца на палатне адразу ўзнімае настрой — узнікае пачуццё, што ў гэтай краіне ніколі не бывае дрэннага надвор'я. Сцяг Албаніі таксама лічу вельмі эстэтычным.

— Ці ёсць у вас іншыя захапленні, акрамя калекцыянавання?

— Усё, што звязана з творчасцю, даспадобы. На жаль, у мяне не так шмат часу на тое, каб займацца чымсьці напоўніцу. Але ўсё ж такі малюю, і нават размалёўваю — усё, як у дзяцінстве, толькі размалёўкі іншыя, больш складаныя. Мой любімы ілюстратар — Кербі Разанэс.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Анастасіі ГАНЦАЎСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

Раім вам у наступным годзе адправіцца туды самім.

Культура

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Імя мастачкі гучыць усе пяць гадоў правядзення «Асенніх салонаў».

Спорт

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Як варатар зборнай Беларусі па пляжным футболе сумяшчае гульню з роляй настаўніка і бацькі.  

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.