Вы тут

Якія парушэнні дапускаюць уладальнікі лодак?


Восень — час, калі на рэках і азёрах краіны пакрысе сціхае актыўнасць. Лодкі, катары і іншыя плавальныя сродкі адпраўляюцца на захоўванне да вясны. Таму можна ўжо цяпер падводзіць вынікі іх сезоннай эксплуатацыі. А заадно — і адказаць на пытанні тых, хто плануе набыць сабе штосьці для падарожжа па рэках і азёрах на наступны год. Пра ўсё гэта «Звяздзе» расказаў начальнік Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Міхаіл Чашун.


Фота носіць ілюстрацыйны характар

«Не барты, а адны дзіркі»

— У краіне цяпер налічваецца больш за 350 тысяч суднаў, якія нам паднаглядныя. Больш за 150 тысяч з іх — тыя, якія падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі і тэхагляду.

Тут трэба звярнуцца да лічбаў. Маламернае судна ў нашай краіне лічыцца такім, зыходзячы з таго, што яго даўжыня не перавышае 20 метраў і яно можа ўзяць адначасова на борт не больш за 12 чалавек. Амаль усе такія транспартныя сродкі неабходна рэгістраваць. Адзінае выключэнне — калі лодка на вёслах і мае грузападымальнасць да 225 кілаграмаў. Якіх-небудзь пытанняў з рэгістрацыяй лодак, выпушчаных у замежжы, няма. Галоўнае — каб яе гаспадар меў поўны пакет дакументаў. Таму што нават пры куплі-продажы лодкі тэхагляд пачынаецца зноў.

Праходзіць праз гэтую працэдуру маламерныя судны павінны па-рознаму. Калі гаворка ідзе пра звычайную вёславую лодку, то першыя 10 гадоў пасля набыцця прывозіць да інспектараў яе трэба раз на пяць гадоў. Для прылад з маторам устаноўлены больш жорсткі тэрмін — раз на тры гады. Лодка, якая размяняла дзесяць гадоў, мусіць абследавацца штогод. Усё астатняе — парусныя лодкі, гідрацыклы, катары — трэба правяраць раз на два гады. Рубеж у 10 гадоў вызначальны і тут — пасля гэтага кантроль становіцца штогадовым.

— Пры правільным захоўванні і эксплуатацыі 10 гадоў для судна — не ўзрост, — сцвярджае суразмоўнік. — Дагэтуль у нашых людзей ёсць плывучыя транспартныя сродкі, якія былі выпушчаны яшчэ ў СССР. У нас ёсць ва ўласнасці судна «Амур-2М», якое знаходзіцца ў страі наогул з 1972 года. Маторная лодка з рухавіком магутнасцю ў 90 конскіх сіл яшчэ цалкам прыдатная да эксплуатацыі. Але мы не раз сутыкаліся з дзіўнымі выпадкамі. Купіў чалавек, скажам, маторную лодку. Ён яе ў нас зарэгістраваў, праз тры гады прывёз на тэхнічны агляд, а мы дазвол даць не можам. Напрыклад, увосень гаспадар не прасушыў лодку, а адразу яе згарнуў. Было нават, што да нас хтосьці прыйшоў з лодкай, дзе барты добра пагрызлі пацукі. Як казаў паштальён Печкін, «адны дзіркі»...

«Самае галоўнае парушэнне — адсутнасць выратавальных камізэлек»

Сёлета з маламернымі суднамі адбылося 12 аварыйных выпадкаў. Кажучы інакш — яны перакуліліся ў вадзе разам з кіроўцам і пасажырамі пры іх наяўнасці. Загінула ж сем чалавек.

— Чамусьці не ўсе людзі ўсведамляюць, што толькі зашпіленая выратавальная камізэлька можа гарантаваць бяспеку. За час існавання Дзяржаўнай інспекцыі не было ніводнага выпадку, калі б хоць аднаго патанулага дасталі ў такой камізэльцы, — кажа Міхаіл Чашун. — Цяпер штраф за яе адсутнасць складае да трох базавых велічынь. Можа, трэба ўзмацняць адказнасць... А самае страшнае — калі нашы інспектары спыняюць судна, а там нават дзеці без выратавальных камізэлек. Была ж шэсць гадоў таму трагедыя на возеры Белым у Жыткавіцкім раёне, калі патанула адразу пяць чалавек, сярод якіх трое дзяцей.

Але менш рэзанансныя выпадкі помняцца ўжо не так. Напрыклад, у 2016 годзе дачнік папрасіў у суседа пакатацца на звычайнай драўлянай вёславай лодцы. Па двары бегалі дзеці ўладальніка плавальнага сродку. Дачнік прапанаваў пакатаць і іх. І вось лодка адышла метраў на 20 ад берага — і з-за ветрыку ў сямігадовага хлопчыка злятае бейсболка. Усе, хто знаходзіўся ў лодцы, сабраліся на адным борце, каб яе дастаць. Лодка, натуральна, перавярнуліся, і ўсе вокамгненна апынуліся ў вадзе. Хлопчык паспявае схапіцца за лодку. Дзяўчынка ж пачала тануць. Мужчына яе злавіў, але да берага даплыць не здолелі. Так іх пасля ратавальнікі і дасталі разам...

Аказаўшыся за бортам судна, трэба быць фізічна падрыхтаваным, каб залезці назад без выратавальнай камізэлькі, — гаворыць Міхаіл Чашун. — Нават трэба ведаць, як правільна ўзлазіць у лодку з вады. Рабіць гэта з борта — грубае парушэнне, таму што судна перакуліцца паўторна. Асабліва калі чалавек знаходзіцца ў нецвярозым стане. Быў у нас выпадак, калі дзяўчына з малым каталася на гідрацыкле. Нейкі мужчына сядзеў у аднамеснай лодачцы пасярод ракі. І вось плыве гідрацыкл, а мужчына ўстаў і замахнуўся бутэлькай гарэлкі проста на кіроўцу гідрацыкла. Тая неспадзявана зрабіла рэзкі паварот. Пайшла хваля, затым удар. Так пасля вадалазы і дасталі таго мужчыну — з бутэлькай у руцэ... І зусім парадаксальная гісторыя здарылася неяк на Сожы. З аднаго берага на другі кіроўца маторнай лодкі перавозіў кампанію, якая адпачывала на беразе. Сам ён быў цвярозы. Па дарозе ўзнікла паніка. Судна перакулілася і кіроўца загінуў, паколькі ён быў без камізэлькі. Самае цікавае, што п'яныя пасажыры ўсе ўратаваліся, хоць на іх таксама ніякай страхоўкі не было. Яны проста паспелі ўчапіцца за лодку і не адпускалі яе, пакуль не падаспела дапамога.

Пераабсталяванне на свой страх і рызыку

Хто не хоча пракаціцца на маторнай лодцы па акваторыі, як той казаў, «з ветрыкам»? Праўда, на маторную лодку вялікай магутнасці патрабаванні падчас тэхагляду большыя, ды і каштуе яна значна болей за сваю больш слабую разнавіднасць. Хітрыя «вынаходнікі» пачынаюць мухляваць. Яны вымаюць стары рухавік і цішком мяняюць яго на новы. Усё б нічога, але корпус лодкі пры паскарэнні на такія нагрузкі не разлічаны. І ён ламаецца на часткі. Кіроўца і пасажыры аказваюцца ў вадзе, ну а далей усё залежыць ад таго, ці ёсць на іх тыя самыя выратавальныя камізэлькі. За такую самадзейнасць інспектары накладуць штраф да дзевяці базавых. Не кажучы ўжо пра тое, што давядзецца патраціцца на новую лодку.

— Яшчэ ўладальнікі маламерных суднаў любяць іх цюнінгаваць. У гэтым нічога дрэннага няма, пакуль не пачынаецца самавольная змена канструкцыі судна. Напрыклад, нейкі бачок пусты. Ён выконвае функцыю астойлівасці судна. Гаспадар жа думае, што гэты бачок проста так займае месца. Адбываецца дадатковая нагрузка на борт. А ў выніку судна пераварочваецца і хутка тоне. Некалькі гадоў таму мы сутыкнуліся з гэтым на Заслаўскім вадасховішчы.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.