Вы тут

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце


На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.


Яўген Карнеявец (29 гадоў):

— Я пайшоў у дэкрэт не з першых дзён нараджэння дзіцяці — мы з жонкай памяняліся ролямі дзесьці на сярэдзіне. Я ўдзельнічаў у выхаванні дачкі з самага першага дня, прывык да гэтага і падумаў: чаму б і не? Тым больш што мне ў гэты час прапанавалі працаваць дыстанцыйна па дагаворы падраду, вось я і вырашыў: у грошах я нічога не страчу, можна паспрабаваць.

Скажу адразу: гэта зусім не так, як пабыць з дзіцем адзін-два дні выхадных, а значна складаней. Гэта цяжка нават чыста псіхалагічна, бо свой дзень зусім немагчыма распланаваць: дзіця зараз хоча гуляць, а праз хвіліну ўсё можа змяніцца... Ты цэлы дзень на нагах і вельмі стамляешся пад вечар.

Была і такая складанасць: ні аддзел кадраў на маёй рабоце, ні бухгалтэрыя, ні нават мясцовы ФСАН не ведалі дакладна, як аформіць мой дэкрэтны водпуск, таму што сутыкнуліся з такой сітуацыяй упершыню. Яшчэ аказалася, што жанчынам, якія працуюць па дагаворы падраду падчас дэкрэтнага водпуску, плацяць 50 % дэкрэтных грошай у тыя дні, калі яны працуюць па гэтым дагаворы. Але мне за гэтыя дні не плацілі нічога. Праўда, потым аказалася, што пункт, які рэгламентуе гэта, можна трактаваць дваяка. Але давялося за гэта пазмагацца.

Хачу перасцерагчы: думаю, у кожнага бацькі, які абраў дэкрэтны адпачынак, аднойчы можа надысці момант, калі ён адчувае, што не спраўляецца. Гэта можа адбыцца, калі дзіця ў істэрыцы амаль цэлы дзень або захварэла — і тады ў мужчыны могуць здаць нервы. У кожнага гэта будзе, у кожнага гэта было... Тут трэба неяк спыніць сябе, сабрацца з думкамі, ну хоць выйсці падыхаць на балкон... Таму любому бацьку не перашкодзіць моцнае самавалоданне — часам патрэбныя сапраўды жалезныя нервы, каб справіцца з такімі сітуацыямі.

Некаторыя кажуць, што жыццё ў дэкрэце нагадвае дзень сурка — адно і тое ж кожны дзень, каша ў адзін і той жа час... Але на самай справе дні ляцяць вельмі хутка. Дзіця расце, мяняецца, і кожны дзень яно іншае. А самае галоўнае — ты на свае вочы бачыш, як яно развіваецца! Сапраўды, часта пад канец дня стомленасць і стрэс такія, што ты проста падаеш без сіл. Але калі дачка падыходзіць і абдымае цябе — гэта такая радасць, што ты проста імгненна ўсё забываеш і стомленасць праходзіць.

Руслан Пісарэнка (37 гадоў):

— Спачатку было складана. Ёсць такое меркаванне, што калі ты сядзіш дома, то як быццам нічога не робіш. Дык вось — вельмі шмат чаго робіш! У мяне трое дзяцей. І я прачынаюся тады, калі прачынаецца малодшае дзіця, — гэта можа быць і ў шэсць раніцы, таму што яму жывоцік баліць, скажам. А скончыцца дзень можа ў дзве гадзіны ночы, пасля таго як ты скончыў уборку. Дзень пралятае ў імгненне вока, і часам нават прысесці немагчыма. Здаецца, нічога не робіш, але калі вечарам пачынаеш усё ўспамінаць, то высвятляецца, што на самай справе перароблена куча спраў: мы схадзілі ў паліклініку, паправілі ровар, зрабілі машынку, пагулялі на вуліцы... Аказваецца, нядрэнна папрацавалі!

Я цяпер у поўнай меры разумею жанчыну, якая корміць грудзьмі і прачынаецца па патрабаванні дзіцяці, якое захацела есці, а потым тут жа засынае. Я сам праз паўгода мог прачнуцца, закалыхаць дзіця, потым імгненна заснуць, прачнуцца зноў праз паўтары-дзве гадзіны, каб зноў яго закалыхаць або памяняць падгузнік, і зноў заснуць... Неяк жонка запісала аўдыё таго, як я калыхаю дзіця і спяваю яму песеньку. Гэта была самая сапраўдная палынь свядомасці! Я гэтага нічога не памятаў і дужа здзівіўся, што я мог такое спяваць. Але цяпер майму малодшаму ўжо амаль два гады, і я ўжо сплю як усе нармальныя людзі.

Я медыцынскі псіхолаг па адукацыі і хачу даць параду. У таты ў дэкрэце ў складанай сітуацыі, калі яго дзіця хварэе альбо крычыць у істэрыцы, у галаве павінна быць адна думка: ты — дарослы чалавек. І гэта ты павінен спраўляцца з дадзенай сітуацыяй, а не тваё дзіця. Ты павінен заўсёды разумець, што перад табой маленькі чалавечак. Ён не мае таго вопыту, які ўжо ёсць у цябе. Дзеці шмат чаго не ведаюць. Яны нават не ведаюць, што такое злосць, лютасць, крыўда, калі вы ім гэтага не патлумачылі. Дзіця не можа словамі вам расказаць: слухай, тата, я на цябе пакрыўджаны, ты мяне разбудзіў а шостай раніцы і некуды вядзеш, у дзіцячы сад ці яшчэ кудысьці, ты чагосьці ад мяне хочаш, а я не хачу, я хачу спаць... Яно не можа, як дарослы, табе ўсё гэта сказаць і кажа як можа — сваімі капрызамі, істэрыкай... Таму дзіця трэба вучыць гаварыць пра тое, што яно адчувае. Напрыклад: «табе крыўдна, што на цябе насварылася бабуля», альбо — «гэта лімон, таму ў цябе кісла ў роце»...

Кірыл Будкевіч, заснавальнік сацыяльна-асветніцкай установы «Сямейны цэнтр «Тата можа», шчаслівы бацька траіх дзяцей (38 гадоў):

Пасля нараджэння сына мая афіцыйная работа і бізнес, якім я займаўся, адышлі на другі план. Я стаў вывучаць спецыяльную літаратуру на дзіцячую тэматыку, паступіў у інстытут на педагога-псіхолага, у маім асяроддзі з'явіліся мамы і таты...

Я стараюся даваць сваім дзецям мінімум абмежаванняў. Перш чым забараніць дзіцяці што-небудзь, я заўсёды імкнуся зразумець, чым былі выкліканы яго паводзіны ці просьба.

Напрыклад, сын Алешка па раніцах прачынаўся раней за ўсіх, спаўзаў з ложка і цягнуў мяне соннага за руку ў вялікі пакой. Я не тлумачыў яму, што мне не хочацца ісці, бо разумеў, што яму там аднаму сумна, таму я проста ўставаў і ішоў за ім. Гэтая гатоўнасць ісці насустрач дапамагае наладзіць псіхалагічны кантакт і давер паміж намі. Жаданні дзіцяці могуць змяняцца вельмі хутка, і гэта нармальна, проста пра гэта трэба ўвесь час памятаць і не злавацца на малога. У адну секунду яно можа перадумаць або захацець чагосьці яшчэ. Я стараюся даць дзіцяці максімальную свабоду. Напрыклад, у нас у кватэры можна маляваць на шпалерах, гуляць у футбол, пакінуць недаедзенай страву ў абед...

У нашым сямейным цэнтры мы прапагандуем думку, што тата можа актыўна ўдзельнічаць у жыцці сям'і. Напрыклад, мы праводзім спецыяльныя майстар-класы. А для тых татаў, хто абраў дэкрэтны адпачынак і адчуў, што не спраўляецца, у нас маецца група «Тата можа».

Хачу сказаць: гэта выдатна — бачыць, як тваё дзіця расце, развіваецца. Ты пачынаеш нават ганарыцца сабой у такія моманты. Лічу: гэта вопыт, які павінен быць у кожнага мужчыны. Любы мужчына павінен паспрабаваць хоць месяцы два-тры пабыць са сваім дзіцем сам-насам.


Гавораць спецыялісты...

На сямейным фестывалі «ТатаPro» спецыялісты са сферы мацярынства і дзяцінства расказалі пра мужчынскае здароўе, партнёрскія роды і тое, якія правы ёсць у татаў.

Галоўны пазаштатны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Святлана НАГІБОВІЧ:

— Займаючыся аналізам прычын бясплоднасці сямейных пар, мы гадоў пяць таму (а ў свеце наогул яшчэ раней) прыйшлі да высновы, што цяпер асноўнай прычынай гэтага з'яўляецца мужчына. Таму ў нашай краіне цяпер адкрываюцца цэнтры планавання сям'і, у якіх мяркуецца абавязковае адкрыццё кабінетаў мужчынскага здароўя, дзе працуюць уролагі або андролагі. І мы спадзяёмся, што нашы мужчыны пойдуць туды.

Намеснік галоўнага ўрача па акушэрска-гінекалагічнай дапамозе 5-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Марына ШКРОБ:

— Сёлета ў нас ужо прынята больш за тры тысячы родаў, пры гэтым каля 20 % з іх — партнёрскія, то-бок з удзелам таты. Гэта кожныя 5-я роды! І з кожным годам іх колькасць робіцца ўсё большай.

Ці патрэбна спецыяльная падрыхтоўка, каб удзельнічаць у партнёрскіх родах? Безумоўна, так. Справа ў тым, што партнёр у родах — гэта не глядач і не слухач, а памочнік. Таму ён павінен уяўляць, што адбываецца з жанчынай, калі яна нараджае, і як можна палегчыць яе стан. Цяпер курсы падрыхтоўкі да родаў існуюць практычна пры ўсіх сталічных радзільных дамах, ёсць і шэраг камерцыйных курсаў.

Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына Дудка:

— Для шматдзетных сем'яў у нас існуе развітая сістэма падтрымкі, і мы ўсё больш пачынаем падтрымліваць не толькі мам, але і татаў. Яны цяпер цалкам зраўняныя ў правах з мамамі. Сціраецца стэрэатып, што тата ў сям'і — здабытчык, а мама — захавальніца сямейнага ачага. Сёння мы кажам пра роўныя правы і роўны ўдзел абодвух бацькоў у выхаванні дзяцей.

Штогод у трэція выхадныя чэрвеня ўжо традыцыйна ў Мінску адзначаецца дзень бацькі. Таксама на сённяшні дзень нашым заканадаўствам прадугледжана права бацькі пайсці ў дэкрэтны водпуск.

На ўзроўні заканадаўства ўжо ўнесены змены ў Працоўны кодэкс, і з 28 студзеня 2020 года ўступіць у сілу такая новая льгота для татаў, як прадстаўленне сацыяльнага водпуску для таты працягласцю не менш за 14 дзён на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння дзіцяці. Гэты водпуск неаплатны, але мы сумесна з прафсаюзамі рэкамендуем, каб у калектыўныя дамовы на прадпрыемствах уносіўся пункт аб аплаце гэтых 14 дзён, а таксама каб такі водпуск быў большы за прадугледжаныя абавязковыя два тыдні. Акрамя таго, сёння ў нас ужо ёсць арганізацыі, хай і адзінкавыя, дзе проста пры вытворчасці ці офісе адкрываюцца дзіцячыя сады і яслі...


14 верасня ў сталіцы прайшоў сямейны фестываль «ТатаPro» — мерапрыемства ў новым для нашай краіны фармаце open-класаў: адкрытыя зносіны і майстар-класы і лекцыі ад экспертаў. На ім сабраліся найлепшыя спецыялісты сферы мацярынства і дзяцінства, брэнд-эксперты, каб у простых пытаннях і адказах растлумачыць усё тое, пра што хочуць ведаць сучасныя бацькі. Вёў імпрэзу вядомы малады тата і спявак Тэа, а на пляцоўках знаходзіліся дзясяткі памочнікаў: малых дапамагалі глядзець прафесійныя псіхолагі, таксама любы ахвотны мог згуляць партыю вялікімі роставымі фігурамі з юнымі шахматыстамі Беларускай федэрацыі шахмат.

Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Святлана БУСЬКО

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Тата — можа!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».